26 снежня 2024, Чацвер, 20:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Новые Известия»: Расея і Беларусь афармляюць афіцыйны «развод»

20

Візіт у Беларусь кіраўніка МЗС РФ Сяргея Лаўрова прывёў да новага скандалу.

Упершыню гэткі высокапастаўлены расейскі чыноўнік, знаходзячыся ў беларускай сталіцы, не паразмаўляў з Лукашэнкам, пішуць «Новые Известия».

У Менску міністра замежных справаў РФ Сяргея Лаўрова з моманту яго прызначэння на гэтую пасаду разглядалі як аднаго з самых буйных «лабістаў» Беларусі ў Маскве. Лічылася, што ён, як мог, самаўхіляўся ад удзелу ў інфармацыйнай вайне паміж Масквой і Менскам. Не выпадковым лічыўся і час цяперашняга візіту – у беларускай сталіцы зусім нядаўна пабывалі калегі Лаўрова з Геманіі і Польшчы – Гіда Вестервеле і Радаслаў Сікорскі. Пасля гэтага назіральнікі загаварылі пра заўважны празаходні нахіл у знешняй палітыцы Беларусі. Чакалася, што Сяргей Лаўроў паспрабуе выправіць сітуацыю.

Аднак усё пачало змяняцца яшчэ да пачатку візіту расейскага міністра ў Менск. Раніцай у панядзелак, заслухоўваючы даклад пра План прымянення рэгіянальнай групоўкі войскаў Расеі і Беларусі, Лукашэнка выступіў з рэзкай крытыкай расейскага боку за спробу «перайсці да рынкавых адносінаў у ваеннай сферы». Аляксандр Лукашэнка заявіў, што гатовы абараняць «саюзную дзяржаву», але Расея, у сваю чаргу, павінна дапамагаць яму ў гэтай сферы. Затым кіраўнік прэс-службы беларускага кіраўніка Павел Лёгкі паведаміў журналістам, што сустрэча прэзідэнта Лукашэнкі з міністрам замежных справаў Расеі не прадугледжаная. У выніку Сяргей Лаўроў фактычна стаў першым кіраўніком МЗС РФ, які, прыбыўшы ў Менск, не сустрэўся з кіраўніком Беларусі.

Учора ж раніцай «Інтэрфакс» са спасылкай на сваю ананімную крыніцу ў Крамлі паведаміў, што «сустрэча Сяргея Лаўрова з прэзідэнтам Беларусі не магла адбыцца, паколькі кіраўнік МЗС РФ меў дакладныя ўказанні па гэтым пытанні з боку прэзідэнта Расеі Дзмітрыя Мядзведзева». Такім чынам, атрымлівалася, што ад сустрэчы з беларускім кіраўніком адмовіўся менавіта расейскі бок. З гэтым у выніку пагадзіліся і беларусы. Аднак расейскія і беларускія дыпламаты працавалі так, як быццам нічога не адбываецца. Разглядалі пытанні, звязаныя з дзейнасцю міжурадавых інтэграцыйных аб'яднанняў на прасторы СНД. Сяргей Лаўроў сумесна з беларускім міністрам замежных справаў Сяргеем Мартынавым таксама абмеркаваў праблематыку ўзаемаадносінаў з ЕЗ, хаду падрыхтоўкі да чарговага саміту АБСЕ і, як вынікае з афіцыйных прэс-рэлізаў, «абмяняліся меркаваннямі па найбольш важных пытаннях беларуска-расейскага супрацоўніцтва».

Беларускі палітолаг Андрэй Фёдараў у гутарцы з карэспандэнтам «НИ» выказаў упэўненасць, што ўсё, што адбываецца, «ужо пачатак шлюбаразводнага працэсу паміж Масквой і Менскам». «Саюзная дзяржава дэ-факта не існуе, бакі зараз ідуць да таго, каб пахаваць яе і дэ -юрэ», – падагульніў суразмоўца.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках