12 лiстапада 2024, aўторак, 22:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сейм Польшчы заклікае вярнуцца да палітыкі санкцый супраць Лукашэнкі

8

Парламент РП прыняў адмысловую заяву з нагоды рэпрэсій супраць апазіцыі ў Беларусі.

Заява польскага Сейма прысвечаная парушэнням правоў чалавека ў Беларусі. «Радыё Рацыя» падае поўны тэкст заявы:

«Сейм Рэспублікі Польшча асуджае дзейнасць беларускіх уладаў, скіраваную супраць прадстаўнікоў арганізацыі польскай нацыянальнай меншасці і заклікае Беларусь да павагі правоў чалавека і грамадзяніна.

На працягу апошніх месяцаў улады Рэспублікі Польшча зрабілі шматлікія дзеянні, мэта якіх была інтэнсіфікацыя дыялогу з Рэспублікай Беларусь. Вынікалі яны з пераканання, што ў супольным інтарэсе Польшчы, Еўразвяза, але перадусім самой Беларусі, ляжыць у пераадольванні самаізаляцыі, у якой апынулася яна ў выніку аўтакратычных дзеянняў яе ўладаў. У сувязі з новай хваляй рэпрэсій супраць Саюза палякаў Беларусі, а таксама актывістаў гэтай арганізацыі, Сойм РП прытрымліваецца пазіцыі, што варта задумацца аб вяртанні палітыкі санкцый супраць Беларусі.

Сойм РП выказвае ўпэўненасць, што ўзровень супрацоўніцтва Польшчы і ЕЗ з беларускімі ўладамі павінен непасрэдна залежыць ад узроўня выкання грамадзянскіх правоў у Беларусі. Сейм РП выказваецца за прыманне рашэнняў польскімі ўладамі адносна дзеянняў, скіраваных на падтрымку беларускага грамадства, у тым ліку павелічэнне фінансавых сродкаў на дзейнасць СМІ, асабліва тэлеканала «Белсат». Дапамога павінна патрапіць да рэпрэсаваных незалежных ад уладаў грамадскіх арганізацый, у тым ліку Саюза палякаў Беларусі. Заклік Сейму РП з’яўляецца вынікам пераканання, што ўлады Рэспублікі Беларусь сваімі рэпрэсіямі ў дачыненні да арганізацыі польскай нацыянальнай меншасці парушаюць асноўныя чалавечыя і грамадзянскія правы, якія з’яўляюцца фундаментам сучаснай Еўропы. Тым самым улады Беларусі адкідаюць дапамогу ахвяраваную ім да гэтага часу праз Польшчу, а таксама прысуджаюць сябе на далейшую палітычную ізаляцыю.

Нагадаем, што 15 лютага ў розных гарадах Беларусі былі затрыманыя актывісты і кіраўніцтва неафіцыйнага Саюза палякаў у Беларусі (СПБ) на чале з Анжалікай Борыс.

Борыс аштрафаваная на 30 базавых велічынь (1 млн. 50 тыс. рублёў), прадстаўнікі кіраўніцтва Анджэй Пачобут, Ігар Банцар і Мечыслаў Яскевіч асуджаныя на пяць сутак арышту за арганізацыю 10 лютага ў Гародні мітынгу ў падтрымку Івянецкай арганізацыі СПБ.

17 лютага група актывістаў Саюза палякаў у Беларусі разам з Анжалікай Борыс былі паўторна затрыманыя міліцыяй, калі накіроўваліся ў Валожын, каб падтрымаць на судзе кіраўніка Івянецкай арганізацыі СПБ Тэрэзу Собаль.

Лідэр Івянецкай арганізацыі Тэрэза Собаль абвінавачваецца ў захопе мясцовага Дома польскага, у бліжэйшы час над ёй адбудзецца суд. Пазоў падаў старшыня афіцыйна зарэгістраванага СПБ Станіслаў Сямашка.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках