15 лiстапада 2024, Пятніца, 10:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Франак Вячорка: «Войска - гэта выпрабаванне на трываласць і ідэйнасць»

12

5 студзеня Франака Вячорку тэрмінова выпісалі з Мазырскага скурна-венералагічнага дыспансера, нягледзячы на тое, што ён праходзіў абследаванне.

29 снежня Франак Вячорка быў змешачны з вайсковай часткі ў шпіталь у сувязі з дыягнаставаннем у яго каросты. Бацька моладзевага актывіста, адзін з лідэраў Партыі БНФ Вінцук Вячорка адзначыў, што яшчэ 4 студзеня доктар заяўляла Франаку пра неабходнасць прабыць у медыцынскай установе яшчэ некалькі дзён, каб далячыцца і прайсці абследаванне.

«Аднак сёння, 5 студзеня, да Франака прыйшла кіраўнік дыспансера і заявіла, што яго выпісваюць, суправадзіўшы гэта словамі:«Не хацеў сядзець ціха - адпраўляйся ў частку», - сказаў Вінцук Вячорка.

Вячорка звязвае тэрміновую выпіску сына з шпіталя з анансаваннем на сайце «Радыё Свабода» онлайн-канферэнцыі з удзелам Франака.

«І кіраўніцтва часткі, і спецслужбы відавочна ўсхваляваліся тым, што Франак вырваўся з ізаляцыйнага інфармацыйнага бар'ера. Акрамя таго, гэта асабліва небяспечна для кіраўніцтва часткі, якія дапусцілі ў казармах такую антысанітарыю, што салдаты хварэюць на каросту», - лічыць Вінцук Вячорка.

Ён таксама звярнуў увагу на яшчэ адзін, на яго думку, паказальны момант. «Франаку ў шпіталі кожны дзень вымяралі ціск. Ніжні парог ляжаў у межах 100-110, а верхні - 150-165. Гэта яшчэ раз сведчыць пра тое, што для службы ў войску ён не прыдатны», - сказаў Вінцук Вячорка.

Пасля тэрміновай выпіскі Франак Вячорка паспеў даць каментар «Радыё Свабода» і распавесці пра сваю вайсковую службу.

«На жаль, у маёй сітуацыі, ад самага пачатку служба аказалася формай несправядлівага і незаконнага зняволення, і я настроены змагацца. Гэта -- выпрабаванне на трываласць і ідэйнасць. Мне адразу прапанавалі выбар. Калі ціха сяджу, не выступаю -- атрымліваю сяржанцкія лычкі, тэлефон, звальненні, блаславенне камандавання. Але я пачаў весці дзённік у Інтэрнэце, і гэта было пачаткам псіхалагічнай вайны. Дзённік я працягваю і цяпер, апублікую пасля дэмбелю.

Адстаяў права на мову ў войску. Пераклаў статуты. Некаторыя салдаты спрабуюць размаўляць па-беларуску. Своечасова пачалі прыходзіць беларускамоўная «Звязда», незалежная прэса.

Давялося стаць «салдацкім адвакатам»: як толькі праблемы, вайсковыя ці цывільныя -- звяртаюцца да мяне, і я дапамагаю. Адрамантавалі таксафон, часткова дазволілі мабільнікі, часам даюць законны сон пасля начных дзяжурстваў. Да карантыну былі і звальненні. Адрамантавалі бачкі ў туалетах і лазню. Апроч таго, разам мы сабралі бібліятэчку, якая ўжо налічвае 200 кніжак. Салдаты пачалі чытаць. Калі хварэлі -- я не маўчаў. У пачатку снежня палова батальёна злегла з вострым грыпам. Ужо праз два тыдні новае захворванне -- кароста. Усё гэта сведчыць пра недастатковыя санітарныя ўмовы ды абыякавасць да здароўя салдат. Дарэчы, калі пачыналася эпідэмія грыпу, камандаванне ўсіх гвалтоўна запісвала ў БРСМ. Гэта паказвае, якія ў каго прыярытэты», -- заявіў Франак Вячорка.

Нагадаем, што ў ліпені 2008 года медкамісія ваенкамата Савецкага раёна Менска прызнала Франака Вячорку непрыдатным да вайсковай службы па стане здароўя. Абласная медкамісія паставіла гэтае рашэнне пад сумнеў. Пасля абследавання ў ваенным шпіталі маладому чалавеку была дадзена адтэрміноўка ад службы да сакавіка 2009 года. Аднак 16 студзеня ваенкамат Савецкага раёна Менска прызнаў моладзевага актывіста прыдатным да вайсковай службы. Суд гэтага ж раёна, дзе было абскарджана рашэнне ваенкамата, 23 студзеня пакінуў яго ў сіле. Рашэнне суда было прынята ў адсутнасць Франака Вячоркі і яго адваката.

Зараз малады чалавек праходзіць службу ў вайсковай частцы 48694 у Мазыры (Гомельская вобласць).

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках