28 снежня 2024, Субота, 22:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: «Тое, што Лукашэнка вырабляе ў дачыненні да Расеі, - гэта ганьба і абраза для людзей»

79
Андрэй Саннікаў: «Тое, што Лукашэнка вырабляе ў дачыненні да Расеі, - гэта ганьба і абраза для людзей»

Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі Андрэй Саннікаў даў эксклюзіўнае інтэрв'ю «Газеце.Ru».

- Чаму вы лічыце, што можаце перамагчы?

- Відавочна, што патрэбныя перамены, што яны ўжо пераспелі. Народ стаў адкрыта казаць: хопіць гэтай улады, хопіць трываць гэты рэжым. Сёння не толькі апазіцыя, але і ўсе беларусы хацелі б аздараўлення сітуацыі ў Беларусі. Гэта пацвярджаецца на сустрэчах з людзьмі падчас маіх паездак.

- На якія электаральныя групы вы абапіраецеся? Чым ваш электарат адрозніваецца ад электарату Лукашэнкі?

- Я абапіраюся на ўсіх. Мая праграма - мадэрнізацыя краіны - для ўсіх будзе прывабнай.

- Што вы думаеце пра сваіх супернікаў з ліку іншых апазыцыянераў?

- У мяне няма супернікаў, акрамя Лукашэнкі. Я, вядома, вітаю той факт, што тыя, хто належыць да апазыцыі, пайшлі ў людзі і кажуць пра змену ўлады, пра тое, што ў нас няма іншых рычагоў барацьбы, акрамя як вуліца. На гэтым сыходзяцца ўсе, таму што мы не маем доступу да дзяржаўных СМІ, перш за ўсё да тэлебачання, да радыё. Бліжэй да канца збору подпісаў, напэўна, трэба будзе пагаварыць па-сур'ёзнаму, хто разлічвае проста «адзначыцца», а хто хоча ўключыцца ў барацьбу.

- Вас ў СМІ часта называюць «трэцяй сілай», «новай сілай» і гэтак далей. Вы згодныя з такой ацэнкай?

- Я сябе не разглядаю як «трэцюю сілу», паколькі я дастаткова даўно ў апазіцыі, дастаткова даўно ў дэмакратычным руху. Адносна новай сілай - напэўна. Я не належу ні да якой партыі, але я ўвесь час рабіў усё, каб аб'ядноўваць намаганні ўсіх. Можна ўзгадаць вельмі шмат нашых ініцыятываў, пачынаючы з «Хартыі'97», дэманстрацыяў пратэсту, «Маршу свабоды», кампаніі «Еўрапейская Беларусь», у якой удзельнічалі сябры практычна ўсіх партыяў.

- На наступным этапе адзіны кандыдат ад апазіцыі можа быць?

- Можа быць, а можа і не быць.

Падзеі развіваюцца так імкліва, што давайце пачакаем наступнага этапу, перш чым вызначацца. Можа быць, больш карысны будзе адзіны кандыдат. Можа быць, карысна будзе два-тры кандыдаты ад апазіцыі.

- Ці магчымыя ў далейшым радыкальныя сцэнары ходу выбараў?

- Радыкальныя сцэнары з боку ўлады магчымыя, і яны заўсёды былі. Ужыванне гвалту супраць мірных дэманстрацыяў - гэта правіла ў Беларусі. Гэта лукашэнкаўскі modus vivendi - ён так жыве, ён лічыць, што толькі так зможа захаваць уладу.

Але мірныя дэманстрацыі не лічацца радыкальнымі дзеяннямі, і менавіта так мы будзем дзейнічаць. Я асабіста ніколі не разглядаў ніякіх варыянтаў, акрамя як негвалтоўны супраціў.

Мірныя дэманстрацыі - гэта нашае права па Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Нават у лукашэнкаўскай канстытуцыі ёсць запіс аб першынстве міжнароднага права над унутраным.

Як павядзе сябе ўлада? Ну, для мяне ідэальным быў бы сцэнар, калі сапраўды выконваецца закон Беларусі, і Лукашэнка, па законе, здымае сваю кандыдатуру, паколькі ён не мае права балатавацца. А Ярмошына (старшыня ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына - «Газета.Ru») сышла б са сваёй пасады, паколькі яна не мае права займаць пасаду кіраўніка Цэнтрвыбаркама. Але, паколькі яны гэтага не робяць, трэба чакаць, што яны паспрабуюць абараніць дыктатарскі рэжым.

- Ці магчымы з боку ўлады такі радыкальны сцэнар, як адмена ці перанос выбараў? Скажам, на падставе канфлікту з Расеяй ...

- Канфлікт з Расеяй не можа быць падставай для адмены выбараў. Але з боку ўладаў сёння можна чакаць любых неканстытуцыйных дзеянняў. Калі выбары адменяць, мы будзем настойваць на правядзенні выбараў, але ўжо без Лукашэнкі.

- Што Вы думаеце пра сённяшніх беларуска-расейскія стасункі?

- Тое, што Лукашэнка сёння вырабляе ў дачыненні да Расеі, - гэта ганьба і абраза для людзей. Гэта нікому тут не трэба. Няма тут ніякай яхіднасці, але не магу не сказаць пра тое, што Лукашэнка - прадукт Расеі. У Маскве доўгі час заплюшчвалі вочы на ўсе яго дзеянні, трывалі ўсю яго непрадказальнасць і невыкананне дамоўленасцяў ... Самі потым сталі прызнаваць, што больш за $ 50 млрд былі ўкінутыя ў якасці датацыяў, дапамогі і г. д. І гэта, на мой погляд, заніжаная лічба. Калі браць льготы па пастаўках нафты і адсутнасць пошліны, дык яшчэ і больш будзе.

Рэжым Лукашэнкі сапраўды існаваў дзякуючы падтрымцы Расеі, «беларускі эканамічны цуд» адбыўся дзякуючы шматмільярдным уліванняў. Сёння, напэўна, прыйшоў нейкі момант, калі нельга больш з кішэні расейскіх падаткаплацельшчыкаў аплачваць асобу, якая нічога не дае для рэальных узаемаадносінаў паміж народамі Расеі і Беларусі.

Зараз Лукашэнка спрабуе атрымаць выгаду са свайго раптоўнага агрэсіўнага стаўлення да Расеі - ён спрабуе прадаць гэта на Захад.

- Атрымаецца?

- Я спадзяюся, што не атрымаецца. Але я бачыў лабістаў з ліку бізнэсменаў ці бізнэсменаў ад палітыкі, якія прыязджалі сюды, гатовыя былі ў брудныя схемы ўкладваць грошы. Гэта спроба рэанімаваць нейкіх русафобаў на Захадзе, каб заручыцца іх падтрымкай, перш за ўсё фінансавай: «Выратуйце мяне, я вораг Расеі!».

- Калі вы прыйдзеце да ўлады, як вы станеце выбудоўваць стасункі з Масквой?

- Будзе імгненнае паляпшэнне стасункаў, таму што горш ужо няма куды. Проста перш-наперш трэба паглядзець дамоўленасці, пра якія я не ведаю, як і ўвесь беларускі народ. Бо дамоўленасці па газе, па нафце, па транзіце - яны ўсе за сям'ю пячаткамі. Толькі калі пачынаюцца нейкія скандалы, тады гэтыя лічбы вылазяць. А так мы сапраўды не ведаем, пра што гэтыя дамоўленасці.

- А ў стане Беларусь будзе разлічвацца з Расеяй пасля сыходу Лукашэнкі?

- Пасля змены ўлады шматкроць ўзрасце давер да краіны, пойдуць дэмакратычныя працэсы па падзеле ўладаў, па забеспячэнні дзеянні законаў - і гэта дазволіць нам казаць пра нармальныя крэдыты, пра выгадную прыватызацыю і гэтак далей. Галоўнае, гэта дазволіць прыцягваць інвестыцыі. Ну не ідуць зараз інвестыцыі! Думаю, пры новай уладзе можна будзе нармальна разабрацца ва ўсіх эканамічных сувязях і працаваць.

Таму што «братэрскія кошты» на газ - гэта нешта з галіны фантастыкі.

- З кім вы падтрымліваеце кантакты ў Маскве?

- Вось я літаральна ўчора атрымаў ліст ад аднакашнікаў па Дыпламатычнай акадэміі: «Стары, трымайся, мы з табой!» Я скончыў Дыпакадемію, вучыўся ў Маскве, працаваў у сістэме МЗС ... у мяне вельмі шмат кантактаў. Гэта трывалыя кантакты з аднакашнікамі, а не па нейкіх ідэалагічных лініях. Да таго ж дастаткова шмат езджу на розныя міжнародныя мерапрыемствы, прычым вельмі буйныя, такія як Брусэльскі форум, як Галіфакскі форум. Там прысутнічае сапраўды палітычная эліта, у тым ліку і расейская. І там я размаўляю, безумоўна, толькі пра сітуацыю ў Беларусі.

- Дзмітры Мядзведзеў у сваім нядаўнім выступе заявіў, што будзе падтрымліваць кантакты з усімі сіламі беларускага палітычнага спектру. Вы неяк гэта ўжо адчулі?

- Не, таму што я ж быў у паездцы па рэгіёнах, прыехаў толькі гэтай ноччу.

- Усё ж з маскоўскага бамонду хто-небудзь выказваў услых вам падтрымку?

- Па СМІ нешта падобнае праходзіла, а так я не ўзгадваю.

- Калі вы прыйдзеце да ўлады, як вы абыйдзецеся з чыноўнікамі, якія працавалі з Лукашэнкам? Прадпрымальнікамі, якія разбагацелі дзякуючы блізкасці да цяперашняй улады? Супрацоўнікамі спецслужбаў, скажам так, «палітычнага сектару»?

- Лукашэнка стварыў такую сістэму, што ўсё ў краіне замыкаецца на аднаго чалавека - на яго самога. Так, ёсць сілавыя ведамствы, якія ўдзельнічаюць у палітычных рэпрэсіях. Але я не прыхільнік нейкіх законаў аб люстрацыі, таму што гэта дадатковы канфлікт і ў пераходны перыяд ён абсалютна не патрэбны.

У той жа час чыноўнікам трэба задумацца. Тыя, хто сёння адкрыта скажуць, што гэтая ўлада ўжо збанкрутавала канчаткова і яна, акрамя бяды для Беларусі, нічога не нясе - тыя, вядома, будуць мець больш шанцаў быць запатрабаванымі новай уладай.

Што датычыць чыноўнікаў сярэдняга ўзроўню, дык я дастаткова добра адсочваю праз нейкія кантакты і праз прыезд спецыялістаў з іншых дзяржаваў іх узровень, і многія кажуць - гэта вельмі высокі еўрапейскі ўзровень. Гэта значыць падспуднае жаданне быць прафесіяналамі - яно прысутнічае і яно рэалізуецца.

- Як Вы думаеце, колькі будзе зарэгістравана Цэнтрвыбаркамам кандыдатаў у прэзідэнты?

- Паколькі ў нас усё гэта адбываецца ва ўгоду нейкаму сцэнару, магчыма уладзе неабходна будзе зарэгістраваць пабольш кандыдатаў. Але думаю, будзе не больш за пяць кандыдатаў.

Размаўляў Дзяніс Лаўнікевіч, «Газета.Ru»

Хто такі Андрэй Саннікаў

Андрэй Алегавіч Саннікаў нарадзіўся ў 1954 годзе ў Менску. Скончыў Менскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моваў (1977) і Дыпламатычную акадэмію МЗС СССР у Маскве (1989). Мае дыпламатычны ранг Амбасадара. Акрамя роднай беларускай свабодна валодае расейскай, ангельскай, францускай і польскай мовамі.

Працаваў у Беларускім таварыстве дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі, у Сакратарыяце ААН у Нью-Ёрку. З 1991 года - у Міністэрстве замежных справаў Беларусі.

Падчас працы ў МЗС прадстаўляў Беларусь на перамовах па раззбраенні ў межах СНД і на міжнародных перамовах, узначальваў беларускія дэлегацыі на розных двухбаковых перамовах і міжнародных форумах. Адказваў за двухбаковыя сувязі з заходнімі краінамі, раззбраенне, палітычныя пытанні ў ААН. Узначальваў працу беларускай дэлегацыі ў камісіях па дамовах «Аб скарачэнні наземных ўзбраенняў», «Аб ракетах сярэдняй і меншай дальнасці», «Аб супрацьракетнай абароне».

16 лютага 1995 г. указам Прэзідэнта № 68 быў прызначаны намеснікам Міністра замежных справаў Рэспублікі Беларусь. 1995 - 1996 гг. - Намеснік Міністра Замежных Справаў Рэспублікі Беларусь.

Напярэдадні рэферэндуму (лістапад 1996 года) сышоў у адстаўку ў знак пратэсту супраць палітыкі Аляксандра Лукашэнкі. З 11 лістапада 1996 года - міжнародны каардынатар нефармальнай грамадскай ініцыятывы «Хартыя'97».

Чалец Нацыянальнага Выканаўчага Камітэта («ценявы» кабінет апазіцыі).

Рэктар Народнага Універсітэта пры Міжнародным грамадскім аб'яднанні «Беларуская перспектыва».

У якасці грамадскага дзеяча удзельнічаў у міжнародных канферэнцыях у Польшчы, ЗША, Бельгіі, Германіі, Швейцарыі, Аўстрыі і іншых краінах. Выступаў з лекцыямі пра Беларусь ва ўніверсітэтах ЗША, Вялікабрытаніі, Швецыі, Нарвегіі, Бельгіі, Швейцарыі.

Жанаты, мае двух сыноў.

Напісаць каментар 79

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках