27 снежня 2024, Пятніца, 12:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Гісторыя робіцца сёння

60
Андрэй Саннікаў: Гісторыя робіцца сёння

У нас лепшыя ў свеце мужчыны і самыя прыгожыя жанчыны. А ўсе разам мы — народ, і ў нас сёння — унікальны шанец, які нельга прапускаць.

Менчукі, якіх задрайваюць ва ўласных кватэрах, жыхары гарадоў, пацярпелых ад «Дажынак», аўтамабілісты, якія стаяць у заторах з-за картэжа, якому правілы не пісаныя, добра ведаюць, што такое перасоўванне Лукашэнкі па горадзе. З-за яго, які зажадаў, скажам, наведаць кінатэатр ці нейкі спартовы аб'ект, перакрываецца паўгорада. Гэта і ёсць рэальны паказчык яго папулярнасці. Ён жа ведае, што яго штатныя і пазаштатныя сацыёлагі хлусяць, што рэйтынгі, якія абвяшчаюцца імі, варта чытаць, паставіўшы перад лічбамі знак «мінус». Адсюль і перастрахоўка, адсюль боязь за сваё жыццё. Ведае, што дастаў беларусаў. Хаця на яго жыццё ніхто і не думае замахвацца. Жыццё яго нікому не патрэбнае, а вось Беларусь нам патрэбная. Усім.

Патрэбная нармальная Беларусь, а не недарэчная дыктатура, якая бяльмом тырчыць у цэнтры Еўропы і хаміць усім суседзям. Зойме ў доўг і пачынае паліваць брудам тых, у каго заняла. А доўг тым часам за тры гады пераваліў за 25 мільярдаў. І гэта пры афіцыйным золатавалютным запасе ў 5 мільярдаў.

Краіну завялі ў тупік, з якога выбрацца можна будзе, толькі змяніўшы ўладу і даўшы людзям свабоду і гарантыю паважлівага да іх стаўлення. За гэта варта змагацца, і мы будзем змагацца. Беларусь прачынаецца, выходзіць з кухняў на вуліцу, без страху пачынае казаць пра палітыку і пра змены.

Парадаваў збор подпісаў на пікетах. Партрэт дыктатара абыходзілі бокам, а да пікетаў апазіцыі выстройваліся чэргі. А вось тое, што не ўсім было заўважна: людзі, якія стаялі ў адміністрацыйных пікетах, пазней з задавальненнем падпісваліся за альтэрнатыву, размаўлялі з чальцамі групаў апазіцыі і абяцалі пры неабходнасці быць на Плошчы.

Лукашэнка, відаць, паверыў у талерантнасць беларусаў, верыць уласным прапагандыстам, газетам і сайтам, якія спрабуюць пераконваць людзей, што яны баязліўцы і не заслугоўваюць лепшай долі. Мы таксама часцяком спрабуем пераканаць сябе ва ўсеагульнай талерантнасці. Але не на талерантнасці трымаецца гісторыя Беларусі. І 1918 год, і 1991-ы сталі вехамі нашай гісторыі таму, што мы на час пакінулі талерантнасць дома і пайшлі адстойваць свой гонар і годнасць.

На адным з пікетаў у Баранавічах да мяне падышла жанчына і спытала:

— А што вы мне дасце?

— А чаго вы хочаце?

— Мужа хачу…

— Гэта прасцей за ўсё. 19 снежня, упэўнены, на Плошчы будзе багаты выбар: лепшыя мужчыны Беларусі, моцныя і адважныя.

Я сапраўды ўпэўнены, што ў нас лепшыя ў свеце мужчыны і самыя прыгожыя жанчыны. А ўсе разам мы — народ, і ў нас сёння — унікальны шанец, які нельга прапускаць.

Гісторыя робіцца сёння. І мы пераможам.

Андрэй Саннікаў, прэтэндэнт на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, «Народная воля»

Напісаць каментар 60

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках