15 лiстапада 2024, Пятніца, 1:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Літва адзначае дзень абаронцаў Свабоды (Фота)

8

Беларускія ўлады тым часам адмаўляюцца выдаць Літве абвінавачванага ў ваенных злачынствах генерала.

13 студзеня ў Літве шануюць памяць мірных людзей, якія загінулі ў 1991 годзе, калі савецкія войскі спрабавалі скінуць законную ўладу ў Літве, пасля таго як Вярхоўны Савет Літвы абвесціў незалежнасць краіны.

Тады ў Вільні загінулі 14 чалавек, у тым ліку 18-гадовая дзяўчына, і тысячы пацярпелі падчас штурму савецкімі войскамі тэлевежы і будынку Літоўскага радыё і тэлебачання.

Гэтыя будынкі савецкім вайскоўцам атрымалася тады захапіць, але каля Сейма – тады будынку Вярхоўнага Савета Літвы – танкі і вайскоўцаў спыніў шматтысячны натоўп бяззбройных людзей, якія стаялі на моцным марозе дзень і ноч. Іх адзінай зброяй была песня, таму і з'явілася назва «спеўная рэвалюцыя», паведамляе «Радыё Свабода».

Як ужо паведамляў сайт charter97.org, Беларусь дагэтуль адмаўляецца выдаваць Літве генерала Уладзіміра Усхопчыка, які з'яўляецца абвінавачваным па справе аб антыдзяржаўным перавароце 13 студзеня 1991 года. Пачынаючы з 1992 года, супрацоўнікі пракуратуры Літвы рэгулярна патрабавалі ў беларускіх уладаў выдачы Усхопчыка. Але замест таго, каб выдаць абвінавачанага ўладам той краіны, на тэрыторыі якой ён абвінавачваецца ў здзяйсненні шматлікіх (у тым ліку цяжкіх) злачынстваў, Аляксандр Лукашэнка ў траўні 2000 года прызначыў Усхопчыка намеснікам міністра абароны. 23 лютага 2004 года ён узнагародзіў генерал-лейтэнанта ордэнам «За службу Радзіме» 1 ступені.

На мінулым тыдні літоўская генпракуратура атрымала адказ з Генпракуратуры Беларусі, у якім сказана, што Літве не будзе аказаная дапамога па справе 13 студзеня. Генпракуратура РБ паўтарыла сваю пазіцыю, што дзейнасць падазраваных яна ацэньвае па законах, якія дзейнічалі ў той час – законах СССР – як імкненне абараніць канстытуцыйны лад той дзяржавы і яе тэрытарыяльную цэласнасць.

Літоўскі пракурор Альгімантас Клюнка заявіў, што адмоўны адказ Беларусі не зменіць юрыдычную ацэнку Літвы: «тое, што было здзейсненае ў Літве ў студзені 1991 года супраць абаронцаў свабоды – гэтае злачынства, крымінальная адказнасць за гэта будзе пагражаць не толькі ў Літве, але і ва ўсім ЕЗ».

Міністр замежных справаў Літвы Вігаўдас Ушацкас у сувязі з гэтым адзначыў, што «абяцанне Аляксандра Лукашэнкі супрацоўнічаць з Літвой у расследаванні асабліва важнай для нашага народа справы 13 студзеня, дадзенае ім падчас візіту ў Вільню, не выкананае».

«Міністэрства замежных справаў у супрацоўніцтве з Генеральнай пракуратурай прыкладзе ўсе намаганні для таго, каб крымінальны пераслед быў працягнуты. Спадзяемся, што Беларусь будзе ацэньваць правасуддзе не па законах таталітарнай дзяржавы, якая існавала калісьці – дзяржавы, якая прынесла шмат шкоды, пакутаў і ахвяраў самім грамадзянам Беларусі, а кіравацца прынцыпамі павагі правоў чалавека, дэмакратыі і добрасуседства», - сказаў Вігаўдас Ушацкас.

Вітаўтас Ландсбергіс, былы старшыня Вярхоўнага Савет Літвы, у свой час падаў суду запіс тэлефонных гутарак з Усхопчыком, калі той пагражаў ужыць сілу супраць дэманстрантаў. Ландсбергіс неаднаразова заяўляў, што «генерал Усхопчык быў актыўным удзельнікам студзеньскіх падзеяў, ён кіраваў Віленскім гарнізонам, і паводле яго загаду танкі і бронетранспарцёры пайшлі на бяззбройных людзей».

У сувязі з адмовай выдаць Літве генерала Усхопчыка Ландсбергіс заявіў, што «беларуская генпракуратура кажа дрэнна, некампетэнтна і амаральна, калі сцвярджае, што забойства бяззбройных людзей – гэтае імкненне аднавіць канстытуцыйны лад».

Палітык звярнуў увагу на тое, што ў кастрычніку 1991 года ў Вільні ім і старшынём Вярхоўнага Савета Беларусі Станіславам Шушкевічам была падпісаная дэкларацыя аб прынцыпах добрасуседскіх стасункаў, у прэамбуле якой дзяржавы зацвердзілі, што прынцыпы стасункаў паміж імі ўсталёўваюцца з улікам Акту аб Аднаўленні незалежнасці Літвы, падпісанага 11 сакавіка 1990 года.

Шматтысячны мітынг каля сценаў парламента пасля захопу савецкімі войскамі Віленскага тэлецэнтра 14 студзеня 1991 года. Падчас аперацыі ў ноч з 13 на 14 студзеня 1991 года загінулі трынаццаць мірных жыхароў.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках