16 лiстапада 2024, Субота, 12:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праваабаронцы: Героям фільма «Хросны бацька» павінны прад'явіць абвінавачванне

17
Праваабаронцы: Героям фільма «Хросны бацька» павінны прад'явіць абвінавачванне

У чарговай серыі фільма «Хросны бацька» прагучала новая інфармацыя, датычная справаў аб гвалтоўных знікненнях.

Гаворка ідзе пра выкраданні генерала Юрыя Захаранкі, бізнэсмэна Анатоля Красоўскага, палітыка Віктара Ганчара і тэлеаператара Дзмітрыя Завадскага.

Было заяўлена, што адзін з былых супрацоўнікаў Спецыяльнага атрада хуткага рэагавання нехта А. Васільеў нібыта ніколі не хаваў свайго асабістага ўдзелу ў выкраданні і забойстве Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадскага. І што спецназавец Валеры Ігнатовіч, які асуджаны за выкраданне Дзмітрыя Завадзкага, былы камандзір вайсковай часткі 3214 палкоўнік Дзмітрый Паўлічэнка і гэты самы Васільеў «павязаныя крывёю». Паўлічэнку, дарэчы, у фільме называюць арганізатарам гучных знікненняў.

Паведамляецца, што ў свой час маёр Васільеў быў асуджаны Беларускім вайсковым судом за забойства дзяўчыны. Аднак у фільме сцвярджаецца, што Васільева схавалі за краты не столькі за забойства, колькі за інфармацыю пра гучныя знікненні, якой ён быццам бы валодае.

Варта адзначыць, што распавядае пра Васільева былы салдат вайсковай часткі 3214 Дзмітрый Новічак, які таксама быў асуджаны (за што канкрэтна - не называецца) і які сустрэў Васільева ў адной з калоніяў падчас прагулкі. Па словах Новічака, дзе зараз знаходзіцца Васільеў - невядома.

«Народная воля» пацікавілася, якую пазіцыю займае Генпракуратура Беларусі: ці ўзбудзіць справу ў дачыненні да тэлеканала НТВ ці далучыць скандальнае відэа да матэрыялаў крымінальнай справы?

«Мне ніхто нічога не даводзіў, таму я не магу нічога каментаваць, - адказаў начальнік упраўлення інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю Генпракуратуры Пётр Кісялёў. - І што-небудзь даведацца па гэтым пытанні, шчыра кажучы, няма магчымасці. Я ніякіх камандаў не атрымліваў. На нарадах прысутнічаю - там таксама нічога такога не гучала».

Па словах Пятра Кісялёва, даведацца што-небудзь ў следчага, які займаецца справамі аб гвалтоўных знікненнях, няма магчымасці.

«Калі мяне упаўнаважаць, я буду мець «Народную волю» на ўвазе, а пакуль Генеральная пракуратура нічога не каментуе», - сказаў Кісялёў.

Следчы па найважнейшых справах пракуратуры Менска Юры Вараўка, які вядзе справу Захаранкі, Ганчара, Красоўскага, з журналістамі не кантактуе. Цікавая дэталь: нядаўна ён пайшоў на падвышэнне - стаў намеснікам начальніка следчага аддзела пракуратуры Менска ...

Алег Воўчак: Маёра Васільева варта дапытаць ... »

Былы следчы пракуратуры Алег Воўчак лічыць, што пракуратура абавязаная адшукаць маёра Васільева і дапытаць яго.

- Згодна з Крымінальна-працэсуальным кодэксам, калі ў сродках масавай інфармацыі з'яўляюцца падрабязнасці пра здзейсненыя злачынствы, а тым больш цяжкія, пракуратура павінна неадкладна прыняць меры і распачаць расследаванне, - кажа Алег Воўчак. - На мой погляд, следчы, які вядзе справу аб гвалтоўных знікненнях Захаранкі, Ганчара і Красоўскага, зараз абавязаны ўсталяваць асобу маёра Васільева. Высветліць, ці быў ён на самой справе адным з кіраўнікоў САХРу і намеснікам Дзмітрыя Паўлічэнкі па фізпадрыхтоўцы, за што асуджаны. І калі такая персона на самой справе існуе, дык следчы павінен запрасіць яго на допыт. Пакуль, натуральна, у якасці сведкі.

Да матэрыялаў крымінальнай справы, на мой погляд, павінны быць далучаныя ўсе серыі фільма «Хросны бацька», паколькі ў іх утрымліваецца інфармацыя аб магчымай датычнасці вышэйшых службовых асобаў Беларусі да знішчэнняў Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадскага. Вывучыўшы і прааналізаваўшы інфармацыю з серыяла «Хросны бацька», следчы павінен вырашыць, паклёп гэта ў дачыненні да вышэйшых службовых асобаў ці не. І калі высветліцца, што не паклёп, дык некаторым відавочна павінна быць прад'яўленае абвінавачванне ў выкраданні і забойстве. Трэцяга не дадзена.

Зрабіць выгляд, што нічога не адбылося і ніякай новай інфармацыі не прагучала, у дадзеным выпадку не атрымаецца. Пракуратура абавязаная адрэагаваць на заявы аб тым, што маецца важны сведка, які нібыта асабіста прысутнічаў пры ліквідацыі Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадскага.

Дарэчы, следчы павінен дапытаць і Дзмітрыя Новічака, які перад тэлекамерамі распавёў пра маёра Васільева і іншыя вядомыя яму падрабязнасці пра гучныя знікненні.

Справа Дзмітрыя Завадзкага прыпыненая

Ужо больш за чатыры гады не вядзецца ніякіх актыўных следчых дзеянняў па пошуку тэлеаператара ГРТ Дзмітрыя Завадскага.

«Апошнюю афіцыйную паперу з весткай пра тое, што справа Дзімы прыпыненая, я атрымала ў красавіку 2006 года, - кажа ўдава тэлеаператара Святлана Завадская. - Я добра памятаю, што расследаванне аднавілі якраз перад мінулымі прэзідэнцкімі выбарамі. А потым прыпынілі - і цішыня.

Не выключана, што і зараз справу Завадзкага могуць аднавіць - для галачкі, каб лішні раз прадэманстраваць, што расследаванне нібыта вядзецца. Але на самой справе чатыры гады Дзіму ніхто не шукаў».

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках