14 лiстапада 2024, Чацвер, 18:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускіх «палатачнікаў» могуць не пусціць у Еўранэст

6
Беларускіх «палатачнікаў» могуць не пусціць у Еўранэст

Пра гэта заявіў намеснік старшыні дэлегацыі Еўрапарламента ў Парламенцкую асамблею «Еўранэст» Яцэк Сарыюш-Вольскі.

У склад Еўранэста, хутчэй за ўсё, увойдуць выключна прадстаўнікі беларускай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, паведаміў «Еўрарадыё» Яцэк Сарыюш-Вольскі.

Еўрапарламент збіраецца запрасіць ад Беларусі ўвесь спектр палітычнай апазіцыі, а таксама прадстаўнікоў няўрадавых арганізацыяў, уключаючы нацыянальныя і рэлігійныя меншасці, адзначыў дэпутат Еўрапарламента.

«Увесь спектр палітычных партыяў: камуністы, сацыялісты, хрысціянскія дэмакраты, рух «За Свабоду», Беларускі Народны Фронт, Аб'яднаная грамадзянская партыя і г.д. А таксама некаторыя сегменты грамадзянскай супольнасці. Напрыклад, незалежныя прафсаюзы, незалежныя журналісцкія арганізацыі, а таксама рэлігійныя і нацыянальныя меншасці, якія церпяць ціск», -- заявіў Сарыюш-Вольскі.

Па словах дэпутата, кансультацыі па канкрэтных партыях і няўрадавых арганізацых дагэтуль незавершаныя. Таму запрашэнні яшчэ не пасылаліся.

Усе прадстаўнікі ад Беларусі будуць не паўнавартаснымі дэлегатамі, але назіральнікамі. Яны будуць мець амаль усе правы дэлегатаў, але без права голаса. Зрэшты, розніца не такая вялікая, падкрэслівае Яцэк Сарыюш-Вольскі. Таму што Еўранэст – гэта кансультацыйная асамблея, а не орган па прыняцці рашэнняў.

Старшыня пастаяннай камісіі «палаты прадстаўнікоў» па міжнародных справах і сувязях з СНД Сяргей Маскевіч заявіў, што пра рашэнне наконт 10 назіральнікаў «парламенту» нічога не вядома. А калі так сапраўды адбудзецца, дык гэта, паводле яго словаў, ставіць пад пагрозу ўдзел Беларусі ва «Усходнім Партнёрстве».

Даведаўшыся пра рэакцыю Маскевіча, Сарыюш-Вольскі заявіў: «Мы не прызнаем беларускую «палату». Ніхто і не чакае, што яны пагодзяцца. Ды яны і не павінны».

У 2009 годзе праходзілі перамовы з беларускім бокам пра магчымасць ўдзелу беларускай дэлегацыі ў Еўранэсце ў фармаце 5+5 – пяць «дэпутатаў» і пяць прадстаўнікоў апазіцыі. Але беларускія ўлады адмовіліся ад такой прапановы.

Нагадаем, рашэнне пра 10 назіральнікаў ад Беларусі з прадстаўнікоў дэмакратычнай апазіцыі было прынятае яшчэ папярэднім складам Еўрапейскага Парламента. Яно заснаванае на непрызнанні ЕЗ і Еўрапарламентам легітымнасці беларускага «парламента». На падставе высноваў місіі БДІПЧ АБСЕ апошнія парламенцкія выбары ўвосень 2008 года (як і папярэднія) ЕЗ не прызнаў свабоднымі і справядлівымі.

Па словах Сарыюша-Вольскага, малаверагодна, што рашэнне Прэзідыюма Еўранэста пра 10 назіральнікаў ад Беларусі будзе змененае. Кансультацыі з дэлегацыямі краінаў-партнёраў - Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Малдовы і Украіны - яшчэ наперадзе. Але абмяркоўвацца павінен увесь дакумент па Еўранэсце, і пытанне ўдзелу Беларусі будзе далёка не галоўным.

Парламенцкая Асамблея Еўранэст плануецца ў выглядзе форума, які будзе аналізаваць падзеі, звязаныя з ініцыятывай «Усходняе Партнёрства». У яе склад, акрамя 10 прадстаўнікоў ад Беларусі, увойдуць 60 дэпутатаў Еўрапарламента, па 10 дэпутатаў нацыянальных парламентаў Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Малдовы і Украіны.

Нагадаем, галоўныя мэты ініцыятывы «Усходняе Партнёрства» - эканамічная інтэграцыя краінаў у еўрапейскую супольнасць, палягчэнне візавага рэжыму і памежнага кантролю, павелічэнне гандлёвага супрацоўніцтва.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках