16 лiстапада 2024, Субота, 10:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чавеса крытыкуюць ў Венесуэле за сувязі з беларускім дыктатарам

6

Супрацоўніцтва з рэпрэсіўнымі рэжымамі выклікала абурэнне нават прыхільнікаў Уга Чавеса.

Як перадае «Al Jazeera», змагар за свабоду свету ад «амерыканскай гегемоніі» прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес робіць турнэ па Усходняй Еўропе і Блізкім Усходзе.

Ён падпісаў з Расеяй шэраг пагадненняў у галіне энергетыкі (у прыватнасці, дамовіўся аб будаўніцтве ў Венесуэле першай АЭС), у дзявяты раз наведаў сталіцу Ірана і прапанаваў «бліжэйшыя 200 гадоў» забяспечваць Беларусь нафтай.

Ад гасцёўняў палітызаванай Венесуэлы да высокіх кабінетаў Вашынгтона, Пекіна і Масквы простыя людзі і прадстаўнікі сусветных элітаў абмяркоўваюць выхадкі палітыка, які лічыць сябе прадвеснікам «сацыялізму 21-га стагоддзя».

«Ранейшыя ўрады Венесуэлы ездзілі практычна выключна ў Вашынгтон і толькі ў Вашынгтон, які вызначаў іх знешнюю палітыку», - кажа прафесар Памона-каледжа Мігель Цінкер Салас (Miguel Tinker Salas), аўтар манаграфіі «Даўгавечная спадчына: Нафта, культура і грамадства ў Венесуэле» ( «The Enduring Legacy: Oil, Culture and Society in Venezuela»).

«Гэтыя візіты нацэленыя адначасова на стварэнне ўмоваў, у якіх можа існаваць шматпалярны свет, і на падпісанне нафтавых кантрактаў», - мяркуе Салас, які жыве паміж сталіцай Венесуэлы Каракасам і Паўднёвай Каліфорніяй, у якой ён выкладае.

Венесуэла валодае шостымі ў свеце па аб'ёме запасамі нафты. Па дадзеных Цэнтральнага разведвальнага ўпраўлення ЗША, на долю нафты прыпадае прыкладна 80 адсоткаў венесуэльскай экспартнай выручкі і каля паловы прыбыткаў цэнтральнага ўрада. Таму нядзіўна, што Чавес кантактуе з іншымі нафтадзяржавамі - Іранам, Лівіяй, Расеяй.

Знешнепалітычныя супярэчнасці

Аднак візіты ў Беларусь і - да некаторай ступені - на Украіну і ў Сірыю, прымушаюць аналітыкаў чухаць патыліцы.

«Не думаю, што Чавес атрымае сур'ёзныя эканамічныя перавагі дзякуючы сваёй цэнтральнаазіяцкай прагулцы, - кажа Нікалас Казлоф (Nikolas Kozloff), аўтар некалькіх кнігаў па Паўднёвай Амерыкі, у ліку якіх «Уга Чавес: Нафта, палітыка і выклікі Злучаным Штатам» («Hugo Chavez: Oil, Politics and the Challenges to the United States»). - Спрабуючы стварыць шматпалярны свет, ён стварае знешнепалітычныя супярэчнасці».

Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка, якога Чавес называе «таварышам», жалезнай рукой кіруе краінай ужо больш за 15 гадоў. У адрозненне ад іншых былых савецкіх рэспублікаў, якія імкнуліся парваць з гісторыяй халоднай вайны, у Беларусі таемная паліцыя дагэтуль называецца КДБ, падобна да сумна вядомай савецкай службы бяспекі.

Лукашэнка пагражаў удзельнікам пратэстаў апазіцыі, заяўляючы: «Мы звернем ім шыю імгненна - як качанятам».

Тым не менш, Чавес палічыў магчымым сказаць, што Лукашэнка дапамагае ствараць «альтэрнатыву імперыялізму».

Шмат каму з тых, хто цалкам падтрымлівае спробы Чавеса супрацьстаяць гегемоніі ЗША, магутнай венесуэльскай эліце і паўсюднай няроўнасці, цяжка пераварыць падобныя заявы. «Ён выступае ў падтрымку рэпрэсіўнага ўрада, у якога мала агульнага з левымі рэформамі, што ідуць у Лацінскай Амерыцы, - кажа Казлоф. - У выніку прыхільнікі Чавеса, якія маўчаць па знешнепалітычных пытаннях, прайграюць венесуэльскай апазіцыі».

«Я не вялікі прыхільнік венесуэльскай апазіцыі, - сцвярджае ён. - Яна занадта цесна звязаная з бізнесам і ў дадатак супрацоўнічае з ЗША. Аднак па пытанні аб знешняй палітыцы апазіцыя, [якая крытыкуе сяброўства з рэпрэсіўнымі рэжымамі], мае рацыю, а Чавес не мае».

Дамовіўшыся прадаць Беларусі на працягу трох гадоў прыкладна 30 мільёнаў тон нафты, і падпісаўшы кантракт на набыццё ў Расеі сучасных танкаў у дадатак да астатняга набытага ў яе з 2005 года ўзбраення, на якое было выдаткавана каля 4 мільярдаў даляраў, Чавес адправіўся ў Іран.

Там, падчас сустрэчы з іранскім прэзідэнтам Махмудам Ахмадзінежадам, ён заявіў, што дзве краіны будуць «сумесна будаваць новы сусветны парадак, заснаваны на гуманнасці і справядлівасці».

На першы погляд, цёплыя стасункі паміж Ісламскай рэспублікай Іран і Венесуэлай, што ўзначальваецца Чавесам, якая называе сябе «хрысціянскім сацыялістам», могуць падацца дзіўнымі.

Праблема Саўдаўскай Аравіі

Аднак, па словах Казлофа, «геапалітыка перамагае рэлігію», бо ў сучасны момант «палітычныя вятры ў Іране і Венесуэле дзмуць у адным накірунку», і інтарэсы дзвюх пастаўшчыкоў нафты ў АПЕК - Арганізацыі краінаў-экспарцёраў нафты - супадаюць.

«Калі Чавес у першы раз быў абраны ў 1998 годзе, венесуэльская нафта каштавала ад васьмі да дзевяці даляраў за барэль, - распавядае Салас. - Зараз і Венесуэла і Іран хочуць, каб нафта прадавалася за 70 - 90 даляраў за барэль».

Між тым, Саудаўская Аравія - саюзніца ЗША і ўладальніца самых вялікіх у свеце запасаў нафты - мяркуючы па ўсім, палічыла б за лепшае не гэткія высокія кошты, каб краіны-спажыўцы нафты былі задаволеныя і рынак заставаўся стабільным. Больш за тое, у Саудаўскай Аравіі прахалодныя стасункі з Іранам, і як кампенсуючы вытворца яна можа выкарыстоўваць нафту ў якасці эканамічнай зброі.

«Для саўдзітаў, якія асцерагаюцца рэлігійных, геапалітычных і ядзерных амбіцыяў Ірана, рашэнне панізіць кошт на нафту валодае шэрагам перавагаў - у прыватнасці, яно дазволіць пазбавіць Іран свабодных сродкаў», - адзначае ў сваім рэпартажы тэлеканал NBC.

Венесуэла і Іран, з’яўляючыся не гэткімі буйнымі экспарцёрамі, больш залежаць ад нафтавых коштаў, таму іх інтарэсы ў АПЕК і на сусветных нафтавых рынках супадаюць.

Усталёўваючы сувязі з краінамі, у якіх склаліся няпростыя стасункі з Захадам, Чавес спрабуе выглядаць лідэрам новага «руху недалучэння», выступаючы за яднанне Лацінскай Амерыкі і паўднёвых краінаў у цэлым.

«У шмат якіх адносінах, на мой погляд, Чавес ідзе па шляху [Гамаля Абдэля] Насэра, [егіпецкага прэзідэнта, які кіраваў у 1956-1970 гадах, які спрабаваў прасоўваць ідэі панарабскага нацыяналізму]. Чавес выбраў адзінства Лацінскай Амерыкі агульнанацыянальнай мэтай», - мяркуе Марк Кац (Mark Katz), прафесар Універсітэта Джорджа Мэйсана, які займаўся Лацінскай Амерыкай і Блізкім Усходам.

«Зрэшты, ідэя аб'яднання Лацінскай Амерыкі па Чавесу не спрацавала. У гэтым рэгіёне ёсць толькі адна патэнцыйная вялікая дзяржава, і гэта Бразілія. Буйныя краіны не прызнаюць лідэрства маленькіх», - дадае Кац.

Прагрэс Венесуэлы

Зрэшты, нягледзячы на праблематычную, на думку шэрагу прыхільнікаў Чавеса знешнюю палітыку, перамены, якія адбываюцца ў Венесуэле, працягваюць выклікаць шмат у каго аптымізм.

«Па дадзеных ААН і іншых міжнародных арганізацыяў умовы жыцця сярэдняга жыхара Венесуэлы пры Чавесе палепшыліся», - кажа Салас, дадаючы, што краіна пры гэтым працягвае пакутаваць ад сваіх адвечных праблемаў, такіх як высокая інфляцыя і злачыннасць.

Выбары, якія прайшлі ў верасні, паказалі, што апазіцыя зрабіла пэўныя поспехі, пазбавіўшы Чавеса абсалютнай большасці ў Кангрэсе. Аднак большасць венесуэльцаў на дэмакратычных выбарах усё ж у чарговы раз выказаліся за сацыялізм 21-га стагоддзя.

І хаця візіты Чавеса ў Беларусь, на Украіну і ў Сірыю шмат каму падаюцца дзіўным, яго праект інтэграцыі Лацінскай Амерыкі сустракае шырокую падтрымку.

«Калі я быў дзіцем, я ніколі не бачыў у венесуэльскіх крамах бразільскую і аргентынскую прадукцыю - толькі амерыканскую. Зараз у Венесуэле можна набыць шырокі шэраг прадуктаў з іншых лацінаамерыканскіх краінаў», - тлумачыць Салас.

Як дэмакратычна абраны лідэр Чавес у першую чаргу нясе абавязальніцтвы перад людзьмі, якіх ён прадстаўляе. Між тым, са свайго міжнароднага турнэ ён вернецца ў палітычна расколатую краіну. Салас адчувае гэты раскол на ўласным вопыце - большасць чальцоў яго сям'і, у адрозненне ад яго, «падтрымлівае апазіцыю».

Праамерыканская апазіцыя нападае практычна на кожны крок, які робіць Чавес, і пасля падтрыманай Вашынгтонам спробы перавароту прэзідэнта цяжка абвінавачваць за тое, што ён шукае новых саюзнікаў. Аднак у выніку сама ідэя шматпалярнасці ператварылася ў падставу для палярызацыі, а Чавес, выглядае, пачаў дзейнічаць па прынцыпе «вораг майго ворага - мой сябар».

Шматпалярнасць немагчыма пабудаваць на падобным сумніўным падмурку, яе нельга ўмацоўваць сяброўствам з аўтакратамі, якія не выклікаюць даверу. Прагрэсіўныя лідэры не павінны выбіраць сабе саюзнікаў выключна па прынцыпе супрацьстаяння з ЗША.

Аднак і ўнутры краіны, і за яе межамі, па словах Саласа, «сама пастаноўка пытання выключае прамежкавыя варыянты». Магчыма, менавіта ў гэтым і заключаецца галоўная праблема.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках