27 снежня 2024, Пятніца, 14:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міліцыя перашкаджае збору подпісаў за Андрэя Саннікава

76

Сябра ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за вылучэнне Андрэя Саннікава кандыдатам у прэзідэнты быў затрыманы міліцыяй у аўторак у 20.30 у Дзяржынску.

Валанцёр Аляксандр Старнагуцкі збіраў подпісы ў жылым доме, а калі ён выйшаў з чарговага пад'езда, да яго пад'ехаў міліцэйскі аўтамабіль і супрацоўнікі міліцыі спыталі ў яго, што ён там рабіў. Старнагуцкі распавёў пра збор подпісаў і паказаў пашпарт з пасведчаннем сябра ініцыятыўнай групы, супрацоўнікі міліцыі затрымалі яго і пачалі на месцы складаць пратакол за адсутнасць флікера, паведамляе сайт грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь».

Калі Старнагуцкі прадэманстраваў супрацоўнікам міліцыі флікер, які, зрэшты, не абавязкова насіць у жылой зоне, і сказаў, што не будзе падпісваць пратакол, яны сказалі, што знойдуць двух сведак, якія пацвердзяць іх праўду. Валанцёра пасадзілі ў машыну, пад'ехалі да таксістаў, якім у загадным парадку сказалі падпісаць пратакол. Пасля гэтага Старнагуцкі быў вызвалены. На развітанне супрацоўнікі міліцыі сказалі, каб ён чакаў пастанову аб штрафе памерам больш за сто тысячаў рублёў.

Сябра ініцыятыўнай групы мае намер у хуткім часе падаць скаргу на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі.

Гэта не першы выпадак, калі супрацоўнікі міліцыі перашкаджаюць збору подпісаў за Андрэя Саннікава, так у нядзелю быў затрыманы іншы сябра гэтай ініцыятыўнай групы Ілля Шчарбінскі. Маладога чалавека затрымалі за тое, што ён нёс да месца пікету сцяг Еўрапейскага звяза, але абвінавацілі яго ў дробным хуліганстве і аштрафавалі нібыта за нецэнзурную лаянку ў грамадскім месцы.

Напісаць каментар 76

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках