29 снежня 2024, Нядзеля, 17:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Польшча ўвяла санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў (Відэа)

39
Польшча ўвяла санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў (Відэа)

Апоўначы 16 лютага ўступіла ў сілу забарона на ўезд у Польшчу беларускіх чыноўнікам, датычным да парушэння правоў беларускіх палякаў.

Такое рашэнне было прынятае 15 лютага на сустрэчы прэзідэнта Польшчы Леха Качыньскага і міністра замежных справаў Радаслава Сікорскага (ВІДЭА).

Гэтую інфармацыю раніцай 16 лютага пацвердзіў сайту charter97.org першы сакратар амбасады Польшчы ў Беларусі Павал Марчук. Паводле яго словаў, спісы неўяздных беларускіх чыноўнікаў пакуль не агалошваюцца.

Прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі спадзяецца на рашучыя, паслядоўныя і перш за ўсё эфектыўныя дзеянні з боку Еўразвяза, АБСЕ, Рады Еўропы і іншых структураў, каб дапамагчы польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі.

Пра гэта кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі Уладзіслаў Стасяк паведаміў журналістам 15 лютага па выніках сустрэчы Качыньскага з кіраўніком МЗС краіны Радаславам Сікорскім, паведамляе БелаПАН.

Як паведамляе прэс-служба адміністрацыі, Стасяк паведаміў, што бакі абмеркавалі крокі, «якія неабходна прыняць неадкладна». «Нам неабходна прыняць такія меры, якія дарэчныя ў гэтай сітуацыі, і пераканаць нашых партнёраў, што ў сітуацыі не да жартаў і крызіс павінен быць урэгуляваны ў найкарацейшыя тэрміны», — сказаў чыноўнік.

Кіраўнік адміністрацыі адзначыў, што «рэпрэсіі ў дачыненні да польскай меншасці не саслаблі, а актывізаваліся пасля візіту 12 лютага ў Польшчу міністра замежных справаў Беларусі Сяргея Мартынава».

Качыньскі мае намер накіраваць ліст Аляксандру Лукашэнку, дзе паведаміць пра асабістую зацікаўленасць ва ўрэгуляванні сітуацыі. Прэзідэнт Польшчы чакае «пастаяннага інфармавання пра развіццё сітуацыі і дзеянні, якія прыймаюцца беларускімі ўладамі ў дачыненні да нашых суайчыннікаў».

У сваю чаргу кіраўнік МЗС Польшчы заявіў, што «распачаты адлік секундамера да старту негатыўнага сцэнара», паведамляе польская «Gazeta Wyborcza» .

Сікорскі адзначыў, што апоўначы ўступіць у сілу рашэнне польскіх уладаў, якое забараняе ўезд у краіну беларускім чыноўнікам, датычным да парушэння правоў польскай меншасці. Паводле яго словаў, прэзідэнт ухваліў дзеянні ўрада.

Кіраўнік польскага МЗС падкрэсліў, што ў беларускіх уладаў ёсць магчымасць змяніць сваю палітыку. Калі гэтага не адбудзецца, «акно магчымасцяў будзе зачыненае, а супраць Беларусі ўвядуць санкцыі Польшча і ЕЗ».

Як паведамляе прэс-служба польскага ўрада, прэм'ер-міністр Дональд Туск 15 лютага патэлефанаваў кіраўнічцы непрызнанага беларускімі ўладамі Звяза палякаў у Беларусі Анжаліцы Борыс. Ён паведаміў, што знаходзіцца ў пастаянным кантакце са старшынём Еўрапарламента Ежы Бузекам. Туск і Борыс дамовіліся стэлефанавацца 16 лютага.

Прэс-сакратар Туска Павал Грась заявіў, што польскі ўрад чакае адказу на ліст, які быў перададзены кіраўніку МЗС Беларусі Сяргею Мартынаву, пасля чаго «зробіць далейшыя крокі». «Калі адказ не будзе станоўчым, дык магчымыя розныя сцэнары развіцця сітуацыі», — сказаў ён.

Па словах Грася, найбольш эфектыўныя з іх уключаюць дзеянні з боку не толькі Польшчы, але і ЕЗ. Ён адзначыў, што ўрад «шукае эфектыўныя рашэнні, якія будуць дастаткова суровымі для беларускіх уладаў, каб рэпрэсіі спыніліся».

15 лютага беларускімі ўладамі было затрыманае кіраўніцтва Звяза палякаў у Беларусі (ЗПБ) на чале з Анжалікай Борыс.

Борыс аштрафаваная на 30 базавых велічыняў (1 млн. 50 тыс. рублёў), прадстаўнікі кіраўніцтва Анджэй Пачобут, Ігар Банцар і Мячыслаў Яскевіч асуджаныя на пяць сутак арышту за арганізацыю 10 лютага ў Гародні мітынгу ў падтрымку Івянецкай арганізацыі ЗПБ.

Кіраўнічка нефармальнага ЗПБ у Івянцы Тэрэза Собаль абвінавачваецца ў захопе мясцовага Дома палякаў. Пазоў у дачыненні да Собаль падаў старшыня праўладнага СПБ Станіслаў Сямашка.

Усяго 15 лютага ў розных месцах Беларусі было затрымана каля 40 актывістаў ЗПБ, якія накіроўваліся ў суд Валожынскага раёна, каб падтрымаць Собаль.

11—12 лютага кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Мартынаў наведаў Польшчу. Яму быў перададзены ліст, дзе польскі бок паведаміў, што можа зрабіць для Беларусі, калі рэпрэсіі ў дачыненні да польскай нацыянальнай меншасці будуць спыненыя. У выпадку, калі рэпрэсіі не спыняцца, Польшча абяцала ўвесці санкцыі.

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках