15 лiстапада 2024, Пятніца, 23:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Берасцейскія чыноўнікі просяць адкласці «Дажынкі»

28

Падобна, што Кобрын не адолеў падрыхтоўкі «Дажынак». Гарадскія будынкі аказаліся ў горшым стане, чым спадзяваліся, а грошай на маштабныя рамонт і будаўніцтва не хапае.

Фэст-кірмаш «Дажынкі-2009», які раней быў запланаваны на другую дэкаду верасня, магчыма, будзе адкладзены. Будаўнікі не паспяваюць заліць лёд у новым хакейным палацы. Не скончаныя мантажныя працы ў аквапарку. Абодва аб'екты пачыналі ўзводзіць на беразе Мазаўца, і тады выкрыўся недагляд. На пляцоўцы аквапарка раней была лесапілка, пасля якой на 5 метраў углыб назапасілася пілавіння і глею. Стандартныя палі не падышлі. Давялося пераносіць будоўлю ў іншае месца. Немалыя сродкі літаральна былі закапаныя ў пілавінні, паведамляе «Еўрарадыё».

Згодна з кардынацыйным штабам фэсту, праблемы ёсць і на іншых аб'ектах. Першапачаткова задумалі рэканструкцыю Дома культуры. А калі кранулі старыя сцены, яны пахіснуліся. Давялося будаваць ДК фактычна наноў. Непасільнымі апынуліся і планы рамонту трох сотняў жылых дамоў. Спачатку іх сцены ўцяплялі шклаватай, тынкавалі і фарбавалі. Зараз бракуе сродкаў. Таму нават на цэнтральнай плошчы Леніна цагліны ў сценах толькі забельваюць. А больш за 10 камунальных дамоў у горадзе наогул стаяць без дахаў.

Адказваюць за будаўніцтва ў Кобрыне намеснік старшыні райвыканкама Павал Кірылюк і галоўны архітэктар Мікалай Уралец. Чыноўнікі не адмаўляюць, што з бюджэту былі выдаткаваныя паважныя сродкі - 330 млрд. рублёў, але іх не хапіла – матэрыялы падаражэлі як мінімум на 20%. Будаўнічую праграму давялося істотна скараціць.

Эканоміць даводзіцца і на культурнай праграме свята. Былі спробы запрасіць у Кобрын спевакоў з Расеі - Льва Лешчанку, Алега Газманава, Надзею Кадышаву. Але тыя запрасілі ганарар ад 25 000 еўра і вышэй. Таму весяліць герояў жніва будуць беларусы (якім на Бацькаўшчыне прынята плаціць менш) – хор імя Цітовіча, вакальная група «Чысты голас», ансамбль «Бяседа» і яшчэ каля 2 тыс. салістаў і танцораў.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках