28 снежня 2024, Субота, 19:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мы помнім (Фота)

12

Прэзентацыя кнігі пра знікненні ў Беларусі вядомых людзей «Мы помнім» прайшла ў Менску 16 лістапада.

У 468-старонкавае ілюстраванае выданне на беларускай, расейскай і англійскай мовах уключаны 24 споведзі - успаміны родных, сяброў і калегаў пра Генадзя Карпенку, Юрыя Захаранку, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага. Кнігу склаў кінадраматург Уладзімір Халіп.

Над выданнем кнігі, ідэя якой паўстала некалькі гадоў таму, узялі апеку ўдава Анатоля Красоўскага Ірына і ўдава Дзмітрыя Завадскага Святлана, а таксама фонд «Мы помнім» і Беларускі Свабодны тэатр.

Ірына Красоўская выказала ўдзячнасць складальнікам кнігі і ўсім, хто на працягу 10 год быў з роднымі і блізкімі зніклых, «якія засталіся такімі, якімі мы іх запомнілі».

«У гэтай кнізе 24 аповеда. Гэта споведзі жонак, дзяцей, родных, блізкіх зніклых. Вялікае дзякуй усім, хто быў з намі ўсе гэтыя доўгія і цяжкія гады, хто захоўваў і захоўвае памяць пра нашых родных і блізкіх. 11 гадоў - гэта вельмі вялікі тэрмін. Свет змяняецца, мы змяняемся. Не змяняюцца толькі тыя, каго ўжо больш няма з намі - Віктар Ганчар, Анатоль Красоўскі, Дзмітрый Завадскі, Юрый Захаранка, Генадзь Карпенка. Яны засталіся такімі ж, якімі мы іх ведалі 11 гадоў таму. Мы памятаем іх, і заўсёды будзем любіць», - заявіла Ірына Красоўская.

«Гэта зло яшчэ не пакарана, і злачынцы вольна ходзяць па зямлі і паціскаюць рукі людзям. Але гэта ўсё скончыцца. Нельга звыкнуцца з тым, што нашая радзіма, нашая любімая краіна Беларусь стала анамаліяй Еўропы. За мяжой глядзяць на гэта, калі не пагардліва, то са словамі: «Ну, што ж тут зробіш, такое здараецца…». Але такое не павінна адбывацца нідзе! У Еўропе такое не павінна адбывацца тым больш. Еўропа прайшла вельмі цяжкі шлях, яна вытрымала дзве вялікія вайны, ёй каштавала вельмі дорага тое, да чаго яна сёння прыйшла. І маральныя каштоўнасці гэтай цывілізацыі не павінны быць растаптаныя. У нас ёсць мужнасць і воля да супраціву, і Беларусь будзе вольнай краінай. Інакш, дзеля чаго аддалі свае жыцці Юрый Захаранка, Віктар Ганчар, Анатоль Красоўскі, Дзмітрый Завадскі? Усе ахвяры, усё, праз што мы прайшлі - усё мела сэнс. Беларусь жыла, Беларусь жыве і Беларусь будзе жыць вольнай і незалежнай», - упэўнены аўтар кнігі Уладзімір Халіп.

Выступаючы перад прысутнымі, кіраўнік Беларускага Свабоднага тэатра Наталля Каляда адзначыла:

«Так сталася, што гэтая кніга ўжо была прэзентаваная двойчы - у Осла і Нью-Ёрку. І адбылося трагічнае супадзенне. У той дзень, калі мы атрымалі тыраж кнігі, адбылося пахаванне Алега Бябеніна. У гэтую кнігу павінны былі ўвайсці і ўспаміны пра Алега ўсіх нас. У Еўропе часта кажуць - у вас людзей не забіваюць на вуліцах, вось калі пачнуць забіваць - тады будуць прынятыя санкцыі. Гераічныя жанчыны Ірына Красоўская, Вольга Завадская, Святлана Завадская, Зінаіда Ганчар, Людміла Карпенка, Вольга Захаранка, а таксама велізарная колькасць людзей, якія выходзілі на вуліцы - яны зрабілі ўсё, каб гэта не адбылося ў Беларусі, і каб гэтыя забойствы не сталі проста вар'яцкімі лічбамі. І галоўнае, што нам неабходна ўсім рабіць - каб усе, хто ўжо загінуў, ніколі не сталі проста лічбамі, а заўсёды заставаліся людзьмі, у якіх ёсць сем'і, дзеці, бацькі. Хай яны застаюцца блізкімі нам людзьмі, але не лічбамі».

Падчас прэзентацыі кнігі «Мы помнім» выступіў прэтэндэнт на пост прэзідэнта Беларусі, лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў:

«Сёння ў нас не проста прэзентацыя кнігі, гэта прэзентацыя нашай гісторыі, лёсаў тых людзей, якія ахвяравалі сваімі жыццямі, змагаючыся за свабоду. Я быў асабіста знаёмы з імі ўсімі і гэта былі прыгожыя, мужныя людзі, якія пацярпелі за тое, каб мы жылі лепш, каб мы жылі ў вольнай краіне. Нізкі паклон сваякам, блізкім гэтых людзей, таму што яны працягваюць гэтую барацьбу, той шлях, па якім ішлі Анатоль Красоўскі, Віктар Ганчар, Генадзь Карпенка, Дзмітрый Завадскі, Юрый Захаранка. Я бачыў, як Уладзімір Трафімавіч Халіп працаваў над гэтай кнігай. Гэта была вельмі цяжкая праца, ён сапраўды перажываў боль, калі пісаў гэтую кнігу. І хварэў не ад стомленасці, таму што шмат працаваў, а таму што гэта было вельмі цяжка эмацыйна і псіхалагічна. І сапраўды гэта жорсткае супадзенне, што кніга з'явілася ў той дзень, калі хавалі Алега Бябеніна. Прыйшоў час разарваць гэты ланцуг супадзенняў і трагедый. Прыйшоў час вырашыць лёс нашай краіны такім чынам, каб мы як мага хутчэй сталі жыць вольна, а злачынцы былі пакараныя. Жыве Беларусь!».

Ірына Красоўская і кіраўнік Беларускага Свабоднага тэатра Мікалай Халезін

Уладзімір Халіп

Злева - Святлана Завадская, Вольга Завадская, Андрэй Саннікаў, Сяргей Бахун. Справа - амбасадары Швецыі і Вугоршчыны Стэфан Эрыксан і Феранц Контра

Наталля Каляда

Андрэй Саннікаў

Аглядальнік Раман Якаўлеўскі, журналіст Аляксандр Тамковіч, былы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіславаў Шушкевіч і Генадзь Коп’еў

Амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан і каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Дзмітрый Бандарэнка

Ірына Красоўская і Павел Марыніч

Фота Юліі Дарашкевіч

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках