14 лiстапада 2024, Чацвер, 18:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З кватэры віцебскага журналіста міліцыя канфіскавала кампутары

9

13 студзеня ў кватэры ў рэдактара інтэрнэт-газеты «Народныя навіны Віцебска» Сяргея Серабро прайшоў ператрус.

Ні сам журналіст, ні яго жонка не прысутнічалі падчас ператруса ў кватэры, якую яны арандуюць.

Як паведаміў Сяргей Серабро БелаПАН, удзень яго жонцы патэлефанавала ўладальніца кватэры. Жанчына сказала, што супрацоўнікі міліцыі забралі яе з працы для таго, каб яна адкрыла кватэру, дзе яны маюць намер зрабіць ператрус. Што менавіта будуць шукаць, ёй не паведамілі.

Не выключана, што ператрус праводзіўся ў сувязі са «справай Сяргея Каваленкі», які вывесіў 7 студзеня на вершаліне навагодняй ёлкі ў Віцебску бел-чырвона-белы сцяг. Гэты сцяг, які правісеў каля 15 хвілінаў, быў сфатаграфаваны Сяргеем Серабро. Паводле яго словаў, учора раніцай яму тэлефанавала следчая УУС Віцебскага аблвыканкама, якая запрашала яго для гутаркі з нагоды фатаграфіяў навагодняй ёлкі з ўзнятым над ёй бел-чырвона-белым сцягам. Аднак журналіст адмовіўся прыйсці, пакуль яму не прыйдзе афіцыйная позва.

Паводле папярэдняй інфармацыі, з кватэры Серабро канфіскавалі два кампутары з фотаархівамі і фотаапарат.

Фатаграфіі навагодняй ёлкі на плошчы Перамогі ў Віцебску з бел-чырвона-белым сцягам на вершаліне, акрамя сайта «Народныя навіны Віцебска», з'явіліся ў шэрагу беларускіх і расейскіх СМІ.

Нагадаем, што 7 студзеня на вершаліне 35-метровай навагодняй ёлкі на плошчы Перамогі ў Віцебску з'явіўся бел-чырвона-белы сцяг. За гэта быў затрыманы 34-гадовы актывіст Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ Сяргей Каваленка. Пастановай пракурора Віцебска 10 студзеня апазіцыянер быў змешчаны ў СІЗА на два месяцы. У дачыненні да яго ўзбуджаная справа па артыкуле 339, частка 2 КК (хуліганства, здзейсненае паўторна, альбо групай асобаў, альбо звязанае з супрацівам асобе, якая спыняе хуліганскія дзеянні, альбо спалучанае з прычыненнем менш цяжкага цялеснага пашкоджання). Гэты артыкул прадугледжвае да шасці гадоў пазбаўлення волі. Аднак 12 студзеня апазіцыянер быў вызвалены пад падпіску аб невыяздзе.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках