16 лiстапада 2024, Субота, 1:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Радыё Свабода»: Саннікаў сабраў у Горадні самую вялікую аўдыторыю (Фота)

25
«Радыё Свабода»: Саннікаў сабраў у Горадні самую вялікую аўдыторыю (Фота)

Сустрэча адбывалася ў перапоўненай залі Гарадзенскай абласной філармоніі.

Зала разлічаная на 800 месцаў, але праходы ў зале таксама былі перапоўненыя, некаторым нават давялося стаяць і слухаць кандыдата ў прэзідэнты ў фае будынку, паведамляе «Радыё Свабода».

Андрэй Саннікаў прыехаў на сустрэчу ў Горадню з даверанымі асобамі: палітыкам Станіславам Шушкевічам, эканамістам Леанідам Злотнікавым, першым міністрам абароны Беларусі Паўлам Казлоўскім.

Выступ Андрэя Саннікава быў кароткім. Ён казаў пра неабходныя палітычныя рэформы: падзел уладаў, эканамічныя пераўтварэнні – неабходнасць прыватызацыі, развіцця малога і сярэдняга бізнэсу, сацыяльную абарону насельніцтва, адукацыю і ахову здароўя, пенсіі і іншае.

Пры гэтым прыводзіў прыклады таго, як падобныя рэформы адбываліся ў краінах Усходняй Еўропы і заклікаў не баяцца рэформаў.

Адно з першых пытанняў з залы датычыла гістарычных сімвалаў і беларускай мовы, і задаваў яго чалавек, які відавочна не быў прыхільнікам беларускасці. Саннікаў адказаў:

«Мы, беларусы, павінны вярнуць сабе самапавагу, а гэта і ёсць нашыя гістарычныя сімвалі: бел-чырвона-белы сцяг, і герб «Пагоня», і нашая беларуская мова. Паглядзіце на нашых суседзяў – Украіну, Расею, якія вярнулі свае сімвалі, і яны не саромеюцца, а ганарацца гэтым».

Акрамя эканамічных пытанняў, гарадзенцаў цікавіла, як не дапусціць фальсіфікацыі выбараў, гучалі выступы выбарцаў з фактамі таго, як фальсіфікаваліся ранейшыя выбары.

«Мы як ніколі блізка, каб змяніць уладу, і, як тыя, хто піша пратаколы, будуць жыць далей, гэта іх праблемы. Трэба думаць, бо калі чалавек фальсіфікуе выбары, ён робіць крымінальнае злачынства», – адзначыў кандыдат.

Андрэй Саннікаў выказаўся наконт адзінага кандыдата. Ён лічыць, што цяпер сітуацыя, калі альтэрнатыўных кандыдатаў дзевяць, больш выйгрышная, паколькі такімі сіламі яны даходзяць да большай колькасці выбарцаў. Галоўная задача, з яго словаў, усім разам адстаяць перамогу, а таму заклікаў і гарадзенцаў на плошчу ў Менск.

Што датычыць апошняга візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву, дык, на думку Андрэя Саннікава, Крэмль выкарыстаў сітуацыю і, хутчэй за ўсё, падпісаныя дамовы па Мытным саюзе нявыгадныя Беларусі. Але тут ён завастрыў увагу на тым, што беларускі народ не валодае ніякай інфармацыяй пра тое, што робіцца ад яго імя на міжнароднай арэне.

Выказаўся Андрэй Саннікаў і пра ўчорашнія заявы кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Уладзіміра Макея, зазначыўшы, што гэта правакацыя і запалохванне, да якіх у Беларусі даўно ўжо прызвычаіліся.

Сустрэча працягвалася роўна паўтары гадзіны, як і было дамоўлена з кіраўніцтвам Абласной філармоніі. На ўсе пытанні Андрэй Саннікаў адказаць не паспеў, у фае ён яшчэ доўга размаўляў з людзьмі. А вось што казалі выбарцы пра сустрэчу з кандыдатам, калі выходзілі з залі.

Мужчына: «Вельмі добрая сустрэча, кандыдат адказвае талкова, разумна, пераканаўча, хочацца верыць гэтаму чалавеку, і я буду за яго галасаваць».

Іншы мужчына: «Я думаю, ён адзін з найлепшых кандыдатаў».

Жанчына: «Мы адчуваем, што чалавек не проста ірвецца да ўлады, а хоча змяніць гэтую сістэму, ён – шчыры».

Іншая жанчына: «І турбуецца пра пенсіянераў».

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках