14 лiстапада 2024, Чацвер, 18:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рашэнне прынятае: Пошліны на ўвоз аўто для фізасобаў павялічацца

119
Рашэнне прынятае: Пошліны на ўвоз аўто для фізасобаў павялічацца

Пошліны на ўвоз транспартных сродкаў фізічнымі асобамі з 1 ліпеня вырастуць да ўзроўня аналагічных расейскіх.

Пра гэта заявіў журналістам у Менску старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі Аляксандр Шпілеўскі, перадае «Інтэрфакс».

«Рашэнне ўжо прынятае. Існуючыя ўмовы для фізасобаў па ўвозе аўтамабіляў будуць дзейнічаць да 1 ліпеня», - сказаў А.Шпілеўскі.

Ён удакладніў, што памер мытных пошлін для фізасобаў будзе на ўзроўні аналагічных расеійскіх пошлінаў.

У ДМК адзначылі, што зараз, як і ў 2009 годзе, абкладанне мытнымі плацяжамі легкавых аўтамабіляў, што ўвозяцца фізічнымі асобамі для асабістага карыстання, ажыццяўляецца ў Беларусі ў ільготным рэжыме, па адзіных стаўках мытных пошлін і падаткаў, згодна з указам Лукашэнкі N503 ад 15 кастрычніка 2007 года.

Там таксама дадалі, што стаўкі мытных пошлін на аўтамабілі, што ўвозяцца фізічнымі асобамі, у Расейскай Федэрацыі значна вышэй за дзеючыя ў Беларусі. Так, на аўтамабілі, што былі ў эксплуатацыі, яны вар'іруюцца ў Расеі ад 1,5 еўра за 1 см куб. да 5,8 еўра за 1 см куб., у залежнасці ад працоўнага аб'ёму рухавіка.

«Відавочна, што ўніфікацыя ўсіх мытных правілаў і працэдур у рамках Мытнага саюза патрабуе ўніфікацыі ставак мытных плацяжоў на аўтамабілі, што ўвозяцца грамадзянамі на ўзроўні, прымальным для ўсіх трох дзяржаў-удзельніц Мытнага саюза», - канстатавалі ў ДМК.

У мытным камітэце нагадалі, што 1 ліпеня 2010 года плануецца ўступленне ў сілу міжнароднай дамовы, якой будуць канчаткова вызначаны адзіныя стаўкі мытных пошлін, падаткаў на аўтамабілі, што ўвозяцца грамадзянамі для асабістага карыстання.

Аўтадылеры ўжо ўзнялі кошты на машыны на 20-30%

Беларускія аўтадылеры пачалі працу ў 2010 годзе спачатку са спынення продажаў, а затым з павелічэння коштаў.

Кошты выраслі на 20-30% у параўнанні з 2009 годам. Пра гэта БелТА паведаміў старшыня «Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі» Сяргей Міхневіч. Кіраўнік БАА прагназуе, што сітуацыя, якая склалася на аўтамабільным рынку ва ўмовах Мытнага саюза, стане зразумелай толькі да канца першага паўгоддзя.

«З першага студзеня ўсе аўтадылеры пачалі размытнёўку аўтамабіляў па новых пошлінах, пры гэтым пошліны для фізічных асобаў захаваліся на ранейшым узроўні. Продажы аўтамабіляў у першыя дні новага года практычна спыніліся», - адзначыў Сяргей Міхневіч.

Па словах старшыні БАА, сітуацыя ўскладнілася яшчэ і поўнай нявызначанасцю ў сферы фармавання коштаў і разліку мытнага кошту пры вызначэнні мытных плацяжоў. «Мы толькі да шостага студзеня атрымалі вытлумачэнні МПЗ па захаванні ільготаў пры збіранні ПДВ пры ўвозе і рэалізацыі аўтамабіляў», - сказаў эксперт.

Кіраўнік БАА падкрэсліў, што ўмовы размытнёўкі аўтамабіляў па-ранейшаму застаюцца не зусім зразумелымі. Аўтадылеры асцерагаюцца, што ацэнка мытнага кошту будзе вызначацца па так званым швакелісце (даведнік коштаў аўтамабіляў усіх брэндаў), якая на 50% вышэй за кошты вытворцы. Сітуацыю можа ўрэгуляваць мемарандум аб паразуменні паміж Дзяржаўным мытным камітэтам і фірмай-пастаўшчыком (вытворцам) аб папярэднім пацверджанні коштаў на ўвазную прадукцыю, які рыхтуецца да падпісання, лічыць спецыяліст.

Акрамя таго, МПЗ паінфармавала аўтадылераў, што ўказ № 546 ад 24 кастрычніка 2005 года, які рэгулюе ўвоз аўтамабіляў фізічнымі і юрыдычнымі асобамі, пакуль дзейнічае, нягледзячы на супярэчнасці з Падатковым кодэксам. «Яго ў любы момант могуць адмяніць, таму аўтамабільны рынак знаходзіцца сёння ў такой нявызначанай сітуацыі», - патлумачыў Сяргей Міхневіч.

На думку старшыні БАА, рэальныя змены адбудуцца пасля таго, калі выраўняюцца пошліны для фізічных і юрыдычных асобаў у межах Мытнага саюза, але гэта стане вядома толькі да канца першага паўгоддзя.

Сяргей Міхневіч, адзначыў, што істотныя коштавыя змены адбыліся ўжо ў канцы 2009 года, калі прадаўцы адмянілі распродажные зніжкі. Спецыяліс прагназуе, што гэта яшчэ не мяжа. «Калі адбудзецца адмена ўказу № 546, увядуць швакеліст і аўтадылеры падпішуць мемарандум па прызнанні мытнага кошту, дык кошты на машыны павялічацца ў два разы», - лічыць эксперт.

Нагадаем, што з 1 студзеня 2010 года ў Беларусі пачалі дзейнічаць падвышаныя стаўкі мытных пошлінаў на ўвоз легкавых аўтамабіляў юрыдычнымі асобамі.

Гэта прадугледжанае падпісаным у Менску 27 лістапада 2009 года Адзіным мытным тарыфам у межах створанага Мытнага саюза Беларусі, Расеі і Казахстана. Для фізічных асобаў у Мытным саюзе пакуль не вызначаная новыя правілы ўвозу тавараў, яны будуць выпрацоўвацца да 1 ліпеня 2010 года.

Найменшая дэльта павелічэння ставак пошлінаў датычыць новых аўтамабіляў (ад 0 да 3-х гадоў), таксама адсотак павелічэння закране аўтамабілі ад 3-х да 5 гадоў. Больш жорсткія стаўкі пошлінаў усталяваныя на аўтамабілі звыш за 5 гадоў. Памер мытнай стаўкі залежыць ад аб'ёму рухавіка, ад коштавага паказчыку. Па некаторых аўтамабілях стаўкі будуць павялічаныя ў 10 разоў, па некаторых - у 7.

Напісаць каментар 119

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках