14 лiстапада 2024, Чацвер, 6:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія чыноўнікі: Ніякіх двух саюзаў палякаў няма

11

Упаўнаважаны па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка адмовіўся прызнаваць Саюз палякаў на чале з Анжалікай Борыс.

«У нас няма ніякіх двух саюзаў палякаў. У нас ёсць адна агульная арганізацыя, якая называецца Саюз палякаў на Беларусі і якую ўзначальвае Станіслаў Сямашка», - падкрэсліў Леанід Гуляка, перадае БелТА.

Што датычыць сакавіцкага сходу 2009 года, дык гэта, паводле яго словаў, быў сход так званых прыхільнікаў Анжалікі Борыс, які з часам сталі называць з'ездам. І сёння людзі, сябры СПБ, не разумеюць, пра якія два саюзы (прызнаны і непрызнаны) ідзе гаворка, заявіў чыноўнік.

Адносна сітуацыі ў Івянцы Леанід Гуляка распавёў, што ў адрас яго ведамства ўжо прыйшло 18 лістоў ад чальцоў Івянецкага аддзялення Саюза палякаў, у якіх выраказанае «абурэнне дзеяннямі з боку Анжалікі Борыс і Тэрэзы Собаль, якая ўзначальвала аддзяленне ў Івянцы». Леанід Гуляка адзначыў, што сітуацыя ў дачыненні да Тэрэзы Собаль «вельмі простая».

«Па сутнасці справы, Тэрэза Собаль сама сябе супрацьпаставіла большасці чальцоў саюза, падзяліла іх на набліжаных і ненабліжаных. Калі яна такім чынам павяла сябе напярэдадні з'езду СПБ у верасні 2009 года, узнікла пытанне пра яе знаходжанне ў саюзе, і большасцю галасоў яна была выведзеная з саюза. «А калі чалавек выведзены са складу СПБ, дык як яна можа ўзначальваць мясцовае аддзяленне? - Задаў пытанне Леанід Гуляка. - Сітуацыя вельмі простая: нежаданне Тэрэзы Собаль здаць свае паўнамоцтвы».

Паводле яго словаў, усяго ў Беларусі дзейнічаюць 16 дамоў паляка і сур'ёзных «канфліктных сітуацыяў нідзе не ўзнікала». «Адзін час была Канфліктная сітуацыя ў Баранавічах. Там таксама Анжаліка Борыс спрабавала каламуціць ваду, але мясцовае кіраўніцтва СПБ заняла разумную пазіцыю. Спрабавалі правакаваць сітуацыю ў Барысаве - таксама не атрымалася. Вось і ўсё - засталося адно: каламуцяць у Гародні вакол рэспубліканскага дома СПБ і ў Івянцы. І з гэтых двух пунктаў трэба нейкім чынам зрабіць піяр-акцыі, бо інакш губляецца сэнс», - адзначыў Упаўнаважаны па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў.

Па словах Леаніда Гулякі, ён часта бывае на месцах і, у прыватнасці, сёння паедзе ў Астравецкі раён Гарадзенскай вобласці, дзе сустрэнецца з кіраўніцтвам мясцовага аддзялення СПБ. «Людзі на месцах абураюцца: якія два саюзы? У некаторых раёнах, акрамя як з Інтэрнэту, Анжаліку Борыс нават не ведаюць. Таму што яна там нічога не робіць і толькі ў некалькіх пунктах рэспублікі пачынае каламуціць ваду, што ёй, відаць, выгадна», - адзначыў Гуляка.

Гуляка лічыць недэмакратычным складанне Польшчай чорных спісаў ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў за парушэнне правоў польскай меньшасці.

«Зноў ідзе падзел на сваіх і чужых: гэтыя нам падабаюцца, гэтым можна, а гэтыя не падабаюцца, гэтым нельга. Вось і ўся дэмакратыя. І пра якую дэмакратыю з боку Польшчы ў гэтым плане можна казаць», - сказаў Упаўнаважаны па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў.

Нагадаем, што 8 лютага ў Івянцы (Менская вобласць) у Польскі дом, які належыць непрызнанаму ўладамі Саюзу палякаў Беларусі, з'явіліся супрацоўнікі міліцыі і судовыя выканаўцы. Судовыя выканаўцы прыступілі да вопісу маёмасці. Сам будынак быў абкружаны міліцыянтамі. Актывістаў непрызнанага Саюза палякаў міліцыянты з будынка выштурхалі. Пасля гэтага яны правялі туды нейкага Станіслава Бурачэўскага, які кіруе мясцовым аддзяленнем альтэрнатыўнага (лаяльнага уладам) Саюза палякаў.

Судовае рашэнне пра тое, што польскі дом належыць арганізацыі Бурачэўскага, было прынятае толькі 17 лютага. Дзесяткі актывістаў непрызнанага ўладамі СПБ, якія ехалі падтрымаць Тэрэзу Собаль, былі арыштаваныя па дарозе.

Саюз палякаў быў расколаты ў 2005 годзе. Частка яго, лаяльная уладам, з'яўляецца афіцыйна прызнанай. Актывісты непрызнанага СПБ на чале з Анжалікай Борыс церпяць пераслед з боку ўладаў.

9 лютага паступіла інфармацыя пра тое, што амбасадар Польшчы ў Беларусі Хенрык Літвін адкліканы ў Варшаву ў знак пратэсту супраць пераследу польскай меншасці.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках