16 лiстапада 2024, Субота, 8:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вернік арыштаваны за адмову ўзяць у рукі зброю

9

Вернік габрэйска-месіянскай супольнасці «Новы запавет» Іван Міхайлаў прысуджаны да 3 месяцаў арышту.

Як паведамляе сайт «Еўрапейская Беларусь», Іван Міхайлаў прызнаны вінаватым у здзяйсненні крымінальнага злачынства - «за ўхіленне ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу».

Іван Міхайлаў адмовіўся ад праходжання тэрміновай вайсковай службы, бо гэта супярэчыць яго рэлігійным перакананням і запатрабаваў прызначэння яму грамадзянскай (альтэрнатыўнай) службы ў адпаведнасці з арт.57 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, Іван Міхайлаў з'яўляецца старэйшым сынам у шматдзетнай сям'і і робіць істотны ўнёсак у яе матэрыяльнае забеспячэнне.

Патрабаванні Міхайлава не былі пачутыя Міністэрствам абароны, адміністрацыяй Лукашэнкі і іншымі інстанцыямі, да якіх неаднаразова звярталася сям'я Міхайлава. Супраць верніка ўзбуджаная крымінальная справа за «ухіленне ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу» па арт. 435.1 КК РБ, якая прадугледжвае максімальнае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на два гады.

Іван Міхайлаў быў дастаўлены ў суд пад канвоем з СІЗА горада Жодзіна, дзе знаходзіцца з моманту арышту 20 снежня мінулага года.

Паводле інфармацыі грамадзянскай кампаніі «За альтэрнатыўную грамадзянскую службу» пракурор Чараповіч, які прадстаўляў абвінавачванне, у спрэчках бакоў запатрабаваў прызнаць Міхайлава вінаватым у здзяйсненні крымінальнага злачынства па арт. 435.1 КК РБ і прасіў суд ужыць пакаранне ў выглядзе 5 месяцаў арышту.

Адвакат Святлана Гарбаток у сваім выступе неаднаразова спасылалася на арт.57 Канстытуцыі РБ, паводле якога грамадзяне маюць права на праходжанне альтэрнатыўнай службы і гэта права павінна быць ім забяспечана, звярталася да Мадэльнага закона СНД «Аб альтэрнатыўнай (пазавайсковай) службе», сцвярджаючы невінаватасць свайго падабароннага і настойваючы на захаванні яго права на праходжанне альтэрнатыўнай службы. Адсутнасць у Беларусі спецыяльнага закона не можа служыць прававой падставай для парушэння правоў Івана Міхайлава.

Іван Міхайлаў настойвае на тым, што не лічыць сябе вінаватым, што не ўхіляўся ад прызыву і адкрыта настойваў на рэалізацыі свайго канстытуцыйнага права. Іван Міхайлаў настойвае на праходжанні альтэрнатыўнай службы, сцвярджаючы, што не яго віна ў тым, што «парламент» і іншыя адказныя дзяржаўныя ведамствы бяздзейнічаюць у прыняцці закона, накіраванага на выкананне Канстытуцыі.

Тым не менш, суддзя Мініч А.Н. пастанавіў прызнаць Івана Міхайлава вінаватым у здзяйсненні злачынства і ўжыць да яго пакаранне ў выглядзе трох месяцаў арышту.

Рашэнне суда ўступіць у законную сілу пасля абскарджання ў вышэйстаячую інстанцыю.

Іван Міхайлаў мае намер абскардзіць рашэнне суда ў касацыйным парадку ў Менскі абласны суд. Да разгляду справы судом касацыйнай інстанцыі Іван Міхайлаў застанецца ў следчым ізалятары г. Жодзіна.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках