15 лiстапада 2024, Пятніца, 10:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Нямецкая хваля»: За «Хросным бацькам-4» з'явіцца працяг

63
«Нямецкая хваля»: За «Хросным бацькам-4» з'явіцца працяг

Інфармацыйны ціск Расеі на кіраўніка Беларусі будзе ўзмацняцца, лічаць эксперты.

І паказаны па НТВ фільм «Хросны бацька-4» - хутчэй за ўсё, не апошні расейскі тэлепраект, накіраваны супраць Лукашэнкі, перадае «Нямецкая хваля».

На погляд незалежных экспертаў, фільмам «Хросны бацька-4», які быў паказаны 8 кастрычніка па расейскім тэлеканале НТВ, арсенал сродкаў дыскрэдытацыі беларускага дыктатара далёка не вычарпаны. У Крамля маецца безліч нагодаў і магчымасцяў працягваць інфармацыйную вайну, лічаць аналітыкі.

Фільм і рэакцыя

Фільм «Хросны бацька-4», як і ўсе папярэднія серыі гэтага тэлепраекта расейскага тэлеканала НТВ, у Беларусі паказаны не быў. Аднак шмат якія беларусы паспелі азнаёміцца з ім у інтэрнэце яшчэ да выхаду ў расейскім тэлеэфіры ў еўрапейскай частцы краіны. У фільме зноў абмяркоўвалася тэма зніклых беларускіх апазіцыйных палітыкаў і, як адзначае праваабаронца Алег Воўчак, які выступіў у «Хросным бацьку» як эксперт, быў прадстаўлены новы ўскосны сведка па справе аб палітычных знікненнях у Беларусі.

Зыходзячы з мноства прэтэнзіяў да беларускіх уладаў, якія высоўваюцца ў фільме, на погляд Воўчака, беларускай пракуратуры застаецца два варыянты дзеянняў: ці ўзбудзіць справу ў дачыненні да НТВ за паклёп, ці прыняць да разгляду ўсе гэтыя відэаматэрыялы.

Для новага фільма пра зніклых беларускіх палітыкаў могуць з'явіцца новыя матэрыялы. Па словах Алега Воўчака, такія матэрыялы збірае, у прыватнасці, Фонд падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі імя Тадэвуша Касцюшкі, зарэгістраваны ў Галандыі.

Паводле звестак праваабаронцы, дзесьці паўгады таму гэты цэнтр атрымаў ліст ад нейкай ананімнай асобы, якая паведаміла, што валодае 16 відэакасетамі, дзе адлюстраваныя расправы не толькі над палітычнымі апанентамі беларускай улады, але і над бізнэсмэнамі. І ананім нібыта гатовы за 250 тысячаў даляраў давесці іх да публічнага ведама.

Новыя магчымасці

Кіраўнік юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінскага камітэта (БХК) Гары Паганяйла, які таксама зняўся ў фільме «Хросны бацька», лічыць, што толькі тэлепраектамі Масква ў гэтым выпадку не абмяжуецца. Паганяйла нагадаў, што сёння ў Расеі пражываюць ці, прынамсі, часова знаходзяцца былыя беларускія высокапастаўленыя чыноўнікі, якія былі звязаныя з расследаваннем так званым «гучных» справаў.

Такім чынам, зазначае юрыст, у расейцаў ёсць магчымасць самім узбудзіць крымінальныя справы ў дачыненні да вышэйшых службовых асобаў Беларусі па так званай універсальнай крымінальнай юрысдыкцыі.

У выпадку ўзбуджэння такіх справаў у Расеі, па словах Паганяйлы, могуць быць дапытаныя былыя міністры ўнутраных справаў Беларусі Уладзімір Навумаў і Юры Сівакоў, былы генпракурор і дзяржсакратар Савета бяспекі Віктар Шэйман, якія пражываюць ці наведваюць з візітамі Расею. Расея таксама будзе мець права абвясціць іх у вышук па лініі Інтэрпола, адзначае Гары Паганяйла.

Напісаць каментар 63

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках