28 снежня 2024, Субота, 20:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ландсбергіс: Генпракуратура Беларусі паводзіць сябе амаральна

6

Экс-кіраўнік Сейма Літвы абураны адмовай беларускіх уладаў аказваць дапамогу па справе 13 студзеня.

Па словах Вітаўтаса Ландсбергіса, цяпер дэпутата Еўрапарламента, Літва павінна спытаць у Аляксандра Лукашэнкі, ці прытрымліваецца ён такога ж меркавання, як і пракуроры, якія заявілі, што ацэньваюць дзеянні падазраваных, у тым ліку і генерала Уладзіміра Усхопчыка, па законах СССР, якія дзейнічалі тады, перадае ru.DELFI.lt.

Ландсбергіс звярнуў увагу на тое, што ў кастрычніку 1991 года ў Вільні ім і старшынём Вярхоўнага Савету Беларусі Станіславам Шушкевічам была падпісаная дэкларацыя аб прынцыпах добрасуседскіх стасункаў, у прэамбуле якой дзяржавы зацвердзілі, што прынцыпы стасункаў паміж імі вызначаюцца з улікам Акту аб Аднаўленні незалежнасці Літвы, падпісанага 11 сакавіка 1990 года.

Па словах Ландсбергіса, гэта паказвае, што Літва прызнаная дзяржавай, якая аднавіла сваю незалежнасць 11 сакавіка 1990 года, таму беларуская генпракуратура паводзіць сябе «некампетэнтна і несумленна», сцвярджаючы, што падзеі 1991 года ацэньвае як падзеі, якія адбыліся ў СССР.

«На падставе 11 сакавіка ідзе ўзаемнае прызнанне і ўсталяванне стасункаў. Літоўская Рэспубліка існуе з 1990 года, і Беларусь гэта прызнае. Пракуратура некампетэнтная ў палітычным і гістарычным плане», - сказаў Ландсбергіс.

«Беларуская генпракуратура кажа дрэнна, некампетэнтна і амаральна, калі сцвярджае, што забойства бяззбройных людзей - гэта імкненне аднавіць канстытуцыйны лад», - дадаў ён.

На мінулым тыдні Літоўская генпракуратура атрымала адказ з Генпракуратуры Беларусі, у якім сказана, што Літве не будзе аказаная дапамога па справе 13 студзеня. Паўторны зварот з просьбай выканаць адпаведныя працэсуальныя дзеянні ў дачыненні да падазраваных Уладзіміра Усхопчыка і Станіславы Юанене ў Беларусь быў высланы восенню 2009 года.

«Адмоўны адказ Беларусі не зменіць нашую юрыдычную ацэнку: тое, што было здзейсненае ў Літве ў студзені 1991 года супраць абаронцаў свабоды - гэта злачынства, крымінальная адказнасць за гэта будзе пагражаць не толькі ў Літве, але і ва ўсім ЕЗ», - цытуюцца ў паведамленні словы пракурора Альгімантаса Клюнкі.

Па словах Ландсбергіса, гэтае пытанне трэба «ўзняць да вышэйшага ўзроўню і спытаць у спадара Лукашэнкі, думае ці ён гэтак жа, як Генпракуратура», асабліва з улікам раней выказаных ім сцвярджэнняў пра тое, што не былі атрыманыя звароты з Літвы.

«Калі Лукашэнка скажа ад сябе ці пісьмова, тады ўсё стане зразумела, высветліцца ці ламае ён нашую дэкларацыю з Шушкевічам. Трэба папрасіць, каб ён не адхіляўся ад асновы, закладзенай у кастрычніку 1991 года», - сказаў Ландсбергіс.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках