15 лiстапада 2024, Пятніца, 4:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускі суд разарыў найбуйнейшага імпарцёра ўкраінскага піва

29

У Менску адбылося судовае паседжанне, падчас якога разглядалася справа ў дачыненні да кампаніі «Араміс і К».

Кампанія-імпарцёр у судзе хацела аспрэчыць рашэнне фінансавай міліцыі, якая заблакавала рахункі «Араміс і К» і прад’явіла прадпрыемству санкцыі ў памеры 5 млрд рублёў. Але суд, як паведамляе «БДГ», стаў на бок фінансавай міліцыі і абавязаў імпарцёра выплаціць санкцыі ў памеры 5 млрд рублёў. Найбуйнейшы імпарцёр украінскага піва ў Беларусі апынуўся на мяжы банкрутства.

Трэнд апошніх гадоў на піўным рынку Беларусі зводзіўся да таго, што пастаўкі імпартнага піва штогод істотна павялічваліся. У 2006-м годзе ў рэспубліку было ўвезена больш за 6 млн дал імпартнага піва, у 2007-м – амаль 10 млн дал, у 2008-м – больш за 12 млн дал. Больш за 99% імпартнага піва паступае ў Беларусь з Расеі і Украіны.

Аб’ём паставак украінскага піва ў Беларусь апошнім часам значна вырас. У 2008 годзе з Украіны было ўвезена 4,2 млн дал піва, што ў 2,4 разы больш за 2007-ы год. У 2009 годзе, нягледзячы на дэвальвацыю беларускага рубля, якая значна адбілася на імпарце, пастаўкі ўкраінскага піва ў Беларусь працягвалі павялічвацца.

Найбуйнейшым імпарцёрам украінскага піва ў Беларусі да апошняга часу была кампанія «Араміс і К». Палітыка гэтай кампаніі ў шмат чым вызначала становішча ўкраінскага піва ў Беларусі. Рэч у тым, што «Араміс і К» імпартавала каля 90% усяго аб’ёму ўкраінскага піва ў рэспубліку, і таму ад яе наўпрост залежылі пазіцыі ўкраінскіх вытворцаў на беларускім піўным рынку.

Судзячы па тым, што праз «Араміс і К» аддавалі перавагу пастаўляць піва ў Беларусь найбуйнейшыя піваварныя кампаніі Украіны, беларускаму імпарцёру атрымоўвалася добра спраўляцца са сваімі абавязкамі. «Абалонь» і «Славуціч», якія ва Украіне з'яўляюцца канкурэнтамі, не бянтэжыліся таго, што ў Беларусі іх інтэрасы прадстаўляе адна і тая ж кампанія. «Абалонь» і «Славуціч» былі здаволеныя супрацоўніцтвам з «Араміс і К», бо іх доля на беларускім рынку працягвала расці.

Увесну 2009 года «Араміс і К» сутыкнулася з непрыемнасцямі. Органы стандартызацыі заявілі, што кампанія-імпарцёр не мае права прадаваць на тэрыторыі Беларусі піва «Абалонь светлае» у тары, якая дапоўненая фантазійнай назвай «Вогнетушыцель». Нягледзячы на тое, што піва «Абалонь светлае» было ў Беларусі сертыфікавана, органы сертыфікацыі сталі настойваць на асобнай сертыфікацыі ўкраінскага піва ў тары з фантазійнай назвай «Вогнетушыцель».

Улетку гэтага года рознічныя сеткі Беларусі даведаліся пра тое, што ў кампаніі «Араміс і К» праводзяцца праверкі. Вынікам праверак стала рашэнне беларускай фінансавай міліцыі заблакаваць рахункі «Араміс і К», а таксама прад'явіць санкцыі кампаніі ў памеры 5 млрд рублёў. Санкцыі былі налічаныя за два гады рэалізацыі ў Беларусі піва «Абалонь светлае» з фантазійнай назвай «Вогнетушыцель».

Кампанія «Араміс і К» лічыць, што беларускі закон не парушала, бо прадавала ў тары з фантазійнай назвай «Вогнетушыцель» сертыфікаванае ў Беларусі піва «Абалонь светлае». Рашэнне фінансавай міліцыі кампанія-імпарцёр паспрабавала аспрэчыць у судзе.

25 верасня суд вынес вердыкт, паводле якога рашэнне фінансавай міліцыі аб спагнанні з «Араміс і К» 5 млрд рублёў застаецца ў сіле. Прадстаўнік «Араміс і К» паведаміў у панядзелак, што дадзены памер санкцый ставіць кампанію на мяжу банкруцтва. Пры гэтым ён адзначыў, што сітуацыя ўскладняецца немагчымасцю выплаціць супрацоўнікам кампаніі зарплату за жнівень.

«Дэпартамент фінансавых расследаванняў не дазволіў нам пералічыць з заблакаваных рахункаў зарплату супрацоўнікам кампаніі за жнівень. У нашай кампаніі працаўладкаваныя 250 чалавек. Сёння, на жаль, у іх ёсць усе шанцы застацца на вуліцы», - распавялі пра сітуацыю, якая склалася, ў адміністрацыі кампаніі «Араміс і К». Кампанія-імпарцёр мае намер працягваць адстойваць свае правы ў судзе.

«Мы маем намер падаць апеляцыю ў Вышэйшы гаспадарчы суд. Мы будзем працягваць змагацца, проста так мы здавацца не будзем», - рэзюмаваў прадстаўнік кампаніі «Араміс і К».

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках