14 лiстапада 2024, Чацвер, 6:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску разагнаная акцыя апазіцыі ў Дзень святога Валянціна (Фота, відэа)

116
У Менску разагнаная акцыя апазіцыі ў Дзень святога Валянціна (Фота, відэа)

Арыштаваныя дзясяткі актывістаў маладзёвых арганізацый. Амапаўцы прымушалі журналістаў выдаляць з фотакамераў здымкі аўтазакаў.

Традыцыйную акцыю ў Дзень святога Валянціна павінны былі правесці 14 лютага ў Менску актывісты арганізацыі «Малады Фронт». У 18.00, калі апазіцыянеры сталі збірацца на плошчы Свабоды, там ужо знаходзіліся дзесяткі супрацоўнікаў АМАПа ў цывільным і форме, у дварах стаялі аўтазакі. Журналіст «Радыё Свабода» сфатаграфаваў адзін з іх. Тады да яго падышлі супрацоўнікі міліцыі і прымусілі выдаліць кадр, заявіўшы, што нельга фатаграфаваць службовы аўтатранспарт.

Як толькі 30 актывістаў «Маладога Фронту» дасталі расцяжкі са словамі «Акцыя любові» і «Малады Фронт», на іх накінуліся супрацоўнікі АМАПа, вырвалі транспаранты і сталі арыштоўваць дэманстрантаў. З ужываннем сілы, збіваючы затрыманых, іх зацягвалі ў аўтобусы за рукі і ногі.

Арыштаваныя намеснікі старшыні «Маладога Фронту» Мікола Дземідзенка, Іван Шыла, Наста Палажанка, лідэр «Маладых дэмакратаў» Міхаіл Пашкевіч і іншыя.

Моладзевыя актывісты, у якіх атрымалася пазбегнуць затрымання, пайшлі да Кафедральнага сабору, скандуючы «Жыве Беларусь!». Людзі спявалі гімн «Магутны Божа». Аднак на іх таксама накінуліся амапаўцы і запіхнулі ўсіх аўтазак. Асабліва жорстка затрымлівалі дзяўчат, якія прышлі на акцыю ў строях анёлаў з крыламі. Прэс-сакратарка «Маладога Фронту» Таццяна Шапуцька пры затрыманні моцна пабілася галавой аб асфальт. Затрыманы таксама вядомы беларускі мастак Алесь Пушкін. Паведамлялася, што былі арыштаваныя ўсяго 25 чалавек.

На гадзіну раней у цэнтры Менска былі затрыманыя лідэр «Моладзі БНФ» Андрэй Крэчка, актывісты арганізацыі Павал Чудук, Антон Койпіш, а таксама сябра партыі «Беларуская Хрысціянская дэмакратыя» Дзяніс Кобрусеў. Яны раздавалі мінакам «валянцінкі», на адным баку якіх было намаляванае сэрца, а на другім напісаны верш Вінцента Дуніна-Марцінкевіча «Трэба кахаць».

Усіх арыштаваных адвезлі ў Цэнтральны РУУС Менска. Іх вызвалілі праз тры гадзіны. Затрыманы Уладзімір Ярамёнак распавёў, што ў Цэнтральным РУУС моладзевых актывістаў паставілі тварам да сцяны. Збіты непаўнагадовы Станіслаў Стэсік. Таццяна Шапуцька таксама атрымала некалькі моцных удараў. Як паведамляе «Радыё Свабода», проста ў аддзяленні міліцыі збілі лідэра «Маладых дэмакратаў» Міхаіла Пашкевіча за тое, што ён заступіўся за Насту Палажанку. Яму разбілі акуляры, а потым адабралі статуэтку, якую ён атрымаў на плошчы як лаўрэат прэміі «Маладога Фронту» «Люблю Беларусь». Амапаўцы пакінулі яе ў сябе.

Фота - «Радыё Свабода», «Наша Ніва»

Напісаць каментар 116

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках