15 лiстапада 2024, Пятніца, 7:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мілінкевіч: «Калі ў нас дыктатура, гэта не значыць, што краіну неабходна ізаляваць»

47

Лідэр руху «За Свабоду» пракаментаваў візіт урадавай групы Беларусі ў Францыю.

Упершыню з 1996 года з візітам у Парыж выехала ўрадавая беларуская дэлегацыя. Як адзначае «Радыё Свабода», візіт носіць выразна эканамічны характар і запланаваны на 4 дні.

У складзе дэлегацыі -- віцэ-прэм’ер урада Уладзімір Сямашка, намеснік міністра замежных спраў Валерый Варанецкі, намеснікі міністраў эканомікі, фінансаў, энергетыкі, сельскай гаспадаркі, прадстаўнікі беларускіх дзелавых колаў.

Паводле дарадцы амбасады Беларусі ў Парыжы Іны Васілеўскай, 19 студзеня дэлегацыя сустракалася з генеральным сакратаром Елісейскага палаца Клодам Геанам (кіраўніком адміністрацыі прэзідэнта Сарказі), 20 студзеня — з дэпутатамі парламента Францыі, якія ўваходзяць у групу па сувязях з Беларуссю.

Запланаваныя сустрэчы ў МЗС Францыі, міністэрствах эканомікі, прамысловасці, кіраўнікамі французскіх банкаў «BNP Paribas», «Société Générale» і буйных кампаній. Чакаецца таксама супольны бізнэс-форум у штаб-кватэры Федэрацыі французскіх прадпрымальнікаў MEDEF, паведаміла дарадца беларускай амбасады ў Францыі Іна Васілеўская

«У прынцыпе, візіт цікавы, -- сказала Іна Васілеўская. -- Шмат сустрэч. Яго асноўны кампанент — гэта, натуральна, эканоміка. Але тыя сустрэчы, якія адбыліся ўчора, маюць і палітычнае значэнне. Яны былі на высокім узроўні».

Паводле словаў Іны Васілеўскай, рыхтуюцца да падпісання міжурадавае пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне культуры, навукі і адукацыі, пагадненне паміж беларускім Саюзам прадпрымальнікаў і MEDEF, асобныя дамовы паміж прадпрыемствамі.

Лідэр руху «За Свабоду» Аляксандар Мілінкевіч пракаментаваў візіт беларускай урадавай групы. Паводле яго, час для сустрэчы кіраўнікоў Францыі і Беларусі яшчэ не наспеў.

«Думаю, што такія сустрэчы адбываліся б, калі б у Беларусі быў прагрэс у правах чалавека і дэмакратызацыі. На жаль, сёння змены ў Беларусі павярхнёвыя, гэта ўсе фіксуюць. Таму пакуль што такія сустрэчы, мне здаецца, немагчымыя», - сказаў Аляксандр Мілінкевіч.

Што тычыцца запрашэння ў Парыж беларускай урадавай дэлегацыі, то Мілінкевіч ацэньвае гэты факт пазітыўна. Па яго словах, беларускую дыктатуру нельга ізаляваць.

«Безумоўна, я лічу, што гэта падтрымка Беларусі, гэта ў інтарэсах нашага народа. Калі ў нас аўтарытарная ўлада ці, як некаторыя называюць, дыктатура, гэта не значыць, што краіну неабходна ізаляваць. Эканамічнае супрацоўніцтва вельмі важна падчас крызісу», - заявіў Мілінкевіч.

Лідэр руху «За Свабоду» лічыць, што Францыя не збіраецца абмяжоўвацца эканамічнымі кантактамі з Беларуссю, але імкнецца таксама ўплываць на дэмакратызацыю ў краіне.

Напісаць каментар 47

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках