9 лiстапада 2024, Субота, 5:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Імпатэнты

14
Імпатэнты

Рэзка выказаўся пра новыя праблемы ў беларуска-расейскіх адносінах былы першы намеснік старшыні кіраўніка Цэнтрабанка Расеі Сяргей Аляксашанка.

У сваім блогу Сяргей Аляксашанка піша:

-- Вельмі дрэнна, калі палітык паўторна наступае на адныя і тыя ж граблі. Але ў тысячу разоў горш, калі ён увогуле не разумее існавання граблей і кожны ўдар па сваім ілбе ўспрымае як інтрыгі ворагаў.

Шырока разрэкламаваны Мытны саюз з Беларуссю праіснаваў роўна да канца навагоднягя застолля. Як толькі водгукі свята ў галаве прайшлі, Лукашэнка неадкладна вырашыў пачаць атрымліваць дывідэнды з гэтай арганізацыі. Не дарэмна ж ён падпісваўся пад яе стварэннем. А дывідэнды гэтыя вельмі простыя і нескладаныя - бяспошлінныя пастаўкі расейскай нафты. Уласна кажучы, у такім падыходзе ёсць свая логіка: калі Мытны саюз - гэта арганізацыя без ўнутраных мытных бар'ераў, то ніякіх экспартных пошлін на нафту паміж краінамі быць не павінна. Нездарма ж адразу пасля падпісання дакументаў Лукашэнка заявіў, што выйгрыш Беларусі і Казахстана складзе 16 млрд.даляраў. (Выйгрыш для Казахстана, відавочна, разлічваўся як патэнцыйны прыбытак ад бесперашкоднага доступу да экспартнай нафтавай трубы). Не дамовіўшыся пра пошліны, Расея проста спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь.

Так што, навошта дзве астатнія краіны ўступалі ў Мытны саюз, што яны хочуць ад яго атрымаць было зразумела з самага пачатку. А вось, навошта гэта было трэба Расеі - зразумець складана. У мяне ёсць толькі адно тлумачэнне - фантомныя болі расейскага лідэра, для якога мара аб аднаўленні краіны, разбуранай у ходзе найбуйнейшай геапалітычнай катастрофы, застаецца занадта назойлівай. І на гэтым шляху ён гатовы ў сто першы раз дамаўляцца з сваім беларускім візаві, які як Панікоўскі «вас усіх яшчэ прадасць і купіць», не вельмі выразна фармулюючы мэты і інтарэсы, не звяртаючы ўвагі на граблі і іншыя нявырашаныя да падпісання дакументаў праблемы. У сувязі з гэтым, было дастаткова смешна чуць, як Прэзідэнт РФ заявіў пра тое, што выйгрыш Расеі ад стварэння Мытнага саюза складзе 400 млрд.даляраў, што складае прыкладна 30% расейскага ВУП. (Падобна на тое, ні ён сам, ні ягоныя дарадцы не вельмі добра разумеюць маштабы эканамічных з'яў.) Мае спробы ў прыватных гутарках знайсці тлумачэнне гэтым велічыням траплялі выключна на фразы, тыпу «ну, ты што, не разумееш - гэта ж крута!»

Мастацтва палітыка, як і шахматыста, складаецца ва ўменні выбудоўваць прычынна-следчыя сувязі як на стадыі аналізу, так і на стадыі прагнозу. Калі ж палітык не здагадваецца пра іх існаванне, а ўсе яго дзеянні падпарадкоўваюцца выключна «я хачу!», то на першым жа павароце стане відавочна, што ён проста не можа дабівацца пастаўленых мэтаў.

P.S. Мне распавялі, што пакуль расейская дэлегацыя ляцела ў Менск для падпісання дакументаў аб стварэнні Мытнага саюза, то міністр фінансаў Кудрын ўгаварыў Прэзідэнта РФ не падпісваць гэты дакумент. Але на шляху з аэрапорта ў рэзідэнцыю нейкі іншы чыноўнік, які сядзеў з Прэзідэнтам у машыне, пераканаў яго ў адваротным. Ці варта пасля гэтага чамусьці здзіўляцца?

Сяргей Аляксашанка - кіраўнік аналітычнай групы «Цэнтр развіцця», былы першы намеснік старшыні Цэнтральнага банка РФ і член Савета дырэктараў ЦБ РФ; кандыдат эканамічных навук.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках