15 лiстапада 2024, Пятніца, 0:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мартынаў: «Мы самі вызначым тэмп пераменаў»

24
Мартынаў: «Мы самі вызначым тэмп пераменаў»

Міністр замежных справаў РБ напярэдадні візіту ў Варшаву заяўляе, што Беларусь не будзе выконваць патрабаванні Еўразвяза аб дэмакратызацыі.

«Самі вызначым тэмп пераменаў» - пад такім загалоўкам польскае выданне «Rzeczpospolita» размеціла інтэрв'ю з міністрам замежных справаў Беларусі Сяргеем Мартынавым.

Як паведамляе «Польскае радыё», першае пытанне, якое задалі польскія журналісты, датычылася шанцаў бесперашкоднай дзейнасці дэмакратычна абранага Звяза палякаў у Беларусі. Як адзначыла польскае выданне, на сённяшні дзень існуюць дзве арганізацыі: адна (на чале з Анжалікай Борыс) прызнаецца Варшавай, а другая (пад кіраўніцтвам Станіслава Сямашкі) - Менскам.

Мартынаў сказаў, што гаворка вядзецца пра беларускую грамадскую арганізацыю, створаную беларускімі грамадзянамі, якія лічаць сябе этнічнымі палякамі. Увосень 2009 года, па словах кіраўніка беларускага МЗС, на з'ездзе старшынём быў абраны Станіслаў Сямашка. І, паводле ацэнкі Мартынава, умяшанне беларускай дзяржавы, а тым больш польскай, у справы СПБ ні да чаго добрага не вядзе. Абедзве арганізацыі самастойна павінны вырашыць свае праблемы, у тым ліку праблемы людзей, якіх не задаволіў выбар уладаў Саюза, заявіў Мартынаў.

«Rzeczpospolita» нагадала, што ў 2009 годзе былі і іншыя выбары, якія прайшлі раней – увесну. Падчас гэтых выбараў старшынёй была абраная менавіта Анжаліка Борыс. Тады некалькі тысячаў чалавек звярнуліся з заклікам да ўладаў Беларусі, каб яны дазволілі спакойна існаваць грамадскай арганізацыі. Па словах Мартынава, кіраўнікі абедзвюх арганізацыяў у такой сітуацыі павінны дамовіцца і не шукаць падтрымкі ў іншых. Урад Беларусі і МЗС не займаюцца гэтай праблемай.

На пытанне пра польска-беларускія стасункі Сяргей Мартынаў адказаў, што абедзве дзяржавы - важныя партнёры. Паводле яго словаў, перад крызісам назіраўся рост гандлёвага абароту, які дасягнуў 3 мільярдаў даляраў. Існуе супрацоўніцтва ў важнай галіне энергетычнага транзіту. Як лічыць Мартынаў, для польскіх бізнэсмэнаў вельмі карысным можа стацца Мытны саюз Беларусі, Расеі і Казахстана, таму што тыя, хто інвестуе ў Беларусі, будуць мець доступ да велізарнага рынка.

12 лютага Мартынаў плануе наведаць Польшчу. Падчас гэтай сустрэчы будзе падпісанае пагадненне аб малым памежным руху. «Rzeczpospolita» пацікавілася, ці існуюць шанцы адмены візаў для польскіх грамадзянаў. Мартынаў адказаў, што паміж дзвюма краінамі існавалі магчымасці ўвядзення бязвізавага рэжыму, але Польшча ўвайшла ў зону Шэнген. Беларусь гатовая да адмены візаў хаця б заўтра, сказаў Мартынаў, але на прынцыпах узаемнасці.

У адказ на пытанне пра выхад Беларусі з міжнароднай ізаляцыі, Сяргей Мартынаў сказаў, што нельга ізаляваць дзяржаву, размешчаную ў цэнтры Еўропы, праз тэрыторыю якой Еўразвяз атрымлівае дзве траціны расейскай нафты - у тым ліку 75% нафты, набытай Польшчай у Расеі, - а таксама 30% газу. Мартынаў выказаў задавальненне больш прагматычным падыходам Еўразвяза, які заўважыў у Беларусі сур'ёзнага партнёра, супрацоўніцтва з якім павінна быць карысным для абодвух бакоў.

Аднак Еўразвяз заклікае Беларусь дэмакратызавацца - нагадала «Rzeczpospolita». Па словах кіраўніка беларускага знешнепалітычнага ведамства, не існуе меркі, пры дапамозе якой можна вымераць узровень дэмакратыі. Як заявіў Мартынаў, магчымы дыялог паміж дзяржавамі, датычны гэтай галіны, і з 2009 года такі дыялог паміж Беларуссю і Еўразвязам вядзецца. Беларускае грамадства фарміруецца, і сёння яно іншае, чым было 5 ці 10 годаў таму, а праз 5 гадоў будзе яшчэ больш іншым, заявіў Мартынаў.

І гэтае развіццё, па словах кіраўніка беларускага МЗС, не будзе залежаць ад патрабаванняў Еўразвяза, але ад уласных запатрабаванняў беларусаў. Мартынаў сказаў, што Беларусь не збіраецца кідацца з заплюшчанымі вачыма ў глыбокую ваду, каб потым было цяжка ўзняцца на паверхню, як гэта здарылася з некаторымі суседзямі.

Сяргей Мартынаў сказаў газеце «Rzeczpospolita», што беларускі ўрад станоўча ацэньвае «Усходняе партнёрства». Гэта цікавая і карысная праграма, істотнай каштоўнасцю якой з'яўляецца стварэнне платформы паглыбленага супрацоўніцтва паміж ЕЗ і Беларуссю, заявіў Мартынаў.

Кажучы пра стасункі з Расеяй, міністр заўважыў, што яны значна шырэйшыя, чым толькі пытанне паставак нафты. Па словах Мартынава, працягваецца таксама будаўніцтва «саюзнай дзяржавы». Грамадзяне абедзвюх дзяржаваў могуць свабодна выбіраць месца жыхарства і працы, могуць свабодна падарожнічаць, карыстацца медыцынскай дапамогай, атрымліваць аднолькавыя пенсіі. Гэта, паводле ацэнкі Мартынава, пазітыўны вынік «саюза».

Адзначым, што ў сувязі з сітуацыяй вакол Польскага дома ў Івянцы, партыя Права і справядлівасць (PiS) звярнулася да міністра замежных справаў Радаслава Сікорскага з просьбай адмяніць візіт Сяргея Мартынава і запатрабавала ўвесці эканамічнае эмбарга супраць беларускіх уладаў.

8 лютага ў Івянцы ў Польскі дом, які належыць непрызнанаму ўладамі Звязу палякаў Беларусі, з'явіліся супрацоўнікі міліцыі і судовыя выканаўцы. Будынак быў акружаны міліцыянтамі. Актывістаў непрызнанага Звяза палякаў з Польскага дома выдалілі з ужываннем сілы.

Звяз палякаў быў расколаты ў 2005 годзе. Частка яго, лаяльная ўладам, з'яўляецца афіцыйна прызнанай. Актывісты непрызнанага ЗПБ на чале з Анжалікай Борыс церпяць пераслед з боку ўладаў.

Міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі абяцаў «пагутарыць па-мужчынску» са сваім беларускім калегам Сяргеем Мартынавым, а кіраўнік Еўрапарламента Ежы Бузек заклікаў Менск «неадкладна спыніць пераследы польскай нацменшасці».

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках