15 лiстапада 2024, Пятніца, 8:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: ЕЗ праяўляе нерашучасць

24
Андрэй Саннікаў: ЕЗ праяўляе нерашучасць

Прэтэндэнт у прэзідэнты Андрэй Саннікаў распавёў нямецкай газеце «Frankfurter Allgemeine» пра атмасферу ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў.

- Сп-р Саннікаў, беларускі журналіст Алег Бябенін, рэзкі крытык Лукашэнкі загінуў пры загадкавых абставінах у верасні. Ён быў ключавым сябрам вашай каманды. Як вы тлумачыце яго смерць?

- Алег быў маім блізкім сябрам. Ён быў не толькі журналістам, але і цудоўным арганізатарам. Я не веру, што ён здзейсніў самазабойства і сышоў з жыцця па сваёй волі. Магчыма, ён быў забіты, магчыма, ён быў напампаваны наркотыкамі. Нам часта пагражаюць. Яго таксама выкрадалі і запалохвалі. Трэба разумець, што такія выкраданні, гэта, па сутнасці, імітацыя смяротнай кары з мэтай зламаць чалавека. У Беларусі людзей забіваюць і выкрадаюць па палітычных матывах.

- У снежні Лукашэнка хоча забяспечыць сваё пераабранне на чацвёрты тэрмін шляхам маніпуляцыяў, як ён гэта зрабіў на апошніх выбарах.

- У Беларусі няма выбараў. На рэальных выбарах Лукашэнка не меў бы шанцаў. Ён проста трымае ўладу ўсімі сродкамі.

- Гэтым разам будзе па-іншаму?

- Зараз сітуацыя іншая і перамены магчымыя. Гэта звязана з Расеяй: на працягу шматлікіх гадоў Расея слепа падтрымлівала Лукашэнкі і ўсё, што ён рабіў. З нядаўняга часу Масква стала казаць і пра цёмны бок рэжыму Лукашэнкі. Расейскае тэлебачанне паказала фільмы пра тое, як у Беларусі знікаюць людзі, і паведаміла, што да гэтых знікненняў датычнае беларускае кіраўніцтва. Нядаўна прэзідэнт Мядзведзеў публічна рэзка раскрытыкаваў Лукашэнку.

- Вы былі здзіўленыя гэтым?

- Вядома. Расейцы заўсёды лічылі што Лукашэнка - сукін сын, але думалі, што гэта іх сукін сын. Я магу толькі меркаваць, што сталася прычынай змены стасункаў, але Масква сёння лічыць, што Лукашэнка ненадзейны партнёр. Ён атрымліваў крэдыты, субсідыі, танныя газ і нафту. Падобна на тое, што неўзабаве кошты на энерганосьбіты будуць падвышаныя, хаця і не да рынкавага ўзроўню. Выглядае, што Лукашэнка не выканаў пэўныя абавязальніцтвы, і гэта датычыць не толькі непрызнання незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Я вітаю змены расейскай палітыкі. Гэта можа змяніць стасункі Масквы з усімі рэгіёнамі.

- Але ці сапраўды расейскае кіраўніцтва зацікаўленае ў змене рэжыму?

- Масква гэта так не называе, але яна пасылае відавочны сігнал, што яна не жадае больш мець справу з Лукашэнкам. Я не магу ўявіць, што Масква адмовіцца ад сваёй крытыкі.

- Гэтым летам Крэмль запрасіў прадстаўнікоў беларускай апазіцыі ў Маскву. Якія кантакты ў вас з Масквой?

- У канцы 80-х я вучыўся там. Гэта быў час перабудовы, мы маглі чытаць тыя кнігі і артыкулы, якія раней былі недасягальныя. Да гэтага дня ў мяне захоўваюцца кантакты з расейскімі палітыкамі і журналістамі.

- Аляксандр Мілінкевіч, які вылучаўся супраць Лукашэнкі на папярэдніх выбарах, байкатуе гэтыя.

- Ён не байкатуе. Ён не вылучаецца.

- Верагодна, ён не хоча быць часткай шоў. Чаму тады вы вылучаецца?

- Я дамагаюся змены ўлады. Паверце, людзі выйдуць на вуліцу з пратэстамі, калі Лукашэнка паспрабуе зноў скрасці выбары. Я падтрымліваў апазіцыйных кандыдатаў у 2001 і 2006 гадах. У Мілінкевічы я расчараваўся.

- Атмасфера сапраўды іншая?

- Так. Я адчуў гэта падчас збору подпісаў за маё вылучэнне. Людзі прыходзілі і адкрыта абмяркоўвалі, што ім не падабаецца ў краіне і ў Лукашэнку. Яны сапраўды занепакоеныя і ведаюць, што без Лукашэнкі магчымае лепшае жыццё, нягледзячы на тое, што ён абяцае павышэнне заробкаў і прэтэндуе на ролю гаранта стабільнасці, у тым ліку ў стасунках з Расеяй. Але ў валютных абменніках часта сканчаецца валюта з-за высокага попыту на яе. Людзі, асабліва моладзь, глядзяць у бок Еўропы. Да мяне падышла сталая жанчына, якая раней галасавала б за Лукашэнку. Але яна сказала, што яе дзеці і ўнукі пераканалі яе. Яны хочуць роўных магчымасцяў з моладдзю ў Еўропе. Гэта натхняе.

- Ваш рух называецца «Еўрапейская Беларусь». Вы выступаеце за ўступленне Беларусі ў ЕЗ. Гэта рэальна?

- Нам неабходна вярнуць у Беларусь законнасць. Мы павінны аднавіць падзел уладаў. Лепш за ўсё гэта рабіць, выконваючы крытэры, якія неабходныя для сяброўства ў ЕЗ. Прыклад такога вопыту – нашыя суседзі: Польшча і краіны Балтыі.

- А што наконт Масквы?

- Я веру, што еўрапейская арыентацыя не супярэчыць сур'ёзным партнёрскім стасункам з Расеяй. У канчатковым выкніку гэта адпавядае інтарэсам Расеі. Прэзідэнт Мядзведзеў таксама хоча мадэрнізаваць краіну, але гэта не спрацуе, калі захаваюцца спробы пабудаваць квазі-СССР. У гэтым плане прыкладам для нас можа быць Украіна. Прэзідэнт Януковіч заяўляе пра курс на інтэграцыю, мэта якой - сяброўства ў ЕЗ. У той жа час ён хоча захаваць партнёрскія стасункі з Расеяй. Масква супраць гэтага не пярэчыла.

- Як можа ЕЗ падтрымаць дэмакратызацыю ў Беларусі?

- У апошні час ЕЗ паводзіць сябе, мякка кажучы, нерашуча. Брусэль заўсёды казаў, што павінен улічваць пазіцыю Расеі і яе інтарэсы ў рэгіёне. Але зараз сітуацыя змянілася. Чаму б ЕЗ адкрыта не заявіць, што змены ў Беларусі будуць ўспрынятыя станоўча?

16 гадоў дыктатуры Лукашэнкі гэта занадта шмат. У мінулы панядзелак Рада ЕЗ падоўжыла санкцыі. ЕЗ можа заявіць, што ён не жадае больш мець справаў з Лукашэнкам, што ён не з'яўляецца законна абраным прэзідэнтам Беларусі.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках