15 лiстапада 2024, Пятніца, 20:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Герт Арэнс: Афіцыйныя СМІ занадта шмат увагі надаюць Лукашэнку

19
Герт Арэнс: Афіцыйныя СМІ занадта шмат увагі надаюць Лукашэнку

Місія БДІПЧ АБСЕ падрыхтавала першую прамежкавую справаздачу па выбарчай кампаніі ў Беларусі.

У першай прамежкавай справаздачы доўгатэрміновай місіі назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ кажацца, што, нягледзячы на прынятыя ў Выбарчы кодэкс Беларусі папраўкі, у заканадаўстве захоўваецца «шэраг сур'ёзных праблемаў». Тэкст дакумента апублікаваны на сайце арганізацыі, паведамляе БелаПАН.

Сярод такіх праблемаў эксперты называюць «празмерную ролю прэзідэнта пры прызначэнні чальцоў Цэнтральнай выбарчай камісіі; недастатковую празрыстасць працэдуры вылучэння і прызначэнні чальцоў тэрытарыяльных і ўчастковых выбарчых камісіяў; адсутнасць дэталізаванай працэдуры падліку бюлетэняў; недахоп дакладнага апісання правоў назіральнікаў; адсутнасць патрабавання аператыўнага апублікавання папярэдніх і канчатковых вынікаў падліку галасоў».

У справаздачы адзначаецца, што 5 лістапада ЦВК прыняла пастанову, якая дазваляе палітычным партыям і грамадскім аб'яднанням накіроўваць назіральнікаў ва ўчастковыя камісіі. «Яшчэ адна пастанова прадугледжвае, што назіральнікам неабходна даць «рэальную магчымасць сачыць за падлікам галасоў», але дэталёвыя інструкцыі адносна выканання гэтай пастановы яшчэ павінны быць распрацаваныя ЦВК», — кажацца ў дакуменце.

Старшыня місіі Герт Арэнс распавёў «Еўрарадыё», як праходзіць маніторынг кампаніі і якія заўвагі ўзніклі ў назіральнікаў.

- Колькі назіральнікаў ад АБСЕ працуе зараз і як выглядае іх праца?

- Зараз у сталіцы працуюць 14 доўгатэрміновых назіральнікаў з 13 краінаў АБСЕ. Яшчэ 20 камандаў па два чалавекі працуюць у рэгіёнах. Яны вывучаюць прэсу, праводзяць шмат сустрэчаў.

Я асабіста сустрэўся з 9 альтэрнатыўнымі дзейючаму прэзідэнту кандыдатамі, а таксама старшынём выбарчага штаба Лукашэнкі. Акрамя таго, я правёў сустрэчы з міністрам замежных справаў, старшынёй ЦВК, кіраўніком адміністрацыі прэзідэнта, старшынём Вярхоўнага суда і першым намеснікам Генпракурора, прадстаўнікамі недзяржаўных арганізацыяў.

13 снежня ў Беларусь прыедуць каля 400 кароткатэрміновых назіральнікаў. У дзень выбараў прыедзе і місія Парламенцкай асамблеі АБСЕ на чале з Тоні Лойдам з брытанскай партыі лейбарыстаў. Ён і адкрые прэс-канферэнцыю назіральнай місіі АБСЕ раніцай 20 снежня.

- Як адбываецца маніторынг СМІ?

- Мы праводзім маніторынг найбольш значных СМІ. Мы сочым як за колькасцю зместу пра таго ці іншага кандыдата, так і за яго якасцю: колькі станоўчага і адмоўнага і гэтак далей.

З аднаго боку, кандыдаты адкрыта выяўляюць сябе ў сваіх выступах. Так, спадар Статкевіч вельмі востра пакрытыкаваў урад і прэзідэнта.

З іншага боку, афіцыйныя СМІ вельмі шырока асвятляюць дзеянні прэзідэнта, і непрыемна кажуць пра альтэрнатыўных кандыдатаў. Сёння будзе апошні выступ альтэрнатыўных кандыдатаў па ТБ, а затым асвятленне Усебеларускага сходу, а гэта магчымасць вялікай рэкламы для дзеючага прэзідэнта.

Я буду размаўляць наконт гэтага з кіраўніком Дзяржтэлерадыёкампаніі спадаром Зімоўскім і казаць пра неабходнасць асвятлення дзейнасці і апазіцыйных кандыдатаў, і не толькі ў негатыўным ключы.

- Змест якіх тэлеканалаў і газетаў маніторыцца?

- Газеты, якія ўвесь час маніторыць місія БДІПЧ АБСЕ, — гэта афіцыйныя «Беларусь сёння», «Звязда», «Рэспубліка» і «Народная газета». А таксама прыватныя «Камсамольская праўда», «Народная воля», «Наша Ніва», «Беларусы і рынак».

- Ці эфектыўна выкарыстоўвае апазіцыя пададзеныя ёй магчымасці ў выбарчай кампаніі?

- Праверка сапраўднасці сабраных подпісаў была не асабліва празрыстая. Але ў выніку 10 з 11 прэтэндэнтаў былі зарэгістраваныя кандыдатамі. Апазіцыя падзеленая на вялікую колькасць кандыдатаў, і гэта адрознівае гэтую кампанію ад папярэдняй. Але меркаваць пра палітычную мудрасць таго ці іншага кандыдата не з'яўляецца задачай назіральнай місіі.

- Пасля публікацыі крытычнага дакладу АБСЕ па парламенцкіх выбарах-2008 сакратар ЦВК Мікалай Лазавік заявіў: «На сённяшні дзень прапісаных стандартаў АБСЕ няма. Самі стандарты вар'іруюцца ў залежнасці ад таго, у якой краіне праходзяць выбары». Пра «падвойныя стандарты» БДІПЧ АБСЕ 30 лістапада заявіла і старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. Ці сапраўды стандартаў АБСЕ для правядзення свабодных і справядлівых выбараў няма ці яны адрозніваюцца ад краіны да краіны?

- Гэта заява не новая, часам яе можна чуць і ў іншых краінах. Спецыяльныя інструкцыі АБСЕ па назіранні існуюць, і яны ўтрымліваюць канкрэтныя стандарты. І гэта не проста дакумент, а цэлая кніга. Вызначальным дакументам тут служыць Капенгагенскае пагадненне 1990 года, якое ўхвалілі ўсе краіны АБСЕ, у тым ліку Беларусь. Разам з тым умовы ў краінах адрозніваюцца. Таму для доўгатэрміновых назіральнікаў незалежна ад краіны ёсць спецыяльныя інструкцыі. Вядома ж, АБСЕ мае стандарты, і ніякія яны не падвойныя.

- Вы праводзіце шмат сустрэчаў, у тым ліку з прадстаўнікамі ўлады. Якія праблемы вы ўзнімаеце?

- Два самыя важныя моманты, пра якія я заўсёды кажу, — гэта датэрміновае галасаванне і падлік галасоў. Па першым у заканадаўства былі ўнесеныя пэўныя праўкі, але паглядзім, як гэта адаб'ецца на практыцы.

Па працэсе падліку галасоў змены ў заканадаўства ўнесеныя не былі, толькі рэзалюцыя ЦВК пра тое, што назіральнікі павінны мець доступ. Але я вельмі сумняюся, што гэта стане магчымым. Я працягваю паўтараць на ўсіх маіх сустрэчах: калі зноў будуць сотні дакладаў з ацэнкай падліку галасоў як «дрэннай» ці «вельмі дрэннай», дык нашая заява па выбарах на наступны дзень не будзе станоўчая.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках