26 снежня 2024, Чацвер, 8:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Топ-10 смелых заяваў кандыдатаў у прэзідэнты на БТ

11

У панядзелак, 29 лістапада, на БТ стартуе другое кола тэлезваротаў кандыдатаў у прэзідэнты да выбаршчыкаў.

«Салідарнасць» вывучыла першыя выступы прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка дзяржавы і абрала заявы, ад якіх шэраговы выбаршчык мог быць прыведзены ў шок.

«Абіралі прэзідэнта, а абралі цара, які турбуецца толькі пра сваіх сыноў і як набіць кішэні чыноўнікам»

Першым з кандыдатаў у прэзідэнты ў прамым эфіры беларускага тэлебачання звярнуўся лідэр «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі» Віталь Рымашэўскі. Нечакана для шмат каго ён выступіў упэўнена і жорстка, рэзка раскрытыкаваўшы дзейючую ўладу. Парваўшы партрэты Сталіна і Гітлера, кандыдат даў відавочна зразумець, як ставіцца да дыктатуры.

«Выбараў у нас няма... Выбары плануецца сфальсіфікаваць»

Мікалай Статкевіч выглядаў у прамым эфіры не менш упэўнена і значную частку свайго выступу прысвяціў аповяду выбаршчыкам пра тое, як фальсіфікуюцца вынікі галасавання.

«Лукашэнка стаў звычайным узурпатарам – як правадыры лацінаамерыканскіх хунтаў і афрыканскія дыктатары-людаеды, як дробныя фюрэры накшталт Чаўшэску»

Андрэй Саннікаў, які заняў на гэтых выбар нішу, мабыць, самага радыкальнага апанента Лукашэнкі, надзеі сваіх прыхільнікаў падчас тэлезвароту, выглядае, апраўдаў на ўсё 100%. Цяжка нават узгадаць, калі ў апошні раз Лукашэнка падпадаў на БТ пад такую зневажальную крытыку.

«Часам за мяжой разгаворышся з таксістам, скажаш яму, што ты з Беларусі, і таксіст абавязкова прамаўляе «Лукашэнка крэйзі» і круціць пальцам ля скроні»

Пакуль з экс-намеснікам міністра замежных справаў, які не па чутках ведае норавы ў заходніх і не толькі краінах, ніхто не спрачаўся.

«Трэба проста ўзяць палку і выгнаць свінню са свайго гароду»

Не цяжка здагадацца, што перад гэтай заявай Саннікаў вёў гаворку пра Лукашэнку і апазіцыю. Прыклад сітуацыі са свіннёй кандыдат пазычыў у свайго цесця Трафімыча.

«Да змены ўлады і вызвалення краіны засталося некалькі тыдняў»

Гэтыя аптымістычныя словы Андрэй Саннікаў прамовіў у самым пачатку свайго першага тэлезвароту да выбаршчыкаў.

«Не бойцеся Народнага Фронту. Хто не краў, той не сядзе»

Абяцанне кандыдата ад БНФ Рыгора Кастусёва атрымалася неадназначным – не выключана, што прадстаўнікоў уладаў яно хутчэй спалохала, чым супакоіла.

«У нас краіна салаўёў-разбойнікаў. Вялікія чыноўнікі бяруць шмат, маленькія – менш»

Кандыдат ад АГП Яраслаў Раманчук падчас тэлевыступу заявіў, што зваць на барыкады не збіраецца. Але намякнуў, што ад «хамскіх» чыноўнікаў час пазбавіцца.

«Ён, уласна кажучы, больш нічога не рабіў, толькі дурыў Расею»

Уладзімір Някляеў завяршаў на мінулым тыдні першае кола тэлезваротаў кандыдатаў у прэзідэнты. Як і большасць іншых прэтэндэнтаў, абмінуць ацэнку працы дзеючага кіраўніка дзяржавы ён не мог – прыхільнікі палітыка гэтага б проста не зразумелі.

«Хай у асабістым жыцці ён будзе жывым і здаровым, але не на пасадзе прэзідэнта»

Пад гэтым пажаданнем Уладзіміра Някляева, напэўна, падпісалася б значная частка беларусаў. Паглядзім, што пажадаюць Лукашэнку кандыдаты ў прэзідэнты на гэтым тыдні.

На заканчэнне адзначым, што, на думку палітолага Валера Карбалевіча, рэзкая ацэнка ўлады ў відэазваротах некаторых кандыдатаў выклікала ў яе шок.

– Тое, што ўчора ў «Панараме» практычна 45 хвілінаў размазвалі апазіцыйных кандыдатаў па сценцы, кажа пра тое, што ўлады былі вельмі ўражаныя гэтымі выступамі, – лічыць Валер Карбалевіч.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках