15 лiстапада 2024, Пятніца, 0:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рада БНР: Гэта наш сцяг, і ён будзе дзяржаўным

19
Рада БНР: Гэта наш сцяг, і ён будзе дзяржаўным

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі запатрабавала неадкладнага вызвалення віцебскага актывіста Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі БНФ Сяргея Каваленкі.

Пра гэта гаворыцца ў заяве, распаўсюджанай Радай БНР. У заяве адзначаецца, што бел-чырвона-белы сцяг, як і герб «Пагоня», з’яўляецца нацыянальным сімвалам і непарыўна звязаны з гісторыяй Беларусі.

«Пад бел-чырвона-белым сцягам беларускія ваяры атрымлівалі слаўныя перамогі. Пад бел-чырвона-белым сцягам 25 сакавіка 1918 года была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка. Пад бел-чырвона-белым сцягам 25 жніўня 1991 году тысячы менчукоў на плошчы перад Домам ураду віталі аднаўленне незалежнасці Беларусі», -- гаворыцца ў заяве.

Рада БНР нагадвае, што «замена нацыянальнай сімволікі ў статусе дзяржаўнай на тую, якую сёння мае Рэспубліка Беларусь, адбылася на гэтак званым «рэферэндуме» 1995 года з ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі і кіраўніка яго адміністрацыі Леаніда Сініцына. На гэты «рэферэндум» выносіліся таксама пытанні аб пазбаўленні беларускай мовы статусу адзінай дзяржаўнай, аб праве прэзідэнта распускаць парламент і аб эканамічнай інтэграцыі з Расеяй».

Пытаньні так званага «рэферэндума» супярэчылі дзейнай на той момант Канстытуцыі і шэрагу законаў. Ён быў прызначаны гвалтоўна -- праз збіццё па загадзе Лукашэнкі 19 дэпутатаў апазіцыі БНФ у залі парламенту. Сам так званы «рэферэндум» праходзіў пры манаполіі рэжыму на СМІ і з масавымі фальсіфікацыямі. Усё гэта дае падставы лічыць яго нелегітымным.

«Вынікам гэтага «рэферэндуму» сталі здзек з нацыянальных сімвалаў, татальная русіфікацыя і выцясненне беларускай мовы з усіх сфер ужывання, усталяванне дыктатуры Лукашэнкі і эканамічная залежнасць краіны ад Масквы», -- адзначаецца ў заяве Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

«Для кожнага свядомага беларуса бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» застаюцца сімваламі беларускай дзяржаўнасці, -- адзначана ў заяве. -- Сведчанне гэтага – вывешванне нацыянальнага сцяга легендарным віцебскім Міронам, масавыя акцыі пад бел-чырвона-белым сцягам – нягледзячы на судовыя прысуды, арышты ды штрафы.

Рада БНР адзначае, што салідарнасць з мужнымі віцебскімі патрыётамі ў гэтыя дні павінна быць найпершай справай для праваабарончых арганізацый, а таксама для ўсіх тых палітычных партый і рухаў Беларусі, якія дэкларуюць адданасць нацыянальным каштоўнасцям. Мы ўпэўненыя, што бел-чырвона-белы сцяг і «Пагоня» будуць дзяржаўнымі сімваламі вольнай і дэмакратычнай Беларусі», --гаворыцца ў заяве Рады БНР.

Рада БНР выказала захапленне ўчынкам беларускіх патрыётаў, якія 7 студзеня ўзнялі на каляднай елцы ў Віцебску бел-чырвона-белы сцяг, і патрабуюць неадкладнага вызвалення арыштаванага за гэта актывіста КХП-БНФ Сяргея Каваленкі. Акрамя гэтага, Рада БНР лічыць сваім абавязкам звярнуць увагу кіраўнікоў дэмакратычных краін і міжнародных арганізацый на сітуацыю вакол Каваленкі і яго паплечнікаў.

7 студзеня на вяршыні 35-мятровай навагодняй елкі на плошчы Перамогі ў Віцебску з'явіўся бел-чырвона-белы сцяг. Ля елкі быў затрыманы 34-гадовы Сяргей Каваленка. Пастановай пракурора Віцебска 10 студзеня ён быў змешчаны ў СІЗА на два месяцы. У дачыненні да яго ўзбуджаная справа па артыкуле 339, частка 2 КК (хуліганства, здзейсненае паўторна, або групай асоб, альбо звязанае з супрацівам асобе, спыняючай хуліганскія дзеянні, альбо спалучаныя з прычыненнем менш цяжкага цялеснага пашкоджання). Гэты артыкул прадугледжвае да шасці гадоў пазбаўлення волі.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках