16 лiстапада 2024, Субота, 4:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Для атрымання шэнгенскай візы беларусам прыйдзецца здаваць адбіткі пальцаў

19

Адбіткі пальцаў не трэба будзе здаваць дзецям да 12 гадоў, кіраўнікам краін і ўрадаў, а таксама прадстаўнікам афіцыйных дэлегацый.

З 5 красавіка 2010 года для атрымання шэнгенскай візы беларусам давядзецца амаль кожныя 5 гадоў здаваць адбіткі пальцаў. За візу плаціць можна будзе і ў рублях па курсе Еўрапейскага цэнтральнага банка. Пра гэта, як паведамляе «Еўрарадыё», гаворыцца ў візавым кодэксе Еўразвяза.

Адзначым, што новыя правілы не закрануць Вялікабрытанію, Ірландыю і Данію. Затое будуць дзейнічаць у Нарвегіі, Швейцарыі, Ісландыі і Ліхтэнштэйне, якія ў ЕЗ не ўваходзяць.

Так, паводле 13-га артыкула Кодэкса, з паданнем першай пасля 5 красавіка заяўкі на шэнгенскую візу неабходна будзе прадставіць біяметрычную інфармацыю: свой здымак, а таксама лічбавыя адбіткі дзесяці пальцаў. Ад апошняй працэдуры вызваляюцца дзеці да 12 год, кіраўнікі краін і ўрадаў, а таксама прадстаўнікі афіцыйных дэлегацый.

Для атрымання шматразовай візы давядзецца даказаць, што вам неабходна часта наведваць Шэнгенскую зону, пацвердзіць сваё фінансавае становішча і запэўніць, што вы вернецеся на радзіму да заканчэння тэрміну дзеяння візы.

Кошт шэнгенскай візы можа брацца ў еўра альбо ў нацыянальнай валюце згодна з курсам Еўрапейскага цэнтральнага банка, сцвярджаецца ў новых правілах.

Кошт візы: 60 еўра - для старэйшых за 12 год, 35 еўра - для дзяцей ад 6 да 11 гадоў. Для дзяцей да 6 год, а таксама школьнікаў, якія едуць у ЕЗ для вучобы альбо на адукацыйны трэнінг, даследчыкаў і прадстаўнікоў некамерцыйных арганізацый, маладзейшых за 25 год, якія ўдзельнічаюць у семінарах, канферэнцыях, спартыўных, культурных і адукацыйных мерапрыемствах, візы будуць бясплатнымі.

Візавая заяўка мусіць разглядацца не даўжэй за 15 каляндарных дзён, а ў выпадку адмовы консульства павінна абавязкова абгрунтаваць сваё рашэнне. Яго, дарэчы, можна будзе абскардзіць.

Таксама, згодна з 12-м артыкулам Кодэкса, неабходна мець пашпарт альбо іншы дакумент для візы, выдадзены не пазней за 10 гадоў таму. У дакуменце мусяць быць мінімум дзве чыстыя старонкі, і тэрмін яго дзеяння не павінен завяршацца раней за тры месяцы за запланаваную дату вяртання.

Праўда, у надзвычайных выпадках апошняе патрабаванне можа не выконвацца.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках