14 лiстапада 2024, Чацвер, 18:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Паліцыя Нямеччыны працягвае супрацоўніцтва з лукашэнкаўскім МУС

23

3 студзеня ў Менск з двухдзённым візітам прыбыла дэлегацыя Федэральнага ведамства крымінальнай паліцыі Нямеччыны на чале з віцэ-прэзідэнтам Юргенам Штокам.

Як паведаміла БелаПАН упраўленне інфармацыі і грамадскіх сувязей МУС Беларусі, падчас наведвання прадстаўнікамі нямецкіх праваахоўных органаў беларускага міліцэйскага ведамства запланавана сустрэча з міністрам Анатолем Куляшовым. Бакі абмяркуюць дынаміку супрацоўніцтва і яго вынікі, а таксама перспектывы далейшага ўзаемадзеяння праваахоўных органаў дзвюх дзяржаў.

У 2009 годзе на тэрыторыі Нямеччыны былі затрыманыя чатыры злачынцы, якія абвешчаныя ў міжнародны вышук за здзяйсненне злачынстваў у Беларусі. У сваю чаргу нямецкае правасуддзе чакае экстрадацыі чатырох затрыманых у Беларусі зламыснікаў, якія расшукваюцца паліцыяй ФРГ.

Падчас візіту замежныя госці азнаёмяцца з дзейнасцю падраздзяленняў крымінальнай міліцыі Беларусі, у прыватнасці Нацыянальнага цэнтральнага бюро Інтэрпола і Дзяржаўнага экспертна-крымінальнага цэнтра МУС, з мэтай вывучэння новых накірункаў супрацоўніцтва з аналагічнымі структурамі нямецкай паліцыі.

14 студзеня Юрген Шток наведае Акадэмію МУС. З кіраўніцтвам вну ён абмяркуе пытанні супрацоўніцтва ў сферы падрыхтоўкі кадраў, пасля чаго выступіць перад выкладчыкамі і курсантамі з дакладам на тэму: «Паліцыя Нямеччыны, Федэральнае ведамства крымінальнай паліцыі, міжнароднае супрацоўніцтва».

Нагадаем, што ў Беларусі, якую называюць апошняй дыктатурай Еўропы, супрацоўнікі МУС задзейнічаны ў жорсткіх разгонах мірных акцый апазіцыі, удзельнікі якіх збіваюцца і падвяргаюцца здзекам. Паводле дадзеных праваабаронцаў, прадстаўнікі міліцыі і спецслужбаў удзельнічаюць у выкраданнях і запалохваннях дэмакратычных актывістаў. Былы кіраўнік МУС Уладзімір Навумаў таксама знаходзіцца ў спісе падазраваных міжнароднай супольнасцю ў выкраданні і забойствах лідэраў апазіцыі і журналіста. Яму забаронены ўезд у краіны Еўразвяза і ЗША.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках