15 лiстапада 2024, Пятніца, 16:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праваабаронцы: Беларусаў масава прымушаюць галасаваць датэрмінова

40

У дзяржустановах і на прадпрыемствах працягваецца ціск адміністрацыяў на падначаленых супрацоўнікаў, упэўненыя праваабаронцы.

Паводле дадзеных грамадзянскай кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», ва ўсіх рэгіёнах краіны працягваецца шырокае выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу з мэтай забеспячэння масавага датэрміновага галасавання.

Як заявіў БелаПАН адзін з каардынатараў кампаніі юрыст Валянцін Стэфановіч, назіральнікі з рэгіёнаў інфармуюць, што ў дзяржаўных установах і на прадпрыемствах працягваецца ціск адміністрацыяў на падначаленых супрацоўнікаў, навучэнцаў і студэнтаў для прымусу да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні.

«На спецыяльных сходах у выканкамах ідэалагічныя працаўнікі ўстановаў і арганізацыяў на гэтым тыдні атрымлівалі ўказанні аб неабходнасці забяспечыць максімальна магчымую яўку менавіта на датэрміновае галасаванне. На некаторых прадпрыемствах, як, напрыклад, на Глыбоцкім малочна-кансервавым камбінаце, кіраўніцтва даводзіць да ведама падначаленых, хто канкрэтна павінен удзельнічаць у датэрміновым галасаванні», - сказаў Стэфановіч.

Паводле яго словаў, у некаторых рэгіёнах зафіксаваныя факты, калі на датэрміновае галасаванне заклікаюць не толькі адміністрацыі ўстановаў і прадпрыемстваў, але і непасрэдна чыноўнікі, робячы гэта проста ў працоўных калектывах, а таксама дэпутаты парламента і мясцовых саветаў: «Агітацыя за ўдзел у датэрміновым галасаванні, як правіла, суправаджаецца агітацыяй за дзеючага кіраўніка».

«Разам з тым, 26 лістапада на онлайн-канферэнцыі ў газеце «Камсамольская праўда ў Беларусі» старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына ў адказ на пытанне аб адказнасці чыноўнікаў за прымус да датэрміновага галасавання падкрэсліла, што пры наяўнасці падобных выпадкаў варта звяртацца ў пракуратуру з адпаведнай заявай. Ярмошына патлумачыла, што падобныя дзеянні падпадаюць пад агульны склад адміністрацыйнага правапарушэння «перашкаджэнне свабоднаму волевыяўленню грамадзянаў», за што ў якасці санкцыяў прадугледжаны штраф», - адзначыў юрыст.

Як заявіў Стэфановіч, праваабаронцы гатовыя дапамагаць людзям, якія адважацца заявіць у пракуратуру аб фактах іх прымусу да датэрміновага галасавання.

«Акрамя таго, мы маем намер адкрыць на сваім сайце рубрыку, дзе будзем выкладваць фота і відэа таго, як людзей прымушаюць галасаваць датэрмінова. І хай пракуратура рэагуе на гэтыя выпадкі «па фактах публікацыі ў СМІ», - падкрэсліў праваабаронца.

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках