14 лiстапада 2024, Чацвер, 5:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Незалежнага журналіста зноў папярэдзілі за супрацоўніцтва з «Белсатам»

7

Алег Ражкоў атрымаў другое папярэджанне ад абласной пракуратуры за «дзейнасць на карысць тэлеканала «Белсат».

БелаПАН нагадвае, што з такой жа фармулёўкай журналіст атрымаў першае папярэджанне яшчэ ў лютым 2009 года.

У пракуратуры Алегу Ражкову паведамілі аб недапушчальнасці працы на замежнае СМІ без акрэдытацыі ў МЗС. Як паведаміў журналіст, 22 верасня ён быў выкліканы позвай у пракуратуру Гомельскай вобласці. Супрацоўніца пракуратуры Алеся Рабцава паведаміла журналісту, што на яго паступіла скарга ад галоўнага ўрача абласнога клінічнага псіхіятрычнага шпіталя. Па словах Рабцавай, у заяве галоўурач пазначыў, што Ражкоў і яго калега Таццяна Бублікава прыходзілі ў шпіталь і, назваўшыся супрацоўнікамі тэлеканала «Белсат», бралі ў яго каментар з нагоды звальнення з працы аднаго з урачоў-псіхіятраў. Па словах медыка, на вопратцы журналістаў былі бэйджы з іх прозвішчамі і назвам польскага спадарожнікавага тэлеканала.

Гэтае інтэрв'ю галоўурач убачыў у эфіры тэлеканала «Белсат», а затым даведаўся, што гэты тэлеканал з'яўляецца «апазіцыйным». Кіраўнік медустановы палічыў, што яго правы парушаныя, і на гэтай падставе звярнуўся ў пракуратуру.

«Цікава, чаму, калі, па версіі галоўурача, мы назваліся журналістамі «Белсата», ён потым вырашыў, што яго правы неяк парушаныя? Тым больш, мы не называліся ніякім тэлеканалам, а казалі, што мы чальцы БАЖ і здымаем сюжэт для аднаго з сайтаў», — адзначыў Ражкоў.

Па словах журналіста, папярэджанне яму вынеслі вуснае, але ён не выключае, што потым атрымае па пошце пісьмовае папярэджанне. Супрацоўніца пракуратуры папярэдзіла яго, што ў выпадку трэцяга папярэджання ў дачыненні да журналіста можа быць распачаты адміністрацыйны працэс. Ражкоў падкрэсліў, што ён не звязаны працоўнымі адносінамі з тэлеканалам «Белсат», таму называць яго супрацоўнікам тэлебачання юрыдычна непісьменна.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках