27 снежня 2024, Пятніца, 11:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў і Уладзімір Някляеў: Разам мы пераможам! (Фота, відэа)

113
Андрэй Саннікаў і Уладзімір Някляеў: Разам мы пераможам! (Фота, відэа)

Прэтэндэнты на пасаду прэзідэнта Беларусі Андрэй Саннікаў і Уладзімір Някляеў дамовіліся пра каардынацыю дзеянняў дзеля перамогі на выбарах.

Пра гэта яны абвясцілі на сумеснай прэс-канферэнцыі ў Менску ў офісе прафсаюза РЭП 12 лістапада.

Андрэй Саннікаў заявіў, што разам з Уладзімірам Някляевым яны маюць намер каардынаваць сваю дзейнасць у час выбарчай кампаніі паводле некалькіх напрамкаў. Перш за ўсё - гэта барацьба супраць фальсіфікацыі выбараў, якая ўключае і процідзеянне незаконным дзеянням уладаў, і адстойванне выбару народа. Прэтэндэнты маюць намер весці сумесную агітацыйную і інфармацыйную кампанію і каардынаваць міжнародную працу.

«Мы ў пэўнай ступені выконваем наказы выбарнікаў. Падчас пікетаў па зборы подпісаў людзі падыходзілі да нас і прасілі аб'яднацца, скаардынаваць сваю дзейнасць. Казалі: вы два лідара, зрабіце што-небудзь, каб народ паверыў, што магчымая кансалідацыя, што магчымая перамога і адстойванне выбару народа. Перыяд, калі пайшло шмат апазіцыйных кандыдатаў, быў прадуктыўным. Мы змаглі дайсці да народа, змаглі абудзіць у людзях веру. І паверце, далейшая кансалідацыя будзе адбывацца, і тое, што мы будзем дзейнічаць разам, гарантуе нам перамогу», - сказаў Андрэй Саннікаў.

Розныя даследаванні паказваюць, што сёння ёсць два моцных апазіцыйных прэтэндэнта, заявіў Уладзімір Някляеў. «Ёсць два моцных лідара - Някляеў і Саннікаў. Наймацнейшым атрымалася дамовіцца, з больш слабымі пакуль не атрымліваецца», - дадаў ён.

Пры гэтым Саннікаў, усміхаючыся, адзначыў: «Увогуле я вам хачу адкрыць сакрэт. «Змова» гэтая паўстала даўно. Я магу нават прадэманстраваць дакумент...». Тут палітык дастаў фотаздымак, зроблены ў Варшаве ў 1999 годзе. На здымку зафіксаваныя ён, Уладзімір Някляеў і знакаміты беларускі мастак Лёнік Тарасевіч. «Такім чынам усё ідзе паводле плана», - пажартаваў лідар «Еўрапейскай Беларусі».

Пры гэтым абодва прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта заявілі, што не разглядаюць пытанне пра зняцце з выбараў аднаго з іх у падтрымку іншага. «Мы не разглядаем магчымасць зняцця, а маем намер правесці моцныя кампаніі, мабілізаваць свае рэсурсы», - заявіў Саннікаў.

«Ужо сёння гэтыя выбары можна назваць і несвабоднымі, і несправядлівымі. Мы не маем доступу да дзяржаўных СМІ, не атрымліваем адказу на нашыя патрабаванні, якія тычацца назірання і падліку галасоў. Гэта значыць, што ніякіх выбараў не прадугледжваецца. Але мы за тое, каб людзі прыйшлі і прагаласавалі. І каб 19 снежня 2010 года мы адзначалі перамогу над гэтым рэжымам, які занадта затрымаўся на нашай зямлі», - сказаў Някляеў.

«Мы павінны абараніць выбар народа. Выбар народа - не на карысць Лукашэнкі. Гэта сёння зразумела ўсім, нават Лукашэнку. Таму ў яго такая нервовасць у апошні час», - упэўнены Андрэй Саннікаў.

Адказваючы на пытанне журналістаў пра тое, што Саннікава і Някляева некаторыя называюць «прарасейскімі» кандыдатамі, і не баяцца яны, што цяпер іх абвінавацяць у стварэнні цэлага «прарасейскага блока», лідар «Еўрапейскай Беларусі» заявіў:

«Я не баюся. Таму што ёсць рэальная сітуацыя, якую трэба ўлічваць. Таму што калі з Еўропы раздаюцца галасы ў падтрымку Лукашэнкі, а з Расеі - у падтрымку апазіцыі, трэба гэта ўлічваць і вітаць. А гаворым мы толькі пра Беларусь», - сказаў Саннікаў.

Фота «Радыё Свабода»

«Насамрэч дастаткова сілаў і ў Расеі, і ў Еўропе, якія гатовыя нас падтрымаць. Гэта факт, які вынікае з усіх маіх размоваў і на тым, і на другім баку. Гульня, якую пачаў Лукашэнка на процівагах Захад-Усход, Расея-Еўропа, пройгрышная», - упэўнены Някляеў.

«Беларускі народ на працягу гісторыі ўжо браў у свае рукі лёс краіны і, нягледзячы на самыя негатыўныя знешнія і ўнутраныя фактары, гэты лёс вырашаў. Што тычыцца заяваў, якія гучаць сёння з Еўропы, я адразу ж узгадваю знакамітую прамову Буша-старэйшага ў Кіеве, што называюць «катлетай па-кіеўску», калі ён заклікаў адмовіцца ад нацыяналізму і заставацца ў складзе Савецкага Саюза. Праз пару тыдняў СССР паў. Яны ідуць у тым жа рэчышчы ўсе гэтыя прагнозы. Відаць, што беларусы сёння сапраўды прачынаюцца, людзі думаюць пра краіну і пра свабоду», - сказаў лідар «Еўрапейскай Беларусі».

«Разам мы пераможам!», - заявілі Андрэй Саннікаў і Уладзімір Някляеў пасля прэс-канферэнцыі сайту charter97.org.

Фота Zapraudu.info

Напісаць каментар 113

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках