16 лiстапада 2024, Субота, 0:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Канстытуцыйны суд «узаконіў» праслухоўванне тэлефонаў без санкцыі

63

Заявы кіраўніка Канстытуцыйнага суда на ўчорашняй прэс-канферэнцыі шакіруюць.

26 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Менску старшыня Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч распавёў, ці адпавядаюць Канстытуцыі пагадненні Мытнага саюза, як можна адмяніць смяротнае пакаранне і чаму суд не правярае законнасць указаў Аляксандра Лукашэнкі, перадае «Еўрарадыё».

Падчас прэс-канферэнцыі, на якой старшыня Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч распавёў журналістам пра «стан канстытуцыйнай законнасці ў Беларусі ў 2009 годзе», ён прызнаўся, што КС правяраў адпаведнасць юрыдычным нормам дакументаў па стварэнні Мытнага саюза. Але распавёў, што праверка гэтая была фармальнай.

«Мы правяралі ў парадку папярэдняга канстытуцыйнага кантролю гэтыя дакументы па парадку прыняцця, форме прыняцця гэтых законаў, кампетэнцыі органаў, якія іх прынялі. Такім чынам, па фармальных юрыдычных працэдурах», - паведаміў кіраўнік КС.

Што ж датычыць праверкі сутнасці гэтых дамоваў, кажа старшыня суда, дык іх правяраюць толькі ў тым выпадку, калі прэзідэнт перад іх падпісаннем засумняваецца ў адпаведнасці Канстытуцыі асобных палажэнняў дамоваў. Відаць, ніякіх сумневаў у Аляксандра Лукашэнкі на гэты конт не ўзнікла.

«Такога звароту на стадыі падпісання законаў аб ратыфікацыі міжнародных пагадненняў, звязаных з утварэннем Мытнага саюза, да нас не паступала», - сказаў Міклашэвіч.

Пацікавіліся журналісты меркаваннем старшыні Канстытуцыйнага суда і па пытанні абкладання нафты, што пастаўляецца ў Беларусь, пошлінамі расейскім бокам.

«Гэта не прадмет аналізу Канстытуцыйнага суда. Ёсць у мяне свой пункт гледжання, але я не маю магчымасці яго публічна апавяшчаць. Я магу публічна казаць толькі ў тым выпадку, калі гэта стане прадметам разгляду Канстытуцыйнага суда», - адзначыў кіраўнік КС.

Хаця і абмовіўся, што, на яго погляд, дамова аб пастаўках нафты ў нашую краіну, падпісаная ў 2007 годзе, працягвае дзейнічаць. Праўда, расейцы сцвярджаюць адваротнае.

Адказваючы на пытанне карэспандэнта «Еўрарадыё», старшыня КС сказаў, што прынятыя не так даўно папраўкі ў закон «Аб аператыўна-вышуковай працы» не супярэчыць канстытуцыйным нормам. Гаворка ідзе пра тое, каб праваахоўным органам дазволілі праводзіць аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, праслухоўваць тэлефоны і гэтак далей без адпаведнай санкцыі пракурора.

«Тут прамой супярэчнасці канстытуцыйным нормам і палажэнням не бачым мы. Мы разглядалі палажэнні закона ў судзе ў парадку папярэдняга канстытуцыйнага кантролю і зыходзячы з артыкула 23 Канстытуцыі, якая дае магчымасць у мэтах нацыянальнай бяспекі, абароны правапарадку і аховы здароўя рабіць пэўныя абмежаванні, дык тут, адпаведна, было прынятае сувымернае абмежаванне ў мэтах узмацнення барацьбы са злачыннасцю», - сказаў Міклашэвіч.

Такім жа законным лічыць Пётр Міклашэвіч і атрыманы праваахоўнымі органамі дазвол арыштоўваць людзей без санкцыі пракурора. Дастаткова асабістага дазволу на гэта кіраўнікоў МУС, КДБ ці Дэпартамента фінансавых расследаванняў.

Што датычыць адмены смяротнага пакарання, дык старшыня КС назваў два шляхі вырашэння гэтага пытання.

«Два магчымыя варыянты ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне. І тут я ніякіх канстытуцыйна-прававых перашкодаў не прадугледжваю. Што датычыць адмены, гэта ўжо другі этап прыняцця канчатковага рашэння, дык тут ёсць пэўныя канстытуцыйна-прававыя аспекты», - сказаў ён.

Што гэта за аспекты, старшыня суда не ўдакладніў. Толькі заўважыў, што адны артыкулы канстытуцыі можна змяняць рашэннем Лукашэнкі ці «дэпутатаў», а іншыя — толькі пры дапамозе рэферэндуму. І даў такім чынам зразумець, што тут без рэферэндуму не абыйсціся.

Па словах Пятра Міклашэвіча, летась Канстытуцыйны суд праверыў 104 законы, прынятыя дэпутатамі нелегітымнай «палаты прадстаўнікоў». Усе яны былі прызнаныя адпаведнымі Канстытуцыі. Журналісты пацікавіліся, а ці праверыў КС хаця б адзін указ Лукашэнкі. На што атрымалі адказ, што ніхто з тых, хто мае на гэта права, не звяртаўся да іх з просьбай гэта зрабіць. Нагадаем, што паўнамоцтвамі звароту ў Канстытуцыйны суд валодаюць толькі сам Лукашэнка, «дэпутаты» абедзвюх палатаў, урад, Вярхоўны і Гаспадарчы суды.

Напісаць каментар 63

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках