15 лiстапада 2024, Пятніца, 12:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Віцебску арыштавалі яшчэ аднаго апазіцыянера - сябра Сяргея Каваленкі

3

Алег Сурган, якога абвінавачваюць у супраціве міліцыі падчас затрымання за вывешванне нацыянальнага сцяга, 27 студзеня быў затрыманы супрацоўнікамі Кастрычніцкага РУУС Віцебска.

Інцыдэнт, які павінен разгледзець суд, адбыўся яшчэ летась 3 верасня. Алега Сургана і яго малодшага брата Тараса Сургана міліцыянты затрымалі на прыпынку грамадскага транспарта каля медыцынскага ўніверсітэта, дзе быў вывешаны бел-чырвона-белы сцяг, нагадвае «Радыё Свабода».

Тараса Сургана і Сяргея Каваленку, супраць якога зараз узбуджаная крымінальная справа за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай гарадской ёлцы, неаднаразова затрымлівалі і судзілі за акцыі з нацыянальнымі сімваламі.

3 верасня 42-гадовы Алег Сурган апынуўся ў кампаніі актывістаў упершыню. Міліцыянты яго затрымалі, і ў пратаколе, складзеным у Кастрычніцкім РУУС, было запісана, што ён не падпарадкоўваўся супрацоўнікам міліцыі, а аднаго з іх укусіў за палец.

Па словах Алега Сургана, першапачаткова складзены пратакол аб вывешванні бел-чырвона-белага сцяга кудысьці знік. А ў другім было запісана, што ён знаходзіўся ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане і нецэнзурна лаяўся, а таксама абражаў супрацоўнікаў міліцыі.

Таксама Алег Сурган сцвярджае, што 3 верасня ў аддзяленні міліцыянты яго збівалі і катавалі. Тарас Сурган выклікаў брату «хуткую дапамогу», калі ўбачыў яго стан. Медыкі зафіксавалі ўдары галавы і рук.

Міліцыянт, які заявіў, што Сурган укусіў яго за палец, накіраваўся на медэкспертызу амаль праз месяц - 30 верасня. Да суда, які павінен разбіраць гэтую справу, Алег Сурган знаходзіўся на волі.

Нагадаем, што 7 студзеня на вершаліне 35-метровай навагодняй ёлкі на плошчы Перамогі ў Віцебску з'явіўся бел-чырвона-белы сцяг. За гэта быў затрыманы 34-гадовы актывіст Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ Сяргей Каваленка. Пастановай пракурора Віцебска 10 студзеня апазіцыянер быў змешчаны ў СІЗА на два месяцы. У дачыненні да яго ўзбуджаная справа па артыкуле 339, частка 2 КК (хуліганства, здзейсненае паўторна, альбо групай асобаў, альбо звязанае з супрацівам асобе, якая спыняе хуліганскія дзеянні, альбо спалучанае з прычыненнем менш цяжкага цялеснага пашкоджання). Гэты артыкул прадугледжвае да шасці гадоў пазбаўлення волі. 12 студзеня апазіцыянер быў вызвалены пад падпіску аб невыяздзе.

Пасля гэтага ў Віцебску пачаліся арышты і ператрусы ў дамах апазіцыянераў. 13 студзеня супрацоўнікі міліцыі правялі ператрус кватэры рэдактара інтэрнэт-газеты «Народныя навіны Віцебска» Сяргея Серабро, у выніку чаго ў журналіста былі канфіскаваныя сістэмныя блокі ад двух кампутараў.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках