16 лiстапада 2024, Субота, 4:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алег Воўчак: «Трэба пакланіцца людзям, якія выходзяць на плошчу 16-га»

2

Дзень салідарнасці прыносіць істотныя вынікі і мае вялікае значэнне для сапраўднага расследавання спраў зніклых і палітвязняў.

16 лістапада – Дзень салідарнасці з сем'ямі зніклых і палітвязнямі Беларусі. Прадстаўнікі палітычных партый і моладзевых арганізацый выйдуць на Кастрычніцкую плошчу Менска з партрэтамі ахвяраў рэжыму. Чым адрозніваецца сённяшняя акцыя і якія плады прынеслі ранейшыя?

Дзень салідарнасці 16 лістапада праходзіць за месяц да чарговых выбараў прэзідэнта Беларусі. Магчымы ўдзел у акцыі некаторых кандыдатаў у прэзідэнты і вялікая ўвага да тэмы зніклых і палітвязняў – адна з асаблівасцяў сённяшняга дня, паведаміў «Радыё Свабода» лідар «Маладога фронта» Зміцер Дашкевіч.

«Сёння мы будзем патрабаваць сапраўднага расследавання спраў зніклых апазіцыянераў. Чаго дамагліся гэтай акцыяй? Калі казаць фактычна, пра расследаванне справы, то цяжка казаць пра вынікі. Але не трэба забываць, што гэтыя акцыі - вялікая маральная падтрымка для людзей, якія адбываюць турэмнае пакаранне беспадстаўна, для сем'яў зніклых. І, вядома ж, гэта наданне грамадскага акцэнту гэтым справам, якія, мы ўпэўненыя, вельмі хутка будуць расследаваныя», - заявіў Зміцер Дашкевіч.

Дзень салідарнасці 16 дня кожнага месяца грамадска-палітычныя актывісты праводзяць, пачынаючы з 2006 года. У розныя гады акцыя праходзіла ў выглядзе «ланцуга неабыякавых людзей» з партрэтамі зніклых, удзельнікі запальвалі свечкі і раздавалі мінакам інфармацыйныя матэрыялы. Удзельнікаў Дня салідарнасці не раз жорстка збівалі супрацоўнікі АМАПа, моладзь затрымоўвалі і судзілі. Але Дзень салідарнасці працягвае адбывацца, і яго існаванне прыносіць істотныя вынікі і мае вялікае значэнне, кажа давераная асоба сям'і зніклага Юрыя Захаранкі, юрыст Алег Воўчак.

«Калі б не гэтыя акцыі, то ніякай інфармацыйнай прасторы адносна тэмы зніклых наогул не існавала б. Штогод гэтыя акцыі праводзіліся, і ў выніку Расея была вымушаная сярод асноўных прэтэнзій Лукашэнку ўзняць тэму зніклых. Трэба нізка пакланіцца людзям, якія выходзяць на плошчу: галоўная задача ў Лукашэнкі – легітымізаваць сябе перад сусветнай грамадскасцю, што ён не мае дачынення да праблемы. Але гэта ў яго не атрымліваецца», - упэўнены Алег Воўчак.

Дні салідарнасці з сем'ямі зніклых і палітвязнямі ў Беларусі праходзяць таксама ў шэрагу краінаў Еўропы і ЗША.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках