14 лiстапада 2024, Чацвер, 19:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Бяляцкі: «Украінскія выбары вельмі моцна адрозніваюцца ад беларускіх»

4

Беларускія праваабаронцы ўзялі ўдзел у назіранні за выбарамі прэзідэнта Украіны.

Кіраўнік незарэгістраванага праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі ў інтэрв'ю сайту charter97.org распавёў, як праходзілі выбары ва ўкраінскай амбасадзе ў Беларусі, і чым выбарчы працэс ва Украіне адрозніваецца ад беларускага.

«Прадстаўнікі праваабарончага цэнтру «Вясна» уваходзяць у сетку міжнародных назіральнікаў за выбарамі «ENEMO» («Еўрапейская сетка назіральнікаў за выбарамі»). Гэта афіцыйная арганізацыя, якая праводзіла назіранне за выбарамі ў Казахстане, Кыргызстане, Украіне і многіх іншых краінах. Сёлета за прэзідэнцкімі выбарамі непасрэдна ў самой Украіне назірала больш за 40 чалавек з Беларусі. Двое чалавек, у тым ліку і я, праводзілі назіранне ва ўкраінскай амбасадзе. На самім участку было зарэгістравана каля 7 000 выбаршчыкаў, асноўная частка якіх прыходзілася на Менск. Пакуль яшчэ рана падводзіць вынікі, але адзначу, што ў празрыстасці выбараў, што адбываліся ва ўкраінскай амбасадзе, мы не сумняемся», - распавёў Алесь Бяляцкі.

Паводле словаў праваабаронцы, паміж выбарамі ў Беларусі і Украіне існуе вялікая розніца.

«Украінскія выбары ад беларускіх адрозніваюцца вельмі моцна. І што мяне асабліва ўразіла - гэта якасць украінскага выбарчага закона. Яна, несумненна, вышэй, чым у Беларусі. І беларусам варта было б павучыцца ў украінцаў, якімі павінны быць сапраўдныя выбары. Выбарчая камісія ва Украіне фармуецца з прадстаўнікоў розных палітычных партый. Паўнамоцтвы назіральнікаў непамерна вялікія ў параўнанні з сітуацыяй у Беларусі. Мы мелі магчымасць праглядаць кожны бюлетэнь. На выбарчым участку стаялі празрыстыя ўрны, так што ні ў каго не ўзнікала сумневаў, што ў іх кладзецца па адным бюлетэні. Камісія давала назіральнікам усе дадзеныя. Пры падліку галасоў мы маглі знаходзіцца ў любым зручным для нас месцы, каб пераканацца, што падлік праходзіць без парушэнняў. Калі б у Беларусі выбары праходзілі па ўкраінскім варыянце, не ўзнікала б пытанняў аб фальсіфікацыях і інсінуацыях», - заявіў кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна».

У адпаведнасці з патрабаваннем Еўразвяза 17 снежня 2009 года сенатары «савета рэспублікі» ухвалілі папраўкі ў выбарчае заканадаўства Беларусі. Як заяўляе Алесь Бяляцкі, гэтыя змены носяць выключна касметычны характар.

«Беларускае выбарчае заканадаўства проста катастрафічна дрэннае ў параўнанні з украінскім. Бо ў ім ёсць дзіркі, якія ставяць пад пытанне празрыстасць і дэмакратычнасць выбараў, - адзначыў праваабаронца. - У хуткім часе ў нас стартуе кампанія ў мясцовыя саветы. Пры гэтым у выбарчае заканадаўства Беларусі былі ўнесены папраўкі. Але, на жаль, нашыя эксперты, якія працавалі з выбарчымі сістэмамі розных краін, вымушаныя канстатаваць, што гэтыя папраўкі носяць касметычны характар. Я цалкам адказваю за свае словы, што беларускае заканадаўства дае і заахвочвае магчымасць фальсіфікацыі вынікаў выбараў. Пасля ўнесеных змяненняў з яго так і не былі выключаныя папярэднія выбары. Гэта значыць, што іх ніхто не кантралюе. Паўнамоцтвы назіральнікаў застаюцца тымі ж. Назіральнікі бяспраўныя і не могуць рэальна ацаніць сітуацыю ў дзень выбараў».

Нагадаем, што ў другі тур выбараў прэзідэнта Украіны выйшлі лідэр Партыі рэгіёнаў Віктар Януковіч і прэм'ер-міністр Юлія Цімашэнка. Яўка выбаршчыкаў на выбары па краіне склала 66,72 адсоткі.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках