26 снежня 2024, Чацвер, 10:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Апазіцыя назвала спосабы фальсіфікацыі выбараў

81

Кампанія «За справядлівыя выбары» прааналізавала магчымыя шляхі фальсіфікацыі вынікаў галасавання.

Па словах каардынатара кампаніі, старшыні Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргея Калякіна, ёсць чатыры самыя распаўсюджаныя варыянты.

- Па-першае, укідванне бюлетэняў на выбарчых участках у дзень галасавання, што не так ужо і проста зрабіць у прысутнасці шматлікіх людзей. Гэты шлях фальсіфікацыі лягчэй за ўсё прадухіліць, узяўшы скрыню пад кантроль, - адзначае Сяргей Калякін у інтэрв'ю «Заўтра тваёй краіны».

Другі шлях – укідванне бюлетэняў пры галасаванні па-за выбарчымі участкамі.

- Ён патрабуе ад фальсіфікатараў задзейнічаць шмат людзей. Скрыні не вельмі вялікія па аб'ёме, і нават калі набіваць поўную скрыню, гэты шлях можа быць пракантраляваны, што мы і будзем рабіць шляхам суправаджэння асобаў, якія ідуць на дом да грамадзянаў альбо ў іншае месца па-за участкамі для галасавання, - адзначае палітык.

Паводле словаў Калякіна, найбольш папулярны ў фальсіфікатараў трэці варыянт - ўкідванне бюлетэняў у скрыні падчас датэрміновага галасавання.

- У такім выпадку спрацоўваюць два фактары: стымулюецца датэрміновае галасаванне сярод грамадзянаў пэўных катэгорыяў - студэнтаў, вайскоўцаў, проста на прадпрыемствах, калі людзей прывозяць на ўчасткі, а за дзень-два да галасавання адбываецца падмена бюлетэняў у скрынях, - кажа Сяргей Калякін. - Мы сёння маем яскравае пацверджанне ўжывання гэтага спосабу ў выглядзе заявы падпалкоўніка міліцыі Мікалая Казлова, які ў 2008 годзе на выбарчым участку № 43 Старавіленскай выбарчай акругі № 105 зафіксаваў падобны факт, падаў адпаведны рапарт начальніку Галоўнага ўпраўлення ўнутраных справаў Менгарвыканкама. Прайшло два гады, але ніхто не прымае ніякіх мераў.

Чацвёрты шлях фальсіфікацыяў, па словах Сяргея Калякіна, выглядае наступным чынам.

- Гэта калі старшыня камісіі абвяшчае загадзя даведзеныя да яго лічбы вынікаў галасавання без усялякага ўліку і адпаведнасці таму, што знаходзіцца ў выбарчых скрынях, - сцвярджае лідэр «Справядлівага свету». - Вырабляюцца два камплекты бюлетэняў. Частка з іх захоўваецца ў асобным пакоі. А другая - фактычная - складваецца ў зусім іншым месцы. І нават патрабаванне пераліку галасоў, нічога ў гэтым выпадку не дасць.

Каардынатар кампаніі «За справядлівыя выбары 2010» падкрэслівае, што веданне пра механізмы фальсіфікацыі дазволіць рабіць адэкватныя дзеянні, каб іх прадухіліць.

Напісаць каментар 81

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках