16 лiстапада 2024, Субота, 4:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мірон. Легенда

7
Мірон. Легенда

Першы свой сцяг наш беларускі Зорра ўзняў 27 ліпеня 1995 года над 40-метровым комінам райбыткамбіната ў Лёзне.

Побач была прымацаваная запіска: «Вярніце народу гістарычную памяць». Гэта быў пачатак.

«Мірон перайменаваў станцыю «Красное знамя». «Легендарны Мірон вывесіў над фестывальным Віцебскам два бел-чырвона-белыя сцягі». «Мірон вывесіў сцяг над Паляямі». Мы прывыклі да падобных загалоўкаў у незалежнай прэсе. Бясстрашны герой уздымаў сцягі ў розных кутках Беларусі з нагоды нацыянальных святаў, не прызнаных лукашэнкаўскай уладай.

Ён заўжды заставаўся інкогніта. Невядома нават, адзін ці некалькі чалавек, рызыкуючы жыццём, узлазілі на высакавольтныя лініі ды коміны ў дзясяткі метраў вышыні. Мірон стаў легендай.

А пачалося ўсё 27 ліпеня 1995 года, у Дзень Незалежнасці. На 40-метровым коміне райбыткамбіната ў Лёзне з’явіўся бел-чырвона-белы сцяг. Побач была прымацаваная цыдулка: «Вярніце народу гістарычную памяць». І подпіс — Мірон. Так ён выказаў пратэст супраць рэферэндуму, на якім бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» былі змененыя на абноўленыя савецкія сімвалы.

Пазней невядомы мужчына ў гутарцы з журналістамі, адвярнуўшыся спіной, раскажа, што прымацаваў побач бляшанку з надпісам «выбуховае прыстасаванне» — каб сцяг даўжэй правісеў. Міліцыянты стралялі ў тую бляшанку з карабіна. У часе другой гутаркі невядомы хаваў свой твар пад маскай, абяцаючы адкрыцца, калі прыйдзе час. Час, калі ён вывесіць бел-чырвона-белы сцяг над Домам урада. Так да тытула «легендарны» дадалося параўнанне з Зорра. Мірон — несапраўднае імя, патлумачыў невядомы, мог быць і Янка, і Васіль. Але такое імя было ў ягоным радаводзе.

Імя Мірона, ці аднаго з Міронаў, адкрылася сёлета, пасля неверагоднай акцыі ў Віцебску 7 студзеня 2010 года. У той дзень нацыянальны сцяг быў узняты на высачэзнай яліне. Быў затрыманы 35-гадовы будаўнік Сяргей Каваленка.

Учынкі Мірона натхнілі многіх.

«Малады фронт» пачаў ладзіць акцыі «Горад наш!», вывешваючы сцягі на дахах. Яны трываюць да сёння, і ладзяць іх ужо не толькі маладафронтаўцы. Адна з самых эфектных — 29 кастрычніка 2009 года, калі на праспекце Незалежнасці ў Мінску дзясяткі нацыянальных сцягоў змясціла «Еўрапейская Беларусь». Такім чынам людзі пратэстуюць супраць уціску нацыянальна-беларускага ў лукашэнкаўскай Беларусі.

Асоба Мірона натхняе не толькі на дзеянні, але і на творы.

«Дрыжыце: і калхозны трон,

і падхалімскія капэлы,

калі вывешвае Мірон

сцяг родны бел-чырвона-белы!»

Гэтае чатырохрадкоўе Рыгор Барадулін дадаў да карціны мастака Аляксея Марачкіна «Мірон». Аддаючы належнае легендарнаму Мірону, Марачкін не абмежаваўся адной карцінай — на ягоныя словы бард Зміцер Сідаровіч спявае:

«Мірон, Мірон, Мірон — легенда, міраж.

Хто ён, адкуль ён?

Ведама толькі — свой малец.

Наш».

Сцяг над Віцебскам, чэрвень 2006 году. Фота Сержука Серабро.

Горад наш! Асіповічы, лета 2008 году.

29 кастрычніка 2009 году на праспекце Незалежнасці з'явіліся дзесяткі нацыянальных сцягоў. Фота Юліі Дарашкевіч.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках