27 снежня 2024, Пятніца, 11:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Саннікаў: Русафобія ідзе ад Лукашэнкі

47
Саннікаў: Русафобія ідзе ад Лукашэнкі

Нават у перыяд спакойных стасункаў з Крамлём, калі штосьці не атрымлівалася ў гандлі, Лукашэнка нападаў на Расею.

Пра гэта ў інтэрв'ю агенцтву «Інтэрфакс-Захад» заявіў прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі, лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў.

- Вы ідзяцё на выбары на фоне сіне-зорнага сцяга ЕЗ. Гэта, безумоўна, прыцягвае моладзь. Але на нядаўняй прэс-канферэнцыі вы відавочна аддалі перавагу палітыцы Расеі ў дачыненні да беларускіх выбараў, заявіўшы, што з Еўропы раздаюцца галасы ў падтрымку Лукашэнкі. Ці не з'яўляецца такая пераарыентацыя нейкім падманам выбаршчыка? Ці вы зменіце сцяг?

- Няма ніякай супярэчнасці. Стратэгічны накірунак - інтэграцыя ў Еўразвяз і партнёрства з Расеяй. Так, доўгі час было складана зразумець, што не можа быць антаганізму паміж гэтымі дзвюмя мэтамі.

Нам трэба зрабіць эканоміку спалучальнай і з расейскай, і з еўрапейскай. Для гэтага трэба правесці тыя пераўтварэнні, якія былі праведзеныя ўсімі нашымі суседзямі, я маю на ўвазе мадэрнізацыю эканомікі.

- Расейская эканоміка, нягледзячы на мадэрнізацыю, сыравінная эканоміка. Еўрапейская - інавацыйная. Як нам сумясціць свае эканамічныя мадэлі і з Еўропай, і з Расеяй?

- Беларусь – не Расея, гіганцкая складаная краіна. У нас мадэрнізацыю правесці прасцей, і па параметрах тэрыторыі, і па параметрах гамагеннасці насельніцтва. Так, расейская эканоміка – сыравінная эканоміка. Але гаворка ідзе не пра сумяшчэнне існуючай беларускай мадэлі з еўрапейскай і расейскай, а пра стварэнне такой мадэлі, якая будзе працаваць па еўрапейскіх стандартах і гэта будзе выгодна для Расеі.

Менавіта з Расеі гучаць словы, што нават у сыравіннай мадэлі неабходныя інавацыі і новыя тэхналогіі. Акрамя таго, стратэгічнае партнёрства Расеі з Еўразвязам усё больш і больш бачнае сёння. Мы хочам рухацца ў той жа бок, выкарыстоўваючы і нашае геаграфічнае становішча, і наш патэнцыял: дастаткова кваліфікаваную працоўную сілу, навуковыя, прамысловыя цэнтры і г.д.

- Еўрапейцы выглядаюць больш лаяльнымі ў адносінах да беларускіх выбараў. Да прыкладу, нашумелая заява прэзідэнта Літвы Далі Грыбаўскайтэ… Літва, як і шмат якія ўсходне-еўрапейскія краіны, асцерагаецца Расеі, бо яшчэ добра памятае СССР. ЕЗ – гэта і краіны Усходняй Еўропы, ці зразумеюць вашае імкненне збліжацца з Расеяй у гэтай частцы ЕЗ?

- Мне дзіўна, што прэзідэнт Літвы кажа пра боязь Расеі, пры гэтым вылучаецца сярод сваіх калегаў – прэзідэнтаў Латвіі і Эстоніі - імкненнем наладжваць стасункі з Расеяй. Мы памятаем яе паспяховыя візіты ў Расею, памятаем, што Грыбаўскайтэ заўсёды акцэнтавала захаванне добрых стасункаў з Расеяй, у тым ліку эканамічных.

Мы бачым новыя стасункі Расеі і Польшчы, якія з'явіліся пасля трагедыі пад Смаленскам. Прэзідэнт Польшчы заяўляў: давайце пакінем стэрэатыпы ўбаку, давайце не ўзгадоўваць русафобію, давайце думаць пра практычныя рэчы!

- Адкуль у нас з'яўляецца русафобія?

- Ад Лукашэнкі.

- Але ў перыяд актыўнага будаўніцтва саюзнай дзяржавы русафобія была прэрагатывай правых – БНФ і г.д. Значыць, глеба ўсё ж ёсць?

- Часткова пагаджуся. Правыя нацыянал-дэмакраты абгрунтавана ўзнімалі пытанне пра гісторыю стасункаў з Расеяй. Мы ведаем з мінуўшчыны, што Беларусь знаходзілася ў падпарадкаваным становішчы і часта ад гэтага прайгравала. Тым не менш нават у перыяд спакойных стасункаў Лукашэнкі з Крамлём, калі штосьці не атрымлівалася ў гандлі, з'яўляліся нападкі на Расею. Напэўна, цярпенне Расеі лопнула. Гэта быў сур'ёзны крок – абвясціць, колькі Расея плаціла за рэжым Лукашэнкі. І гэта яны абвясцілі не нам, а сваім выбаршчыкам – на што сыходзілі грошы з іх кішэні.

- Русафобам быў Юшчанка, русафобам быў былы прэзідэнт Польшчы. Яны памыляліся, Расеі не трэба баяцца?

- Яны зыходзілі са сваёй палітыкі. Я зыходжу са свайго бачання. Я лічу, што русафобія на гэтым этапе, не тое што Беларусі, ніводнай з еўрапейскіх дзяржаваў не дапаможа. Ідэалагічнае стаўленне павінна знікнуць. Так, Расея – імперыя. Трэба разумець, што Расея ў хуткім часе не будзе прэтэндаваць на сяброўства ў ЕЗ, таму што Расея будзе захоўвацца як цэнтр сілы. Гэта аб'ектыўна.

Трэба гэтыя рэаліі выкарыстоўваць у сваіх інтарэсах і прапанаваць і Расеі, і Еўропе тую мадэль, якая будзе працаваць у агульных інтарэсах.

- Рэзюмуем: зразумелыя і дакладныя правілы функцыянавання эканомікі, рэфармаванне эканомікі. А кошты на энерганосьбіты сусветныя?

- Вядома. Але я думаю, што будзе магчымасць дамаўляцца пра нейкі ільготны перыяд.

- Вернемся да выбараў. Калі вы з Уладзімірам Някляевым заявілі пра стварэнне «перадвыбарчага блока», вы заявілі, што вашая мэта не гульня ў выбары, а змена ўлады. Вы не баіцеся абвінавачванняў у экстрэмізме, у закліках да гвалтоўнай змены ўлады?

- Не. Я хачу рэалізаваць сваё законнае права на змену ўлады. А гвалт мы бачылі толькі з боку ўладаў. Усе акцыі апазіцыі заўсёды насілі падкрэслена мірны характар. Я прыхільнік прынцыпаў негвалтоўнага супраціву і адмаўляю гвалт цалкам. Змены павінны адбывацца негвалтоўным шляхам, каб апазіцыя атрымлівала маральную перавагу.

Ёсць закон і ёсць запісанае ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека права абіраць адкрыта таемным галасаваннем без фальсіфікацыяў свой урад.

- Як вы будзеце гэтага дамагацца?

- Праз падтрымку народа. Я спадзяюся, што за гэты вельмі кароткі перыяд агітацыі я змагу прадэманстраваць, што народ падтрымлівае альтэрнатыўнае кіраўніцтва Беларусі, альтэрнатыўную мадэль, альтэрнатыўны шлях развіцця.

- Вы будзеце гатовыя выйсці на «плошчу»?

- Вядома. Гэта законнае права. Я спашлюся на Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека. Гэта, перш за ўсё, свабода слова, свабода сходаў, свабода агітацыі. Паколькі мы пазбаўленыя доступу да тэлебачання, праз якое мы маглі б тлумачыць сваю пазіцыю, паколькі я абсалютна не чакаю празрыстага падліку галасоў, гэта адзіная магчымасць прадэманстраваць свой пункт гледжання.

- А вы не баіцеся, што да таго часу свабодных плошчаў не застанецца? Кастрычніцкую могуць закрыць на рэканструкцыю…

- Горад не закрыеш.

- Вы будзеце ўдзельнічаць у тэледэбатах?

- Я буду выкарыстоўваць усе магчымасці.

- З кім бы вы хацелі сустрэцца ў тэледэбатах?

- Паколькі я лічуся супернікам Лукашэнкі, я спадзяюся, што сустрэнуся з ім у тэледэбатах.

- А калі ён не будзе ўдзельнічаць?

- Я не бачу сэнсу сустракацца ў тэледэбатах ні з кім з апазіцыйных кандыдатаў. Калі не будзе магчымасці сустракацца з супернікам (А.Лукашэнка – ІФ), я буду думаць (аб ўдзеле ў тэледэбатах - ІФ). Паглядзім, што нам прапануюць.

- Каго вы лічыце дастаткова моцным супернікам, акрамя Лукашэнкі?

- Мы таму і аб'ядналіся з Някляевым... Моцнымі палітыкамі лічу Калякіна, Казуліна, Мілінкевіча, не якія ўдзельнічаюць у выбарах.

- Палітолагі сцвярджаюць, што сярод дзевяці ўдзельнікаў выбарчай кампаніі, якія супрацьстаяць дзеючаму прэзідэнту, ёсць прынамсі два спарынг-партнёры Лукашэнкі. Для чаго гэта трэба ўладзе?

- Трэба застрахавацца ад байкоту. Калі нервы не вытрымаюць і пойдуць рэпрэсіі, я не выключаю такога варыянту (байкоту – ІФ). Другое - каб спрабаваць пагуляць у плюралізм і лібералізм, паказваючы іх па БТ у нявызначаны час і г.д.

- Выбаршчыкаў заўсёды цікавіць інфармацыя пра даходы кандыдатаў у прэзідэнты. Вы забяспечаны чалавек?

- Я нармальна сябе адчуваю. Я дастаткова доўга працаваў за мяжой – былі накапленні.

- Але вы з 1997 года не працуеце… Прайшло 13 гадоў, любы выбаршчык задасць пытанне, на што вы жывяцё?

- Я пасля змены ўлады распавяду, на што я жыву.

Гэтае пытанне вельмі некарэктнае. Паверце, чытачам цікава, як памяняць уладу.

- Тады б тыражы жоўтай і проста непалітычнай прэсы не былі б так вялікія ў параўнанні з сур'ёзнай прэсай...

- Я 15 гадоў працаваў за мяжой. Гэта была дастаткова высокааплатная праца і магчымасць накапленняў у мяне была.

- У вас ёсць замежныя рахункі?

- Не.

- Адзін час вы працавалі ў дэлегацыі Беларусі на перамовах па раззбраенні. Мы гандлюем зброяй?

- Я магу казаць пра перыяд з 94 па 96 гады. Мы гандлявалі зброяй, якая заставалася ад Савецкага Саюза. Тым, што было дазволена. Мы вялі дастаткова доўгія і напружаныя перамовы і ў нас атрымалася вылучыць экспартную групу. Тыя танкі, якія прыйшлі з Германіі, з Заходняй групы войскаў, легальна былі дазволены для продажу. Былі нейкія продажы стралковай зброі і спробы ліквідацыі складоў супрацьпяхотных мінаў.

- У вашым дасье значыцца, што адразу пасля заканчэння інстытута замежных моваў вы працавалі ў Пакістане ў нафтагазавай карпарацыі. Ці мог малады спецыяліст працаваць у Пакістане, у такой галіне, не з’яўляючыся шпіёнам?

- Я быў перакладчыкам. Усе выпускнікі перакладчыцкага факультэта працавалі за мяжой. Вы лічыце, што ўсе, хто пасля вну працаваў за мяжой, былі шпіёнамі? А ў Пакістане я дакрануўся да таго, што сёння з'яўляецца галоўным інструмантам палітыкі: нафты і газу.

- Вернемся да вашых планаў. Вы прыхільнік будаўніцтва АЭС у Беларусі?

- Я прыхільнік усебаковага разгляду гэтага пытання і прыхільнік таго, каб пры Лукашэнку будаўніцтва АЭС не распачыналася. Гэта небяспечна.

Я працаваў у Швейцарыі і бачыў, што там ёсць АЭС у сейсманебяспечных раёнах, у Францыі я бачыў АЭС у гарах. З іншага боку, ёсць прыклад Аўстрыі, якая свядома адмовілася ад ядзернай энергіі і паспяхова развівае альтэрнатыўныя крыніцы энергіі.

- Яшчэ адна спрэчная вашая заява: вы супраць парламенцкай рэспублікі і лічыце, што гэта вядзе да хаосу. Гэта так?

- Так, я лічу, што пераход у дадзены момант да парламенцкай рэспублікі небяспечны і прывядзе да хаосу. Мы будзем займацца толькі прыстасаваннем гэтай мадэлі да грамадскіх і дзяржаўных інтарэсаў. На пераходны перыяд патрэбная прэзідэнцкая ўлада, але пры імгненным увядзенні прынцыпу падзелу ўладаў.

- Ці неабходна вяртацца да ранейшых дзяржсімвалаў?

- Я за вяртанне да тых сімвалаў, якія былі зацверджаныя, калі краіна знаходзілася на ўздыме. Цяперашнія сімвалы – сімвалы іншай мадэлі Беларусі, але ні ў якім выпадку нельга дапускаць непавагі да іх, хаця б зыходзячы з таго, што вырасла пакаленне, якое не памятае іншых.

- У вас шырокія палітычныя і эканамічныя планы. А ці ёсць у вас сувязі, усё гэта рэалізаваць?

- Я вучыўся ў Маскве: на курсах перакладчыкаў ААН і дыпакадэміі СССР. Аднакашнікі, тыя з кім я працаваў і перасякаўся, працуюць практычна паўсюль – ва ўрадзе, у адміністрацыі прэзідэнта, у МЗС. У Штатах, у Еўропе добрыя кантакты. Сувязі з бацькамі эканамічных рэформаў ва Усходняй Еўропе таксама вельмі сур'ёзныя. Ёсць абяцанні нават пакета дакументаў, як праводзіліся рэформы ва Усходняй Еўропе, на расейскай і ангельскай.

- Ёсць меркаванне, што для мадэрнізацыі і выпрацоўкі эфектыўнай эканомікі Беларусі патрэбныя не мільярды, не «свой шлях», а проста добры перакладчык…

- Я, наагул, перакладчык. Ёсць дыплом.

Напісаць каментар 47

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках