27 снежня 2024, Пятніца, 11:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вестэрвеле і Сікорскаму нагадалі, што яны сустракаюцца з дыктатарам

20
Вестэрвеле і Сікорскаму нагадалі, што яны сустракаюцца з дыктатарам

Еўрапейскія праваабаронцы запатрабавалі, каб кіраўнікі МЗС Германіі і Польшчы ўзнялі ў Менску шэраг пытанняў.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» заклікала міністра замежных справаў Германіі Гіда Вестэрвеле запатрабаваць ад беларускіх уладаў падчас візіту ў Менск «неадкладнага мараторыя на смяротнае пакаранне».

Як заявіла ў інтэрв'ю агенцтву DPA генеральны сакратар нямецкага аддзялення «Міжнароднай амністыі» Моніка Люке, кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Германіі павінен таксама заклікаць Менск спыніць арышты мірных дэманстрантаў і цэнзуру ў СМІ.

Шэраг еўрапейскіх арганізацыяў - «Belarus Watch» (Літва), Беларускі дом правоў чалавека ў выгнанні (Вільня, Літва), «Грамадзянская Беларусь» (Чэхія), Фонд «Дом правоў чалавека» (Нарвегія), «Ліберыка - партнёрства ў імя правоў чалавека» (Германія) таксама заклікалі кіраўнікоў МЗС Польшчы і Германіі запатрабаваць ад беларускіх уладаў вызвалення палітвязняў Мікалая Аўтуховіча і Уладзіміра Асіпенкі, скасавання «палітычнага» артыкула 193-1 Крымінальнага кодэкса, правядзення свабодных і дэмакратычных выбараў і спынення ціску на журналістаў.

«Мы заклікаем прадстаўнікоў ЕЗ памятаць пра тое, што апаненты беларускага рэжыму сутыкаюцца з запалохваннем і пераследам, у краіне да гэтага часу ўжываецца смяротнае пакаранне, а свабода слова, свабода асацыяцыі і свабода сходаў увесь час парушаюцца.

Прымаючы пад увагу, што візіты еўрапейскіх палітыкаў паспяхова выкарыстоўваюцца беларускімі ўладамі як знак падтрымкі Лукашэнкі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, мы заклікаем паставіць пытанні дэмакратычных каштоўнасцяў, свабоды і чалавечай годнасці на чале парадку дня падчас кантактаў з афіцыйным Менскам», - кажацца ў заяве.

Свой візіт у Беларусь падчас кампаніі прэзідэнцкіх выбараў Вестэрвеле разам са сваім польскім калегам Радаславам Сікорскім робяць па даручэнні ЕЗ. На перамовах з беларускім міністрам Сяргеем Мартынавым і Аляксандрам Лукашэнкам пасланнікі Еўразвяза маюць намер звярнуць увагу на пытанні свабодных і справядлівых выбараў.

Нямецкае агенцтва DPA нагадвае, што пасля мінулых «махлярскіх прэзідэнцкіх выбараў у 2006 годзе і задушэння акцыяў апазіцыі» ЕЗ вымушаны быў увесці санкцыі ў дачыненні да высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў на чале з Аляксандрам Лукашэнкам.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках