27 снежня 2024, Пятніца, 11:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дуня Міятавіч сустрэлася з беларускімі журналісткамі, якія знаходзяцца пад следствам

11
Дуня Міятавіч сустрэлася з беларускімі журналісткамі, якія знаходзяцца пад следствам

Прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ сустрэлася з Наталляй Радзінай, Ірынай Халіп, Марынай Коктыш і Святланай Калінкінай.

Сустрэча адбылася 25 кастрычніка ў Менску, куды прадстаўнік АБСЕ Дуня Міятавіч прыехала для азнаямлення з сітуацыяй са свабодай слова ў Беларусі. Нагадаем, што журналіст сайта charter97.org Наталля Радзіна, журналіст расейскай «Новай газеты» Ірына Халіп і журналісты «Народнай волі» Марына Коктыш і Святлана Калінкіна знаходзяцца пад крымінальным пераследам з-за публікацыі матэрыялаў, якія крытыкуюць улады. Супраць сайта charter97.org распачатыя дзве крымінальныя справы.


«Дуня Міятавіч вельмі добра разумее ўмовы працы журналістаў ва ўмовах дыктатарскай Беларусі, бо сама родам з Босніі, і ў 1990-я гады ў якасці аднаго з заснавальнікаў Агенцтва па кіраванні інфармацыяй Босніі і Герцагавіны дапамагала ў стварэнні прававых, нарматыўных і палітычных рамак для СМІ ў складаных умовах пасляваеннага перыяду. Мы былі рады сустрэцца з Дуняй Міятавіч і таму, што яна першая кінулася нас абараняць, калі ў нашых офісах і кватэрах прайшлі ператрусы і канфіскацыі. Гэта адбылося ў сакавіку, Дуня Міятавіч толькі стала прадстаўніком АБСЕ па свабодзе СМІ, і яе заявы пратэсту рушылі ўслед вельмі аператыўна.

Мы распавялі прадстаўніку АБСЕ пра гібель журналіста Алега Бябеніна, «пасткі», якія тоіць у сабе указ аб цэнзуры інтэрнэту, пра тое, што супраць нас па-ранейшаму ўзбуджаныя крымінальныя справы, а канфіскаваную тэхніку ніхто не вярнуў. Пра тое, што напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў сітуацыя ў Беларусі толькі пагаршаецца, і сёння нам як ніколі неабходная падтрымка міжнароднай супольнасці і нашых замежных калегаў. Дуня Міятавіч выказала салідарнасць з намі, сказала, што яна заўсёды будзе на баку свабоды слова. Па выніках яе візіту ў Менск будзе прынятая спецыяльная заява», - сказала пасля сустрэчы журналіст сайта charter97.org Наталля Радзіна.

«Відавочна, што сітуацыя ў Беларусі ў Еўропе добра вядомая, у прыватнасці, што тычыцца свабоды СМІ. Усё выдатна разумее і Дуня Міятавіч. Але сёння Еўропа і ўсе еўрапейскія чыноўнікі сутыкаюцца з праблемай, што рабіць, калі ўсе іх ўмовы і прапановы Лукашэнкам адхіляюцца. Таму ідзе пошук мінімальных крокаў, якія можна прапанаваць. Дуня Міятавіч не хавала, што не чакае ад свайго візіту кардынальных зменаў. Я выказала меркаванне, што Еўропа мусіць ставіць беларускім уладам жорсткія ўмовы, у прыватнасці адносна прызнання прэзідэнцкіх выбараў. Таму што, калі няма свабоды СМІ, калі апазіцыю не пускаюць на тэлебачанне, калі над вядучымі журналістамі вісяць крымінальныя справы, гэта азначае, што выбары не будуць свабоднымі», - упэўненая шэф-рэдактар «Народнай волі» Святлана Калінкіна.

«Прыемная, непасрэдная і вельмі рэалістычная дама. Спадабалася яе імгненная рэакцыя на выказванне, якое прагучала з вуснаў аднаго з удзельнікаў «круглага стала» «Беларускі сегмент сеткі інтэрнэт: праблемы і перспектывы». Калі прадстаўнік МУС раптам заявіў, што не можа знайсці для дыялогу прадстаўнікоў інтэрнэт-супольнасці, Дуня Міятавіч заявіла: «Я старалася заставацца вельмі спакойнай, калі вы казалі, што гэтых людзей нельга знайсці. Гэта проста няпраўда, таму што яны не віртуальныя, яны ёсць, і мы з імі маем зносіны». Мне здалося, што Дуня Міятавіч выдатна інфармаваная пра беларускую рэчаіснасць. Ведае, якія праблемы хвалююць журналістаў. Нягледзячы на тое, што Дуня Міятавіч цытуе выказванні некаторых цяперашніх беларускіх чыноўнікаў, думаю, ім было няпроста мець зносіны з ёй», - упэўненая намеснік рэдактара «Народнай волі» Марына Коктыш.

«Цяпер прынцыповая і цвёрдая пазіцыя Еўропы важная для Беларусі, як ніколі. У мяне няма ілюзій у дачыненні да непаваротлівых і бюракратычных еўрапейскіх структураў, але ўсім вядома, што цвёрдасць пазіцыі заўсёды з'яўляецца вынікам дзейнасці найбольш актыўных асобаў. Сталыя патрабаванні да беларускіх уладаў расследаваць знікненне людзей - гэта шмат у чым следства велізарнай працы асобна ўзятага Хрыстаса Пургурыдаса.

Пасля сустрэчы з Дуняй Міятавіч я пераканалася, што яна з той жа пароды - барацьбітаў, а не бюракратаў. І здольная дамагчыся таго, каб Еўропа не шукала ў дзеяннях беларускіх уладаў міфічныя «пазітыўныя крокі», а ацэньвала сітуацыю аб'ектыўна», - заявіла журналістка «Новай газеты» Ірына Халіп.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках