16 лiстапада 2024, Субота, 15:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ВУП Беларусі ў далярах знізіўся на 19%

25
ВУП Беларусі ў далярах знізіўся на 19%

За трыльёнамі беларускіх рублёў улады хаваюць катастрафічнае падзенне эканомікі.

Урад па выніках 2009 года даў справаздачу аб росце ВУП на 0,2 адсотка. Такім чынам, Беларусь нібыта стала адной з дзвюх еўрапейскіх краін, у якіх назіраўся рост эканомікі. У той жа час у Літве, Латвіі і Украіне падзенне валавога ўнутранага прадукту склала каля 20 адсоткаў.

Сакрэт беларускага эканамічнага цуду ў 2009 годзе не даваў мне спакою. Як жа так атрымліваецца? Ва ўсіх суседзяў такое падзенне, а ў нас рост? Бянтэжылі, праўда, афіцыйныя лічбы падзення экспарту на 35 адсоткаў. Бо ўсе беларусы ведаюць, што Беларусь - «экспартаарыентаваная» рэспубліка, і больш за 70 адсоткаў беларускай прадукцыі прызначана на экспарт.

Чытаю дадзеныя эканамічнай статыстыкі ў «Белгазете»: «Намінальны валавы прадукт у 2009 годзе склаў Br136, 8 трлн, тады як у 2008 годзе ВУП у бягучых цэнах дасягнуў Br128,8 трлн. Атрымліваецца, што намінальны ВУП у 2009 годзе вырас на 6,2 адсотка».

Улічваючы інфляцыю, беларускі ўрад, перамножыўшы намінальныя 6,2 адсотка на дэфлятар, аб'явіў пра рост на 0,2 адсотка. Для мяне, напэўна, як і для 99 адсоткаў беларусаў, трыльёны і мільярды беларускіх рублёў гавораць роўна столькі ж, колькі трыльёны і мільярды зімбабвійскіх даляраў, кіргізскіх сомаў ці эфіёпскіх быраў, то бок - нічога не гавораць. І ў гэтым беларусы не вінаватыя, паколькі з улікам некалькіх дэнамінацый беларускі рубель толькі за час праўлення аднаго прэзідэнта абясцэніўся у 11 тысяч разоў.

Узброіўшыся калькулятарам, паспрабаваў перавесці гэтыя незразумелыя нікому лічбы (трыльёнаў беларускіх рублёў) у зразумелыя, то бок у USD. Сярэдні курс аднаго даляра ў 2008 годзе - Br2100, у 2009-м - Br2750. Атрымалася зусім іншая карціна.

ВУП у Беларусі ў 2009 годзе склаў USD49,7 мільярда, калі ў 2008 годзе ён складаў USD61,3 мільярдаў. Атрымліваецца, што ў далярах падзенне беларускага ВУП склала 19 адсоткаў. Вельмі блізка да паказчыкаў Украіны, Літвы і Латвіі.

Ёсць дадзеныя статыстыкі аб вытворчасці ў прамысловасці. У 2009 годзе беларуская прамысловасць вырабіла прадукцыі на Br123, 2 трыльёны, а ў 2008-м намінальны выпуск прадукцыі склаў Br127,5 трыльёны. Нават ў намінальных лічбах падзенне склала 3,4 адсотка. Перамножыўшы гэтыя адсоткі на невядомы дэфлятар (хоць індэкс цэн вытворцаў прамысловай прадукцыі (ІЦВПП) афіцыйна склаў 111,3 адсотка) беларускі ўрад вызначыў падзенне прамвытворчасці ў 2009 годзе чамусьці ў 2,8 адсотка.

Паспрабуем зноў адысці ад быраў і беларускіх рублёў. У 2009 годзе наша індустрыя вырабіла прадукцыі на USD44,8 мільярда, а ў 2008-м - на USD60,7 мільярдаў. У далярах падзенне вытворчасці ў Беларусі склала 26,2 адсотка.

Вядома, мяне абвінавацяць у непрафесіяналізме, у няведанні сапраўднага дэфлятару, але ніхто не пераканае мяне, што 10 мільёнаў беларускіх рублёў інжынера трактарнага завода, якія ляжаць сёння ў беларускім банку - гэта тыя ж грошы, што і ў 2008 годзе. А назіраючы за эквілібрыстыкай лукашэнкаўскага Белстата, узгадваюцца словы з вядомага мультфільма: «А ў папугаях ён жа значна даўжэйшы».

Зміцер Бандарэнка - каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь»

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках