16 лiстапада 2024, Субота, 1:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У 2010 годзе «Свабодны тэатр» адправіцца ў Афрыку

Беларускі «Свабодны тэатр» у надыйшоўшым годзе плануе рэалізаваць шэраг міжнародных тэатральных праектаў.

Як паведаміў БелаПАН мастацкі кіраўнік «Свабоднага тэатра» Мікалай Халезін, адзін з гэтых праектаў будзе прысвечаны дзецям. Яго плануецца рэалізоўвацца сумесна з італьянскім фатографам Алесандра Вінчэнці.

«Мы будзем падарожнічаць па Афрыцы, збіраючы матэрыял для спектакля, фотавыставы і дакументальнага кіно», — распавёў Халезін. Мяркуецца, што праект будзе фінансавацца міжнароднай арганізацыяй «Урачы без межаў», з якой ужо супрацоўнічаў Вінчэнці.

Акрамя таго, Халезін і рэжысёр «Свабоднага тэатра» Уладзімір Шчэрбань запрошаныя ў варшаўскі тэатр, якім кіруе Анджэй Севярын. «Мы будзем ставіць спектакль на беларускім драматургічным матэрыяле, — паведаміў Халезін. — Для нас гэта будзе першым досведам працы з цалкам чужой трупай».

Яшчэ адзін праект «Свабоднага тэатра» будзе прысвечаны тэме генацыду. У яго аснову пакладзеныя шэсць п'есаў драматургаў, створаныя спецыяльна для гэтага праекту.

У лютым «Свабодны тэатр» на запрашэнне прыме ўдзел у фэсце ў французскім Валансе.

Акрамя таго, паведаміў Халезін, прадстаўнікі беларускага калектыва запрошаныя ў якасці выкладчыкаў у Ліён (Францыя), а таксама ў Каліфарнійскі ўніверсітэт мастацтваў і Чыкагскі ўніверсітэт Браўна (ЗША).

«2010 год будзе вельмі складаным з-за крызісу, — лічыць Халезін. — Калі ў эканоміцы ўжо пачынаецца нейкі рост, дык ў культуры надышоўшы год будзе самым цяжкім: закрываюцца шматлікія тэатральныя фэсты, спыняюцца гастрольныя туры, буйныя праекты адчуваюць недахоп фінансавання».

Свабодны тэатр — незалежны тэатральны калектыў, створаны каля пяці гадоў таму. У Беларусі ён не мае ўласнай сцэны і памяшкання для рэпетыцыяў. Пры гэтым «Свабодны тэатр! уваходзіць у Еўрапейскую тэатральную канвенцыю, з'яўляецца лаўрэатам прэміі Французскай Рэспублікі ў галіне абароны правоў чалавека. У 2008 годзе калектыў стаў уладальнікам галоўнай тэатральнай прэміі Еўропы — «Еўрапейскага тэатральнага «Оскара». Тэатр паспяхова гастралюе ў Еўропе, Азіі, Амерыцы, Аўстраліі, Афрыцы.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках