16 лiстапада 2024, Субота, 1:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Максім Ферхаген: «Я буду асабіста адсочваць сітуацыю з адлічэннем Таццяны Шапуцькі»

8

Кіраўнік МЗС Нідэрландаў упэўнены, што Еўразвяз абавязаны і ў далейшым надаваць увагу супрацьзаконным адлічэнням апазіцыянераў з беларускіх ВНУ.

Міністр замежных спраў Нідэрландаў Максім Ферхаген адрэагаваў на зварот галандскіх парламентарыяў адносна выключэння з БДУ прэс-сакратара «Маладога фронту» Таццяны Шапуцькі, паведамляе «Радыё Свабода».

Як вынікае з запыту дэпутатаў, «падобнаму дзеянню ўладаў, калі студэнт выключаецца з ВНУ за ўдзел у мерапрыемствах па садзейнічанню дыялогу і партнёрству, не можа быць апраўданняў». Тым не менш, у адказ на сваё хадайніцтва да рэктара БДУ аднавіць яе ў вучобе прэс-сакратар «Маладога Фронту» атрымала адмову.

Паводле Максіма Ферхагена, пытанне, звязанае з супрацьзаконным адлічэннем Таццяны Шапуцькі і іншых беларускіх студэнтаў, павінна і надалей уздымацца брусэльскім кіраўніцтвам. Так было падчас сустрэчы міністраў Карла Більдта і Сяргея Мартынава, калі шведскае старшынства ЕЗ назвала дзеянні беларускіх уладаў «абсалютна непрымальнымі».

Як падкрэсліў кіраўнік нідэрландскага МЗС, ён асабіста будзе па-ранейшаму адсочваць гэтае пытанне і кожны раз уздымаць яго, прадстаўляючы Нідэрланды на міжнародным узроўні.

Нагадаем, што Таццяна Шапуцька была адлічаная з БДУ за ўдзел у форуме Усходняга партнёрства ў Брусэлі. Гэты выпадак выглядае абуральным нават на фоне звычайнай практыкі выключэння з беларускіх вну палітычна актыўных студэнтаў. Паколькі «Усходняе партнёрства» -- ініцыятыва Еўрапейскага звяза, афіцыйна прынятая беларускім кіраўніцтвам. Нароўні з дзяржаўнымі структурамі да ўдзелу ў ёй запрошаная і грамадзянская супольнасць.

На форуме «Усходняга партнёрства» у Брусэлі Таццяна Шапуцька прадстаўляла беларускую грамадзянскую супольнасць. Яна сустракалася з кіраўніцтвам Еўрапейскіх краін і Еўразвяза, у тым ліку з Карлам Більдтам – міністрам замежных спраў Швецыі, краіны-старшыні Еўрапейскага звяза і камісарам ЕЗ па знешніх сувязях і еўрапейскай палітыцы суседства Бенітай Ферэра-Вальднер. Яшчэ падчас працы форума, даведаўшыся пра пагрозу выключэння Таццяны з універсітэта, Беніта Ферэра-Вальднер і Карл Більдт, а таксама іншыя высокапастаўленыя ўдзельнікі Форума запэўнілі Таццяну Шапуцьку і ўдзельнікаў мерапрыемства ў тым, што будуць сачыць за развіццём падзей.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках