15 лiстапада 2024, Пятніца, 10:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прэм’ер-міністр Літвы, нарэшце, пабачыў пагрозу беларуска-расейскіх вучэнняў

9

Пра гэтую пагрозу літоўскія палітыкі загаварылі пасля рашэння ЗША не разгортваць аб’екты СРА ў Еўропе.

Прэм’ер-міністр Літвы Андрус Кубілюс хоча заручыцца гарантыямі таго, што ЗША выканае свае абяцанні па абароне і забеспячэнні бяспекі Літвы. Андрус Кубілюс сказаў, што Літва інтэрпрэтавала аб’екты СРА ва Усходняй Еўропе, як знак гатоўнасці ЗША абараняць Еўропу, перадае DELFI.

«Адміністрацыя ЗША павінна ведаць, што жыхары Цэнтральнай Еўропы хочуць простых рэчаў – яны проста хочуць ведаць, што яны не адны», – сказаў у чацвер увечары ў інтэрв'ю Bloomberg Кубілюс.

«Тое, што Абама прыняў такое рашэнне, калі менш чым за 50 км ад літоўскай сталіцы праходзяць расейскія ваенныя вучэнні, можа прывесці да таго, што людзі будуць лічыць, што Літва горш абароненая», - заявіў палітык.

А.Кубілюс прызнаў, што загадзя яго пра змены ў палітыцы абароны ЗША не папярэдзілі.

Варта адзначыць, што прэм’ер-міністр Літвы чамусьці не бачыў пагрозы беларуска-расейскіх вучэнняў некалькі дзён таму, калі сустракаўся з дыктатарам Лукашэнкам.

Ушацкас: гэта не самая добрая навіна

Міністр замежных спраў Літвы Вігаўдас Ушацкас у пятніцу, 18 верасня, назваў рашэнне Барака Абамы адмовіцца ад разгортвання аб'ектаў СРА у Польшчы і Чэхіі «не самай добрай навіной».

Міністр сказаў, што больш дэтальна гэту інфармацыю каментаваць не хацеў бы, паколькі яшчэ не атрыманыя больш падрабязныя тлумачэнні з Вашынгтона.

«Трэба дачакацца тлумачэнняў з ЗША, як змяненне планаў адпавядае абавязацельствам і абароне саюзнікаў ад балістычных ракет», – сказаў В.Ушацкас.

Міністр сказаў, што мае намер размаўляць пра гэта на наступным тыдні з Хілары Клінтан і іншымі высокімі чынамі.

Юкнявічэне: Такое рашэнне засмуціла

Міністр абароны Раса Юкнявічэне, каментуючы BNS рашэнне ЗША, сказала, што яе такі паварот падзей засмуціў.

«Мы падтрымлівалі гэты праект, паколькі гэта падвысіла б і нашую бяспеку. Гэты рэгіён не можа быць вылучаны з ліку іншых рэгіёнаў НАТА, і яго абарона – такое ж важнае пытанне, як і абарона іншых рэгіёнаў. Прынамсі знешне, колькі мы назіралі, было бачна, што Расея працівіцца гэтаму праекту. Натуральна, што многія людзі прыйдуць да высновы, што гэта звязана з Расеяй», – сказала кіраўнік МА.

Ажубаліс: Гэта паказвае, што стаўленне ЗША да рэгіёна не змянілася

Адмаўленне ЗША ад разгортвання аб’ектаў СРА у Польшчы і Чэхіі раскрывае стаўленне новай адміністрацыі ЗША да гэтага еўрапейскага рэгіёна, лічыць старшыня парламенцкага Камітэта замежных спраў Аўдронюс Ажубаліс.

«Непераканаўча гучыць тлумачэнне, што ад СРА адмаўляюцца з-за таго, што рыхтуюць новую сістэму абароны. Бо яна будзе створаная прыкладна ў 2018 годзе. Мне здаецца, што такія дзеянні проста паказваюць стаўленне новай адміністрацыі ЗША да гэтага еўрапейскага рэгіёна», – сказаў BNS А.Ажубаліс.

Ён не сумняецца, што на прыняцце такога рашэння паўплывала Расея.

«Зараз Расеі далі магчымасць па-ранейшаму ўплываць на гэты рэгіён. Колькі Расея будзе гэтым займацца, і колькі мы будзем гэтаму аказваць супраціў – гэта ўжо іншае пытанне. Вядома, мы ўваходзім у НАТА, і ўжо гэта гарантуе нашу бяспеку, аднак асноўная апора НАТА – гэта ЗША», – разважаў чалец парламента.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках