15 лiстапада 2024, Пятніца, 1:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Поўны завал

52

Беларуская прамысловасць летась працавала не толькі на склад, але і ў доўг - запазычанасці аказаліся велізарнымі.

За два апошнія месяцы 2009 года ў беларускай прамысловасці атрымалася скараціць складскія запасы на 628 млрд. рублёў. Аднак звесткі пра рост дэбіторскай запазычанасці кажуць пра тое, што прадпрыемствы працавалі не толькі на склад, але і ў доўг. Дэбіторская запазычанасць у прамысловасці склала на 1 снежня 2009 года 19 трлн. рублёў, паведамляе газета «Заўтра тваёй краіны».

Прадукцыя не прадавалася, а адгружалася без аплаты. Толькі за лістапад дэбіторская запазычанасць па прамысловасці ў цэлым павялічылася больш чым на палову трыльёна рублёў. Пры гэтым асноўны пастаўшчык прадукцыі на склад – машынабудаванне і металаапрацоўка, разгрузіўшы за лістапад склад на 100 млрд. рублёў, нарасціў дэбіторскую запазычанасць на 213 млрд. рублёў. Самыя знакавыя падгаліны: аўтамабільная і трактарабудаўнічая - спрацавалі ў той жа прапорцыі – разгрузілі склады на 37 і 32 млрд. рублёў адпаведна, павялічыўшы дэбіторскую запазычанасць прыблізна на 90 млрд. кожная. Гэта значыць фактычна адгрузілі без аплаты не толькі прадукцыю са склада, але аддалі ў прыдачу столькі ж наноў вырабленай.

Тое, што разгрузіць беларускія склады можна, толькі адгрузіўшы тавар без аплаты (часцяком адгружаецца проста на іншы склад, напрыклад, на гандлёвы дом, які знаходзіцца па-за межамі Беларусі) даказваюць і дадзеныя «ад адваротнага». Лёгкая і харчовая прамысловасць зменшылі сваю дэбіторскую запазычанасць за лістапад (мінус 18 млрд. і 6 млрд. рублёў адпаведна), але адразу ж нарасцілі складскія запасы (на 14 і 86 млрд. рублёў).

Зрэшты, ёсць і абсалютныя «чэмпіёны». Прадпрыемствы, якія вырабляюць будматэрыялы, павялічылі за лістапад і дэбіторку – на 37,5 млрд. рублёў, і памер складскіх запасаў -- на 4,7 млрд. рублёў.

Прамысловасць будматэрыялаў у цэлым трымае «ганаровае» першае месца па тэмпах росту дэбіторскай запазычанасці ў 2009 годзе. Па стане на 1 снежня 2009 года дэбіторская запазычанасць у галіне складала 1,47 трлн. рублёў, што адпавядае траціне коштавага аб'ёму прадукцыі, вырабленай галіной за 11 месяцаў мінулага года. Вядома, частка дэбіторкі цягнецца яшчэ з мінулых гадоў, але ў гэтай галіне запазычанасць у параўнанні з 1 снежня 2008 года вырасла больш чым ў 3 разы! Атрымліваецца, будаўнічы комплекс працаваў стабільна шмат у чым за кошт таго, што за будматэрыялы цяпер прынята не плаціць. І аказваецца, не толькі ўнутры краіны. Амаль 70% усёй дэбіторскай запазычанасці прамысловасці будматэрыялаў прыходзіцца на знешнюю дэбіторскую запазычанасць, якая вырасла з 1 снежня 2008 года да 1 снежня 2009 года ў 13 (!) разоў – з 74 млрд. рублёў да 971 млрд. рублёў. Гэта больш чым 300 млн. даляраў. Гэта значыць і на экспарт будматэрыялы адгружаюцца без аплаты – абы заводы працавалі, дэманструючы хоць нейкую дынаміку.

Зрэшты, так працуюць заводы не толькі па вытворчасці будматэрыялаў. Асноўная ўдзельная вага дэбіторскай запазычанасці фармуецца, вядома, у машынабудаванні і металаапрацоўцы. На гэтую галіну прыходзіцца больш за 5 трлн. рублёў ад усёй дэбіторскай запазычанасці ў прамысловасці, якая склала на 1 снежня 2009 года 19 трлн. рублёў.

Дэбіторская запазычанасць прадпрыемстваў аўтамабільнага (на 1 снежня складала 1,5 трлн. рублёў), трактарнага і сельгасмашынабудавання (1,8 трлн. рублёў) вырасла за год амаль удвая (па аўтамабільнай прамысловасці – на 98%, па трактара- і сельгасмашынабудаванні – на 87. Пры гэтым у аўтамабільнай прамысловасці на 1 снежня памер склада разам з дэбіторскай запазычанасцю амаль на 60% «закрывалі» аб'ём вырабленай прадукцыі за 11 месяцаў 2009 года. У трактара- і сельгасмашынабудаванні гэты паказчык крыху ніжэй – каля 40%, але для гэтай падгаліны вельмі ўражлівымі выглядаюць лічбы па росце знешняй дэбіторскай запазычанасці – яна вырасла ў 3,6 раза і склала на 1 снежня 2009 года 1,1 трлн. рублёў (ці каля 380 млн. даляраў). Гэта прыкладна роўнае палове ад усяго коштавага аб'ёму экспарту трактароў і сельгасмашынаў за 11 месяцаў мінулага года. З улікам жа звестак па абсалютным прыросце знешняй дэбіторскай запазычанасці (каля 800 млрд. рублёў) у параўнанні са снежнем мінулага года можна зрабіць выснову, што каля 35% экспарту трактароў і сельгасмашынаў летась складала адгружаная, але пакуль не аплачаная пакупнікамі сельгастэхніка.

Такім чынам, вельмі сціплыя для нашай унікальнай беларускай эканамічнай мадэлі, але выдатныя ў параўнанні са краінамі-суседзямі паказчыкі па выніках 2009 года выцягнутыя толькі за кошт таго, што прамысловасць працавала не толькі на склад, але і ў доўг. І калі б перад прадпрыемствамі была пастаўленая задача працаваць на фінансавы вынік, дык паказчыкі па экспарце і аб'ёмах прамысловай вытворчасці апынуліся б ніжэй яшчэ на 5-10 адсоткавых пунктаў.

Напісаць каментар 52

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках