15 лiстапада 2024, Пятніца, 10:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Штэфан Фюле: «Заява Грыбаўскайтэ – яе прыватнае меркаванне» (Абноўлена)

17

Камісар Еўразвяза падчас візіту ў Менск сустрэўся з прадстаўнікамі беларускага грамадзянскага грамадства.

На сустрэчу з еўракамісарам па пытаннях пашырэння і еўрапейскай палітыцы суседства былі запрошаныя адзін з лідараў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», кіраўнік ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за вылучэнне Андрэя Саннікава кандыдатам у прэзідэнты Беларусі Уладзімір Кобец, старшыня «Беларускай асацыяцыі журналістаў» Жанна Літвіна, старшыня «Беларускага Хельсінкскага камітэта» Алег Гулак, кіраўнік лабараторыі «Новак» Андрэй Вардамацкі, старшыня «Менскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў» Уладзімір Карагін, чалец Грамадскай кансультатыўнай рады (ГКР) пры адміністрацыі Лукашэнкі Юрый Загуменаў, старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук і іншыя.

Як распавёў прэс-службе «Еўрапейскай Беларусі» Уладзімір Кобец, сустрэча доўжылася больш за дзе гадзіны, і на ёй узнімаліся ўсе актуальныя пытанні, якія тычацца сітуацыі ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Жанна Літвіна распавяла пра сітуацыю ў СМІ, і ў прыватнасці пра тое, што практычна ўсе сюжэты на перадвыбарную тэматыку па беларускім тэлебачанні знятыя ў абразлівых для апазіцыі і дэмакратычных кандыдатаў тонах. Узнімаліся таксама пытанні пра магчымасць бязвізавага ўезду беларусаў у Еўразвяз, а таксама пра перспектывы праграмы «Усходняе партнёрства».

«Узнімаліся пытанні пра нізкае прадстаўніцтва апазіцыі ва ўчастковых камісіях, пра палітвязняў Мікалая Аўтуховіча і Андрэя Бандарэнку, пра заяву Лідзіі Ярмошынай пра тое, што кандыдатам у прэзідэнты не будзе прадстаўлены прамы эфір для дэбатаў. Штэфан Фюле родам са Славакіі, і я нагадаў яму, што менавіта дэбаты ў прамым эфіры сталі імпульсам для дэмакратычных пераўтварэнняў у Чэхаславакіі.

Таксама я задаў пытанне пра выказванне прэзідэнта Літвы Далі Грыбаўскайтэ ў падтрымку Лукашэнкі – ці з'яўляецца гэта яе прыватным меркаваннем, ці выразам пазіцыі Еўразвяза. На гэта Штэфан Фюле адказаў, што пазіцыя ЕЗ застаецца нязменнай, а падобнае выказванне з'яўляецца прыватным меркаваннем Грыбаўскайтэ, якое складана каментаваць. Па выніках сустрэчы Фюле сказаў, што ён данясе ўсе найважнейшыя пытанні да міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Мартынава, сустрэча з якім у яго адбылася пазней», – распавёў Уладзімір Кобец.

Штэфан Фюле адзначыў, што ЕЗ жадае бачыць прагрэс у Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у наступных абласцях: рэгістрацыя кандыдатаў, склад выбарчых камісій, праблема датэрміновага галасавання, працэс падліку галасоў, доступ да СМІ, свабода сходаў.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках