28 снежня 2024, Субота, 7:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЦВК: Галоўнае – не празрыстыя ўрны, а іх памеры

12

21 студзеня Цэнтрвыбаркам зацвердзіў патрабаванні да скрыняў для галасавання на будучых «выбарах» у мясцовыя Саветы дэпутатаў.

Выбарчыя камісіі на месцах маюць права замовіць празрыстыя ўрны для галасавання на «выбарах» у мясцовыя Саветы дэпутатаў, паведаміў галоўны спецыяліст Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў Алег Хмялёў на паседжанні ЦВК, перадае БелТА.

Цэнтрвыбаркам сёння зацвердзіў патрабаванні да скрыняў для галасавання на маючых адбыцца выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў. Згодна з гэтым дакументам камісіі маюць права выкарыстоўваць стацыянарныя і пераносныя скрыні для галасавання.

«Ступень празрыстасці ў зацверджаных патрабаваннях не вызначана, галоўнае - захаваць памеры», - падкрэсліў Алег Хмялёў. Паводле яго слоў, стацыянарная ўрна для галасавання павінна быць памерам 85х50х40 см. Для яе абавязкова наяўнасць адкідной векі з прораззю і прыстасавання, якое дазваляе пламбіраваць скрыню. Пераносная ўрна для галасавання павінна быць меншых памераў.

У час датэрміновага галасавання выбарчыя камісіі самастойна вызначаюць, якую скрыню выкарыстаць: стацыянарную ці пераносную.

Як заявіў Хмялёў, на маючых адбыцца выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў будуць пераважна выкарыстаны тыя ж стацыянарныя і пераносныя скрыні для галасавання, што і падчас папярэдніх выбараў.

Нагадаем, што адным з патрабаванняў зняцця санкцый з шэрагу беларускіх чыноўнікаў Еўразвяз называў змяненне выбарчага кодэкса РБ і правядзенне дэмакратычных выбараў. У тым ліку, прадстаўнікі Еўразвяза выказаліся за выкарыстанне падчас выбараў празрыстых урнаў.

Усе выбарчыя кампаніі, якія адбыліся ў Беларусі пры рэжыме Аляксандра Лукашэнкі, былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю несвабоднымі і несправядлівымі. Кіраўніку Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзіі Ярмошынай за фальсіфікацыю вынікаў выбараў забаронены ўезд у краіны Еўразвяза і ЗША.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках